Студатрадаўскі рух — гэта магчымасць здабыць новых працоўных таварышаў, якія будуць з вамі на працягу ўсяго жыцця. Такое меркаванне выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў у час урачыстага адкрыцця трэцяга працоўнага семестра — 2025, перадае БелТА.
«Сярод моладзі зараз усё больш папулярным становіцца асвойванне дадатковых прафесій для таго, каб мець заробак у летні перыяд, што немалаважна. Але не толькі новая прафесія і грошы цягнуць вас кожнае лета далучацца да студатрадаўскага руху. Гэта магчымасць здабыць новых працоўных таварышаў, сяброў, якія напэўна будуць з вамі на працягу ўсяго вашага жыцця», — звярнуўся да навучэнцаў Уладзімір Пярцоў.
Ён таксама падзякаваў студэнтам за тое, што яны называюць свае атрады імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія паклалі свае жыцці за мірную і квітнеючую Беларусь. «У гэтым годзе акрамя шматлікіх працоўных, сэрвісных і медыцынскіх атрадаў будзе і адзін асаблівы. Яго ўдзельнікі зоймуцца будаўнічымі работамі па ўзвядзенні галоўнага аб’екта Нацыянальнага гістарычнага музея. Калі музей будзе пабудаваны, вы будзеце прыходзіць туды і ганарыцца тым, што зроблена ў сучаснай Беларусі, ганарыцца нашай гісторыяй, а некаторыя — сваім працоўным укладам у будаўніцтва музея», — упэўнены першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
«Хачу пажадаць вам моцнага здароўя, надзейных сяброў. Няхай гэты летні трэці працоўны семестр пройдзе з максімальнай карысцю для вас і на карысць нашай роднай Беларусі», — сказаў на заканчэнне Уладзімір Пярцоў.