Top.Mail.Ru

Адной з ключавых тэм адзінага дня інфармавання стала харчовая бяспека краіны

Па восені не толькі куранят лічаць. Ужо амаль завершаны ўборачныя работы на палетках. Сёлета і надвор’е, і працоўны настрой, і адказны падыход да справы і тэхналагічнай дысцыпліны паспрыялі вельмі добраму ўраджаю. А значыць, будзе і нам самім на стол што паставіць, і чым іншыя краіны падсілкаваць, зарабіўшы тым самым добрыя грошы. У сваю чаргу моцная сельская гаспадарка — адзін з гарантаў паспяховага выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, якая была зацверджана рашэннем Усебеларускага народнага сходу. Аб гэтых і іншых актуальных тэмах ішла размова падчас адзінага дня інфармавання, які ў чацвер праходзіў у краіне.


Па высокіх і строгіх стандартах

Беларускія тавары, якія славяцца высокімі стандартамі якасці, вядомыя ва ўсім свеце і стаяць на прылаўках элітных аддзелаў крам. Аб гэтым расказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ на сустрэчы з выкладчыкамі і навучэнцамі Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа.

Ключавая тэма гутаркі — харчовая бяспека краіны. У каледжы якраз навучаюць спецыялістаў па рабоце з прадуктамі харчавання, прыгатаванні і падачы страў: будучых кухараў, кандытараў, апрацоўшчыкаў рыбы і морапрадуктаў, афіцыянтаў, прадаўцоў, таваразнаўцаў, тэхнікаў-тэхнолагаў.

Уладзімір Пярцоў адзначыў, што з рабятамі як з прафесіяналамі трэба гаварыць аб тым, які выбар робіць Беларусь: працягваць трымацца тых арыенціраў, на якія абапіраемся апошнія тры дзесяцігоддзі, пакідаючы ДАСТы, стварыўшы сапраўдны беларускі брэнд прадуктаў харчавання, якасных і натуральных, прадаючы іх больш як у 100 краін свету, альбо прыслухоўвацца да нашых так званых заходніх партнёраў, якія свядома адыходзяць ад стандартаў і вырабляюць прадукты, якія не славяцца натуральнымі інгрэдыентамі? Да чаго гэта там вядзе, наколькі гэта смачна і карысна — пытанне рытарычнае.

— Складаны дзяржаўны выбар,які калісьці зрабіў Прэзідэнт. Тады яго нямногія ацанілі. Алігархі ад харчовага бізнесу крычалі і даказвалі, што краіны вакол пайшлі іншым шляхам, што мы прайграем. Але час усё расставіў на свае месцы, і Прэзідэнт меў рацыю. Па нашы прадукты едуць, скупляюць іх. Больш за тое, яны стаяць на прылаўках у элітных аддзелах нават у ААЭ, таму што праходзяць самыя жорсткія сістэмы кантролю і ацэнкі, — прывёў прыклад першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

У беларусаў ёсць магчымасць купляць аднолькава якасныя прадукты ў любых крамах, незалежна ад іх катэгорыі. Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што айчынныя вытворцы ўкладаюць душу ў сваю прадукцыю, прытрымліваючыся строгіх стандартаў. Беларусы ўжопрывыклі да высокай якасці пра-дуктаў харчавання.

Тыя, хто прыязджае ў нашу краіну, робяць для сябе гастранамічныя адкрыцці, адзначаючы натуральнасць і смак айчынных прадуктаў. Такі падыход для дзяржавы патрабуе сур'ёзных тэхналогій, пачынаючы з поля і фермы, строгага кантролю за кожным этапам вытворчасці. Якасная прадукцыя дае не толькі прыбытак, гэта яшчэ і клопат аб здароўі спажыўцоў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў для работы ў галіне.

— Падчас знаёмства з каледжам мяне ўразіла, што рабяты — гэта ўжо гатовыя прафесіяналы. Тыя, хто можа заўтра ўставаць на працоўныя месцы і падаваць стравы і па якасці, і па падачы, і па сервіроўцы, якія адпавядаюць патрабаванням самых, мусіць, вытанчаных рэстаранаў.

Дарэчы, у каледжы юнакоў і дзяўчат навучаюць на сучасным абсталяванні, якое выкарыстоўваецца ўсюды — ад дзіцячых садкоў да дарагіх рэстаранаў. Навучальны працэс інтэграваны ў вытворчасць, выконваючы заказ па падрыхтоўцы запатрабаваных кадраў для прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці.

Віктар ЛЮБІМАЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю