Top.Mail.Ru

«Птушынае царства»: дзяўчына змяніла горад на вёску і развівае птушыную ферму


Птушыны падворак адлівае пер’евым бляскам самых розных адценняў. Мадамамі, паненкамі, багінямі, мадэлямі, птушкамі-«яжмамкамі» — менавіта так з любоўю называе сваіх падапечных Ульяна. Цяпер у яе звыш 200 птушак. Велікодныя куры — пародзістыя прадстаўніцы і гібрыды — нясуць яйкі з натуральна афарбаванай шкарлупінай розных адценняў: ад блакітнага, бірузовага, зелянявага і аліўкавага да ружаватага і цёмна-шакаладнага.

На адвечнае пытанне, што было першым — яйка ці курыца, у Ульяны адназначны адказ. У яе выпадку першым было інкубацыйнае яйка.



Усё пачалося чатыры гады таму з пераезду з горада ў вёску. Новая справа збольшага стала для дзяўчыны тэрапіяй. «У той момант у маім жыцці адбываліся сур’ёзныя асабістыя перамены. Патрабавалася поўная перазагрузка думак. Трэба было знайсці новую кропку апоры. Вясковы прастор даў мне магчымасць спыніцца і аднавіцца пасля чарады падзей, зрабіць выдых, прыслухацца да сябе, а затым — глыбокі ўдых. Першапачаткова птушкагадоўля не планавалася як маштабны праект. Хутчэй, гэта быў унутраны парыў. У мамы на падворку было некалькі курачак, ужо такіх узроставых. Дапамагала ёй, а потым захацелася чагосьці новага і цікавага. Крок за крокам клопат пра птушку стаў для мяне сапраўднай тэрапіяй, а таксама справай, якая дазволіла дасягнуць унутранай раўнавагі і спакою. Цяпер гэта адно з галоўных захапленняў у маім жыцці», — кажа дзяўчына.



Пачынала з нуля, але падыход быў грунтоўны — з вывучэння тэматыкі. Пагрузілася ў літаратуру, вывучала вопыт беларускіх і замежных птушнікаў. Шмат чытала пра розныя пароды птушак, іх перавагі, глядзела відэа, экспертныя блогі. «Для мяне было важна не проста завесці курэй, а зразумець, што такое сапраўдная пародная птушка, якая адпавядае строгім стандартам. Пераглядала сотні запісаў з выстаў, аналізавала працу ацэншчыкаў. Знайсці чыстую лінію і захоўваць яе прыкметы — каласальная праца. За ўвесь час праз мае інкубатары ўжо прайшло больш за дзве тысячы яек», — дзеліцца яна.

Аднойчы ўбачыла, як замежныя птушкаводы атрымліваюць рознакаляровыя яйкі. «Выйшла на кантакт, праз перакладчык задавала пытанні, якія цікавілі. Мне ўсё тлумачылі. Спачатку ўсё здавалася вельмі складаным, але з часам разабралася і ў пытаннях генетыкі і селекцыі. Пачала ствараць каляровыя яйкі», — тлумачыць птушкавод.



Дзяўчына ва ўсім разбіралася сама, хоць яшчэ нядаўна была далёкая ад гэтай тэмы. «Так, у мяне няма профільнай адукацыі, але я паглыбілася ва ўсе пытанні. Калі пачала ўсё вывучаць, мне было максімальна цікава. Ужо чатыры гады займаюся развядзеннем пароднай птушкі», — адзначае яна.

Цяпер у яе гаспадарцы — прадстаўнікі дзевяці парод. У кожнага сямейства — сваё жыллё і ўмовы павышанай камфортнасці.

Практычна ўсё па гаспадарцы Ульяна робіць сама, хоць паралельна працягвае працаваць. Дзяўчына працуе кантралёрам-касірам па графіку два дні праз два. Калі яна на змене, з кармленнем птушак дапамагае мама.



Здараліся і расчараванні, калі чаканні не супадалі з рэальнасцю. Аднак Ульяна не апускала рукі. Дзяўчына перакананая: адмоўны вопыт таксама вучыць. 

«На сёння мой галоўны прынцып: лепш менш па колькасці, але лепш па якасці і пародных характарыстыках», — падкрэслівае птушкагадоўца.

На бліжэйшы год Ульяна паставіла для сябе важную задачу: вывесці развядзенне пароднай птушкі на ідэальны ўзровень. Для гэтага пільна сочыць за новым пакаленнем.



Ульяна адзначае: усё, што ўдаецца зарабіць на птушкагадоўлі, накіроўваецца на развіццё гаспадаркі. «Па сутнасці, гэтых грошай я нават не заўважаю. Некаторыя ў каментарах пішуць, што пры такім падыходзе выходзяць „залатыя яйкі“. Шчыра кажучы, на любімую справу нічога не шкадую і выгады не шукаю», — кажа яна.

Вясковы ўклад і гаспадарка першапачаткова сталі ціхай гаванню для дзяўчыны, але захапленне даўно перарасло ў сур’ёзны натхняльны праект. «Адчуваю сябе абсалютна шчаслівай. Бачу перспектывы для развіцця і дакладна ведаю, што самае цікавае ў мяне толькі пачынаецца», — кажа Ульяна. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю