Музей папоўніўся яшчэ адным «работнікам» мінулым летам. У той перыяд спякота змянілася на пахаладанне і дажджы, таму, як успомніла загадчыца музея сучаснага мастацтва, філіялам КК «Музей Марка Шагала ў Віцебску» Ніна Бабровіч, котка Марсэль (скарочана — Марса) часта прасілася ўнутр. «Да гэтага часу чую выразнае „мяу“, якое суткамі гучала ў адным з праходаў з рэхам. Мы клапаціліся пра яе: давалі адагрэцца, падкормлівалі. Раней яна магла сыходзіць, аднойчы збегла ў суседнюю краму, шукалі яе некалькі дзён», — падзялілася яна.
Пасялілася котка ў выставачнай прасторы, каб пазбавіць вялікую тэрыторыю ад грызуноў, а цяпер сустракае гасцей. Працоўнае месца ў яе — дыванок на рэсэпшэне. «Яна любіць праводзіць там час і сядзіць, як статуэтка. Сама Марсэль вельмі грацыёзная, прыстойная, паводзіць сябе, як сапраўдны навуковы супрацоўнік. Наведвальнікі, асабліва школьнікі, якія прыходзяць да нас з экскурсіяй, вельмі моцна яе любяць. Да таго ж яна і сама прыручаная, ласкавая і не баіцца людзей», — расказала Ніна Бабровіч.
«Марса заўсёды ўсіх аглядае. У яе нават розум нейкі не каціны. Яна разумее, што гэта наведвальнік і праводзіць яго ў выставачную залу. У яе ўсё пад кантролем. Дарэчы, многія ўспамінаюць, што ёсць каты-захавальнікі фондаў у Луўры, Эрмітажы. Яшчэ наша Марса прыцягвае ўвагу сваёй прыгажосцю: у яе густая рыжая поўсць і вялікія бурштынавыя вочы», — дадала наглядчык музея Ала Бурма.
З мянушкай Марсэль звязаная цікавая гісторыя — імя ёй прыдумалі з дапамогай штучнага інтэлекту. «У Марсы на лобіку можна заўважыць абрысы літары „М“. Воляй лёсу наша рудая прыгажуня апынулася менавіта ў выставачнай зале Аляксандра Салаўёва, у якога, на думку некаторых мастакоў, адзін з любімых колераў быў аранжавы. Дадалі ў запыт у ШІ, што трэба ажыццявіць пошук у кантэксце мастацтва, грацыі, пластыкі, творчасці. Ён нам і паказаў на знакамітага французскага міма Марсэля Марсо. Але так як у нас кошка — мы яе называем Марса», — патлумачыла Ніна Бабровіч.
Нядаўна ў Марсы з’явілася нашчадства — чацвёра кацянят — два рудых і два чорных. «Яна нарадзіла, а праз паўгадзіны ўжо заняла сваё працоўнае месца. Аднак краем вуха слухала, як там яе дзеткі. Як толькі яны запішчаць, яна стрымгалоў туды. Пакарміць, супакоіць і зноў на працу. Марса — вельмі адказная мама. Неяк раз занеслі клетку з ёй і кацянятамі на другі паверх музея. Адзін маленькі ўдалец пралез паміж прутамі і выбраўся вонкі. Котка ў страху, што ён можа зваліцца з лесвіцы, так моцна мяўкала — клікала на дапамогу, што мне прыйшлося адкласці свае справы і да іх падняцца. Малы застаўся цэлы. Трое кацянят ужо падраслі, іх забралі работнікі музея. Апошняга таксама ўжо чакае гаспадар», — расказала Ала Бурма.
Такі жывы талісман работнікі музея аберагаюць. «Таму што мы ў адказе за тых, каго прыручылі», — дадала наглядчык музея.