У самым сэрцы Палесся ў гэтыя дні можна назіраць незвычайную карціну — вадаёмы, якія становяцца чырвонымі. Не, гэта не прыродная анамалія. Усё тлумачыцца проста: у ААТ «Парахонскае» збіраюць буйнаплодныя журавіны. Менавіта ягады, што падымаюцца на паверхню, пакрываюць ваду пурпуровым дываном. Спосаб збору журавін для Беларусі — унікальны. Паведаміла БелТА.
Журавіны — сапраўдная скарбніца вітамінаў: яны ўмацоўваюць імунітэт, абараняюць сасуды і дапамагаюць у прафілактыцы інфекцый. У «Парахонскім» гэты суперфуд вырошчваюць на 80 га. Прыбіраць яго пачалі ў апошнія дні верасня. «Журавіны не пераносяць перасушаных глеб і пераўвільгатнення. Растуць яны на глебах з узроўнем грунтавых вод каля 20–30 см. Заліваюцца чэкі толькі перад уборкай. Ягады збіраюцца, і вада зліваецца назад», — патлумачыў начальнік вытворчага ўчастка «Палескія журавіны» Аляксандр Савіла.

Збор «чырвонага золата» цяперашняй восенню палешукі пачалі крыху пазней, чым летась. На сезон паспявання ягады паўплывала надвор’е, у тым ліку зацяжная вясна. Спецыялісты адзначаюць, што апошнім часам кожны год выдаецца з экстрэмальнымі ўмовамі для раслінаводства: здараюцца зваротныя замаразкі, фіксуецца недахоп вільгаці. Даводзіцца нямала панервавацца.
У Беларусі журавінамі займаюцца некалькі гаспадарак. У Пінскім раёне яны растуць у чэках, а для іх уборкі ўжываюць паўмеханізаваны мокры спосаб. Такога ў краіне няма больш ні ў каго. Перавага — у хуткасці і выгадзе, бо на ручны збор ягад патрабуецца нямала часу, ды і страт значна менш. «Напярэдадні вечарам мы адкрываем шлюзы, заліваем. З раніцы пачынаем працаваць — да вечара чэк ужо прыбраны. На абмалоце ў нас 4–5 трактароў, адна адзінка на транспарцёры для забору журавін з чэка і адзін трактар на адвозе. Нічога складанага», — распавёў начальнік участка.

У вадзе, равучы маторамі, старанна працуюць трактары-амфібіі. Рухаюцца адзін за адным і абмалочваюць кусты з чырвонымі ягадамі. Унутры яны палыя, таму, як паплаўкі, падымаюцца на паверхню. У вадзе за дзень тэхніка праводзіць сем гадзін, таму яе абслугоўванню надаюць асаблівую ўвагу. «Бывае, ланцугі рвуцца. Мы з сабой запасы бяром звычайна і мяняем адразу. Дапусцім, у вадзе зламаўся — адзін аднаму дапамагаем, чынім і далей працаваць», — падзяліўся трактарыст Алег Лаўрэнка.

Працэс уборкі журавін сёлета ён убачыў з іншага боку. Раней адвозіў на сартаванне. Прыйшлося перагледзець і экіпіроўку. «Натуральна, вада трапляе ў кабіну трактара. Таму добра апранаюся, без цёплых шкарпэтак тут ніяк. Абуваю высокія гумовыя боты», — заўважыў мужчына.

Пасля абмалоту журавіны сцягваюць пантонамі бліжэй да берага і па транспарцёры грузяць на прычэп. Наступны этап — сартаванне. На канвееры ягады чысцяць ад лісцікаў, што прыліплі, і травінак, выкідваюць сапсаваныя. Прыгожыя, пругкія і ільсняныя трапляюць у скрыні для рэалізацыі або замарозкі.
Аляксандр Шаламіцкі працуе садоўнікам. На працягу года выконвае розны спектр работ. На сартаванні журавін ён аператар. «Зімой у нас ідзе абрэзка буякоў, прыбіраем лішнія галінкі. Увесну займаемся пасадкамі. Потым пачынаецца ўборка парэчак камбайнам, у буякоў — ручны збор. Следам ідзе ўборка айвы, і тут жа пачынаецца ўборка журавін. Пасля наводзім на плантацыях парадак, займаемся пасадкай. Узімку зноў абрэзка. І так па крузе», — апісаў працэс вясковец.
Сезон пурпуровых водных дываноў працягнецца арыенціровачна да канца кастрычніка. За гэты час у «Парахонскім» маюць намер справіцца са зборам ураджаю журавін. У гаспадарцы культывуюць і іншыя ягадныя культуры. Па кожнай з іх пралічваюць эканоміку. «Сітуацыя падказвае нам крочыць у бок павелічэння плошчаў чорных парэчак. Мы сышлі ад ручной уборкі, набыўшы камбайн. У найбліжэйшай будучыні плануем пасадзіць 30 га чорнай парэчкі і абнавіць пасадкі высакарослых буякоў. Ужо ідзе падрыхтоўка глебы і палёў», — распавёў Аляксандр Савіла.

Паводле яго слоў, попыт на ягады немалы. Напрыклад, у буякоў для пакупніка важны памер ягад і іх смак. Таму ў гаспадарцы нацэлены працаваць з разнастайнасцю гатункаў, вырошчваць ад ранніх да позніх, каб падоўжыць час збору ўраджаю. У чорных парэчках зацікаўлены прамысловыя перапрацоўшчыкі, паколькі гэта натуральны фарбавальнік і араматызатар. Прадавалі іх сёлета і ў розніцу: разышліся як гарачыя піражкі.
У цэлым Брэсцкая вобласць зараз перажывае ягадны бум. Пад сады і ягаднікі ў рэгіёне адводзяць усё больш плошчаў. Гаспадаркі і фермеры займаюцца буякамі, малінай, ажынай, садовай суніцай (клубніцамі), журавінамі, чырвонымі і чорнымі парэчкамі, чарнаплоднай рабінай. Прыглядаюцца і да іншых культур. За гэтай багатай разнастайнасцю стаіць цяжкая праца, каб парадаваць пакупнікоў апетытнай і смачнай ягадай.