Калі пакінуць тэлефон у іншым пакоі хаця б на гадзіну, многія пачынаюць адчуваць турботу, нібы чагосьці не хапае. А звычка гартаць навіны ці стужку перад сном часта заканчваецца тым, што заснуць цяжэй, а сон становіцца павярхоўным. Гэта не проста бытавыя назіранні. Псіхолагі ўсё часцей гавораць аб тым, што пастаяннае ўзаемадзеянне са смартфонам мяняе наш псіхічны стан, і гэтыя змены даўно выйшлі за рамкі простай звычкі. Паспрабуем разабрацца, што менавіта адбываецца з мозгам, калі мы ўвесь час у сетцы, і як можна выбудаваць з тэлефонам больш здаровыя адносіны.
Тэлефон як наркотык: чаму мы не можам адарвацца? Справа ў тым, што стваральнікі праграм і сацсетак добра вывучылі наш мозг. Кожнае новае паведамленне, кожная смешная карцінка або лайк даюць нам маленькую порцыю гармону задавальнення — дафаміну. Наш мозг уладкаваны так, каб шукаць нешта новае і прыемнае. Раней дафамін выпрацоўваўся, калі мы знаходзілі смачны грыб у лесе ці сустракалі сябра. А цяпер ён выдзяляецца кожны раз, калі мы абнаўляем стужку.
Праблема ў тым, што ў рэальным жыцці столькі дафаміну не атрымаць. Звычайная ежа, прагулка ці размова з блізкімі здаюцца сумнымі на фоне яркага мільгання экрана. Мы прывыкаем да хуткага задавальнення і перастаём атрымліваць радасць ад простых рэчаў.
Што адбываецца з тымі, хто «сядзіць» у тэлефоне суткамі:
Трывога і дрэнны сон. Сіняе святло ад экрана падманвае наш мозг. Яму здаецца, што на вуліцы дзень, і гармон сну (мелатанін) перастае выпрацоўвацца. У выніку мы доўга варочаемся, сон становіцца павярхоўным. А чалавек, які не выспаўся, заўсёды больш трывожны і раздражняльны. Атрымліваецца замкнёнае кола: мы бярэм тэлефон, каб расслабіцца перад сном, а ў выніку прачынаемся яшчэ больш стомленымі.
Пракрастынацыя (ці вечнае «зраблю заўтра»). Мы адкладаем важныя справы не таму, што лянівыя. А таму што яны выклікаюць напружанне. Нам страшна пачынаць вялікі праект, пісаць дыплом ці рабіць прыборку. І тут тэлефон прыходзіць на дапамогу як наркотык: хочаш заглушыць страх — пагартай стужку. Гэта працуе як абязбольвальнае, але роўна на пяць хвілін. Потым пачуццё віны вяртаецца, а справа так і не зроблена.
Страта канцэнтрацыі. Калі вы ловіце сябе на тым, што не можаце дачытаць доўгі пост або паглядзець фільм без таго, каб не схапіцца за тэлефон, — гэта яно. Мозг адвыкае засяроджвацца. Яму патрэбна пастаянная змена карцінкі. Чытаць кнігі становіцца сумна, працаваць — цяжка. У выніку мы робім усё павярхоўна і не атрымліваем задавальнення ні ад аднаго занятку.
Асобная тэма — падлеткі. Ім асабліва цяжка. Падлеткавы ўзрост — час, калі чалавек шукае сябе, хоча зразумець, хто ён і як ставіцца да іншых. І тут на дапамогу прыходзяць не бацькі і настаўнікі, а «разумныя» алгарытмы.
Апошнім часам псіхолагі заўважылі небяспечную тэндэнцыю: хлопчыкі-падлеткі ўсё часцей трапляюць пад уплыў блогераў, якія вучаць іх, што жанчына — гэта проста аб’ект, што мужчына павінен быць жорсткім і нікога не слухаць. Такія супольнасці называюць «монасферай».
Чаму гэта небяспечна? У 13–15 гадоў у хлопцаў фарміруецца карціна свету. І калі ім з экрана кажуць адно, а ў сям’і — іншае, яны часцей вераць экрану. Пасля гэтыя хлопцы вырастаюць і не могуць пабудаваць нармальныя адносіны, таму што не ўмеюць дамаўляцца, не ўмеюць спачуваць. Для іх жанчына — не чалавек, а функцыя.
Што ж рабіць? Добрая навіна: мозг можна перанастроіць. Для гэтага не трэба выкідваць тэлефон і з’язджаць у лес. Дастаткова пачаць з малога.
Гадзіна цішыні перад сном. Паспрабуйце прыбіраць тэлефон за гадзіну да таго, як легчы ў ложак. Не чытайце навіны, не гартайце TikTok. Пачытайце папяровую кнігу, пагаварыце з дамашнімі, прыміце ванну. Першыя тры дні будзе ломка і нуда. А потым вы заўважыце, што засынаеце хутчэй і спіце мацней.
Прыбірайце тэлефон са спальні. Купіце звычайны будзільнік. Тэлефон павінен зараджацца не на тумбачцы каля ложка, а ў іншым пакоі. Таму што спакуса зірнуць «адным вокам» у тры гадзіны ночы занадта вялікая. Сачыце за тым, што вы «ясце»... інфармацыйна. Мы ж не ўжываем сапсаваную ежу? Чаму тады мы глядзім навіны, ад якіх нам дрэнна, ці чытаем каментарыі, ад якіх падскоквае ціск? Калі нейкі блогер або канал выклікае ў вас злосць, трывогу ці пачуццё непаўнавартаснасці — адпісвайцеся без жалю. Ваша псіхіка даражэй.
Вучыцеся сумаваць. Гэта гучыць дзіўна, але паспрабуйце часам проста стаяць у чарзе ці ехаць у транспарце без тэлефона. Паглядзіце па баках, падумайце аб нечым сваім. Мозгу патрэбны час, каб пераварыць інфармацыю. Калі вы ўвесь час «корміце» яго навінамі, ён вар’яцее. Дайце яму адпачынак. Размаўляйце з дзецьмі. Калі ў вас ёсць дзеці-падлеткі, не забараняйце ім тэлефон (гэта бескарысна). Але глядзіце разам, на каго яны падпісаны. Пытайцеся: «А што ты думаеш аб гэтым блогеры? Табе не здаюцца яго словы дзіўнымі?» Вучыце іх крытычна думаць. Гэта адзіная абарона ад прамывання мазгоў.
Свет не стане прасцей. Тэхналогіі развіваюцца, і алгарытмы будуць станавіцца яшчэ больш разумнымі. Яны будуць змагацца за нашу ўвагу 24 гадзіны за суткі. Але выбар заўжды за намі. Мы можам альбо плыць па цячэнні і прачынацца праз год з пачуццём, што жыццё прайшло міма, а мы проста гарталі стужку. Або можам узяць сябе ў рукі і ўспомніць, што тэлефон — гэта проста прылада, а не гаспадар нашага жыцця. Пачніце з малога. Прыбярыце тэлефон далей хаця б на гадзіну сёння ўвечары. І прыслухайцеся да сябе. Хутчэй за ўсё, вы адчуеце палёгку.
Псіхолаг Алена Шаўчэнка
Фота: pexels.com