Прэзiдэнт Расii Уладзiмiр Пуцiн, выступаючы на пленарным пасяджэннi мiжнароднага форуму ў Валгаградзе, сказаў: «Усе мы добра ведаем, якую бязмерна дарагую цану заплацiлi нашы народы за перамогу над нацызмам, якiя каласальныя ахвяры былi прынесены дзеля гэтага. I няма сумненняў, што i ў Расii, i ў Беларусi, ды i ў iншых краiнах будуць заўсёды памятаць урокi гэтай вайны. Галоўны з iх вiдавочны — трэба зрабiць усё, каб супрацьстаяць адраджэнню нацызму, распаўсюджванню разбуральных iдэалогiй русафобii, антысемiтызму, любых форм расiзму, нацыянальнай або рэлiгiйнай нецярпiмасцi. Так званай выключнасцi». Расiйскi лiдар падкрэслiў, што за ўсiм гэтым хаваюцца прэтэнзii на сусветнае панаванне, спробы цiску або ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў.
«I, вядома, важна разам фармiраваць больш справядлiвы шматпалярны светапарадак на прынцыпах павагi iнтарэсаў адно аднаго i права кожнага на ўласную мадэль развiцця. Менавiта на гэтай аснове Расiя развiвае партнёрства з Беларуссю i з усiмi iншымi краiнамi — удзельнiцамi форуму», — заявiў Уладзiмiр Пуцiн. Ён таксама выказаў перакананне, што сусветнай супольнасцi неабходна разам ствараць новую архiтэктуру роўнай i непадзельнай бяспекi, якая б надзейна абараняла ўсе дзяржавы не на шкоду iнтарэсам iншых. «Асаблiва актуальна гэта пытанне стаiць для Еўразii. Наш агульны кантынент павiнен стаць прасторай мiру i стабiльнасцi. Прыкладам устойлiвага эканамiчнага, сацыяльнага i гуманiтарнага развiцця», — падкрэслiў расiйскi лiдар.
Прэзiдэнт Расii лiчыць, што аснова для стварэння такой архiтэктуры бяспекi ёсць. Паводле яго слоў, ёю могуць стаць ужо дзеючыя шматбаковыя формы супрацоўнiцтва: Саюзная дзяржава, АДКБ, СНД, ШАС, БРIКС, АСЕАН i iншыя аўтарытэтныя i ўплывовыя структуры.
«У нашых краiнах шмат робiцца для зберажэння праўды аб Вялiкай Перамозе, у тым лiку пры змястоўным удзеле парламентарыяў», — адзначыў расiйскi Прэзiдэнт. У Саюзнай дзяржаве агульная работа павiнна праводзiцца на пастаяннай i сiстэмнай аснове. У сувязi з гэтым Уладзiмiр Пуцiн прапанаваў стварыць пры Парламенцкiм сходзе камiсiю па захаваннi гiстарычнай памяцi. Паводле яго слоў, галоўнай задачай камiсii стане кансалiдацыя грамадскiх i палiтычных сiл, а таксама грамадзян вакол сумесных праектаў па абароне праўды аб Вялiкай Айчыннай вайне, Другой сусветнай вайне, подзвiгах савецкага народа. У работу камiсii павiнны быць уцягнуты i вядучыя эксперты, i гiсторыкi нашых краiн.
Паводле БелТА