У Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна наладжаны добрыя сувязі з калегамі з Расійскай Федэрацыі. Найперш — з Полацкам.
Вось і новы творчы праект — Міжнародны літаратурна-мастацкі конкурс «Мы і Пушкін» віцябляне ладзяць супольна з Пскоўскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкай імя Валянціна Якаўлевіча Курбатава, а таксама з Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-культурным і прыродна-ландшафтным музеем-запаведнікам А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае».
Конкурс праводзіцца ў двух катэгорыях па трох намінацыях. У катэгорыі «Мастацкая творчасць» — у намінацыі «Дзе ступала нага Пушкіна» (стварэнне калектыўнага сямейнага малюнка, прысвечанага мясцінам, звязаным з жыццём і творчасцю Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна) і намінацыі «Маленькія трагедыі» (стварэнне ілюстрацый да аднайменнага цыкла драматычных твораў А. С. Пушкіна). У катэгорыі «Літаратурная творчасць» — у намінацыі «Эсэ літаратурнае» (напісанне эсэ на тэму «Чаму варта прачытаць «Маленькія трагедыі» А. С. Пушкіна?»).
Конкурс віцяблян і пскоўскіх бібліятэкараў праводзіцца ў пярэдадзень 190-годдзя з дня смерці класіка сусветнай паэзіі. Як вядома, Аляксандр Сяргеевіч Пушкін быў смяротна паранены на дуэлі 27 студзеня (8 лютага) 1837 года і пайшоў з жыцця праз два дні. Конкурс скіраваны на вывучэнне біяграфіі паэта, аднолькава дарагога чытачам Расіі і Беларусі, на папулярызацыю творчай спадчыны вялікага мастака слова.
Мікола Берлеж