Top.Mail.Ru

Пульманолаг: Рызыка захварэць на пнеўманію вышэй у дзяцей і пажылых людзей

Дзеці да пяці гадоў знаходзяцца ў зоне рызыкі з-за няспелай імуннай сістэмы і анатамічных асаблівасцяў дыхальных шляхоў.
Людзі старэйшыя за 65 гадоў схільныя да рызыкі з-за аслаблення імунітэту з узростам


Рызыка захварэць на пнеўманію вышэй у дзяцей, пажылых людзей і пацыентаў з хранічнымі захворваннямі, расказала ўрач-пульманолаг Аліна Абдуліна, перадае РІА «Новости».

«Найперш у зоне рызыкі знаходзяцца дзеці, асабліва ва ўзросце да пяці гадоў. У іх імунная сістэма яшчэ не цалкам сфарміраваная, і, як правіла, анатамічна ў дзяцей бранхіяльнае дрэва звужанае. Таму яны часта кашляюць, не могуць сплюнуць макроту, што і выклікае ў іх запаленне», — сказала ўрач.

Другая буйная група — людзі старэйшыя за 65 гадоў. З узростам у людзей імунная сістэма слабее, імунітэт зніжаецца, што павышае рызыку інфіцыравання, адзначыла пульманолаг.

«Трэцяя катэгорыя — пацыенты з хранічнымі захворваннямі. У гэты спіс уваходзяць бронха-лёгачныя паталогіі: бранхіяльная астма, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх — ХАХЛ, эндакрынныя парушэнні — цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванні — сардэчная недастатковасць, анкалагічныя захворванні і ВІЧ-інфекцыя», — адзначыла эксперт.

Асобна яна вылучыла пацыентаў, якія працяглы час прымаюць імунасупрэсіўную прэпараты, напрыклад, пасля трансплантацыі органаў або пры лячэнні аўтаімунных захворванняў.


Павышаюць верагоднасць цяжкага цячэння хваробы і шкодныя звычкі.
«Рызыка высокая ў асоб, якія злоўжываюць алкаголем і курэннем. Тытунёвы дым і этанол напрамую пашкоджваюць слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і прыгнятаюць мясцовы імунітэт», — дадала пульманолаг.

Яна адзначыла, што ў залежнасці ад узбуджальніка вылучаюць розныя віды пнеўманіі. Самая распаўсюджаная — бактэрыяльная, яна ўзнікае на фоне ўдыхання бактэрый. Таксама ёсць вірусная пнеўманія — на фоне ўдыхання вірусаў. Грыбковыя і атыповыя пнеўманіі, як правіла, сустракаюцца ў людзей з аслабленым імунітэтам, расказала эксперт.

Пнеўманію ад прастуды адрознівае адсутнасць чаканага паляпшэння

«Асабліва насцярожвае, калі на трэці-пяты дзень хваробы становіцца не лепш, а адчувальна горш. Тэмпература можа зноў павышацца пасля часовага паляпшэння, з’яўляецца выяўленая слабасць», — адзначыла спецыяліст.

Яна рэкамендавала звярнуць увагу на высокую тэмпературу, якая трымаецца больш за тры дні, дыхавіцу або адчуванне недахопу паветра, а таксама на боль у грудзях пры ўдыху. Акрамя таго, насцярожыць павінен кашаль, які ўзмацняецца, пры якім з’яўляецца гной у макроце і пульс у спакоі вышэй за 90 удараў у хвіліну.

У пажылых людзей, пацыентаў з хранічнымі захворваннямі ці аслабленым імунітэтам хвароба можа працякаць непрыкметна.

«Асноўнай праявай могуць быць нарастаючая слабасць, дрымотнасць, зніжэнне апетыту ці зблытаная свядомасць. Кашлю і высокай тэмпературы пры гэтым амаль няма», — папярэдзіла эксперт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю