Top.Mail.Ru

Удзельнікаў чэмпіянату па колцы дроў сярод СМІ з кожным годам становіцца больш

І мы там былі. Секлі з пляча! 


Юбілейны V Чэмпіянат па колцы дроў сярод прадстаўнікоў СМІ адбыўся 8 лістапада на маляўнічым беразе вадасховішча Вяча ў Мінскім раёне. Сёлета мерапрыемства аб’яднала рэкордныя 37 каманд з усёй краіны, уключаючы рэгіянальныя выданні, ведамасныя прэс-службы і замежных калег.

На ўрачыстым адкрыцці ўсіх прысутных павітала прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. Яна падзякавала журналістам, што падтрымліваюць трэнд, які калісьці задаў Прэзідэнт. 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама падтрымаў удзельнікаў юбілейнага чэмпіянату асабістым прыкладам. Прысутным прадэманстравалі кадры таго, як кіраўнік дзяржавы разам са сваёй камандай коле дровы на малой радзіме. «Каб журналісты ведалі, што не яны адны працуюць», — заўважыў Прэзідэнт. Пасля завяршэння колкі Аляксандр Лукашэнка распісаўся на тапарышчы і перадаў рабочы інструмент са словамі: «Аддаю сваю сякеру рабочую. Вялікае прывітанне журналістам! Яны малайцы! Гэта выключна ў іх гонар».

Такім чынам, запаветнымі трафеямі для чэмпіёнаў турніру сталі добрая сякера беларускай вытворчасці, якой літаральна за дзень да гэтага калоў дровы Прэзідэнт, і яго рабочыя пальчаткі. 

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў заўважыў, што чэмпіянат па колцы дроў штогод стварае асаблівую атмасферу яднання медыйнай супольнасці ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Да гэтага занятку прадстаўнікоў медыясферы далучыў кіраўнік дзяржавы. «Мы стараемся гэту традыцыю памнажаць і захоўваць. З кожным годам усё больш каманд з рэгіёнаў. Калегі з дружалюбных дзяржаў таксама трэніруюцца, і для іх гэта зусім новы занятак. Яны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах», — сказаў ён. Уладзімір Пярцоў прызнаўся, што і сам раз у месяц, а часам і часцей, коле дровы. «Думаю, у наступным годзе, калі пляцоўка будзе больш, мы абавязкова яшчэ раз збяром каманду кіраўнікоў і пакажам які-небудзь майстар-клас», — сказаў ён. 


Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка прадставіў талісман чэмпіянату. «Мы ганарымся, што менавіта Мінская вобласць стала домам для гэтага цудоўнага турніру, дзе колка дроў — гэта не проста фізічнае выпрабаванне, а перш за ўсё атмасфера свята, заснаванага на нашых традыцыях, — адзначыў ён. — Мы думалі і прыйшлі да высновы, што нам неабходны пазнавальны талісман. Так і атрымаўся бабёр з айчыннай сякерай у лапах. Паводле нашай задумы ён увасабляе працавітасць і прыродную мудрасць».


І вось пачаліся спаборніцтвы. Рэгламент патрабаваў ад кожнай каманды ідэальнай зладжанасці: у складзе выступалі ад 4 да 7 чалавек, уключаючы абавязковы ўдзел як мінімум двух мужчын і дзвюх жанчын. Журналісты змагаліся за перамогу ў некалькіх відовішчных дысцыплінах: «Колка дроў па-прэзідэнцку» — самае прэстыжнае і тэхнічна складанае выпрабаванне на цягавітасць і спрыт, мужчынскі і жаночы індывідуальныя залікі, пераруб бервяна сякерай, а таксама дынамічная эстафета і конкурсы «Адным ударам!» і «Праверка на трываласць!».


Каманда ВД «Звязда» таксама прымала ўдзел у гэтых спаборніцтвах. Для калектыву турнір стаў магутным нестандартным тымбілдынгам пад адкрытым небам: агульная мэта і гарачая падтрымка калег дапамаглі супрацоўнікам раскрыцца з зусім новага боку. Для многіх удзельнікаў гэты вопыт быў унікальным. Напрыклад, сярод членаў каманды была галоўны бухгалтар Таццяна Надзежына. «Калі тата даведаўся, што я паеду на чэмпіянат, праінструктаваў мяне і пажадаў поспеху. Думаю, яго падтрымка і дапамагла мне справіцца з выпрабаваннямі, — падзялілася яна.


Свісткі суддзяў зафіксавалі безумоўную перамогу фаварытаў турніру. Другі год запар абсалютнае золата чэмпіянату заваявала каманда тэлекампаніі «ВаенТБ». Яны і атрымалі сякеру з аўтографам Прэзідэнта.

Для тысяч гасцей і балельшчыкаў, якія прыехалі, разгарнуліся інтэрактыўныя лакацыі, дзіцячыя гульнявыя зоны і выставы народных рамёстваў. Гледачы ахвотна спаборнічалі ў народных забавах: пілавалі бярвёны «На вока» і навыперадкі перацягвалі гружаныя сані з дровамі. Велізарны фудкорт саграваў гасцей гарачай гарбатай, пышнымі дранікамі на вялікіх смажарнях, шашлыкамі і пловам, а разынкай кулінарнай праграмы стала маштабная дэгустацыя прадукцыі Мінскай вобласці. 


Музычны настрой у гэты дзень стваралі ансамблі «Замкавая гара» і «Квінт», а фінальную кропку пад аглушальныя авацыі паставіў Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха.


Лізавета ГОЛАД, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю