Top.Mail.Ru

У Гомелі далі старт рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці»

Краіна як вялікая сям’я 

У самым сэрцы Гомеля, палацава-паркавым ансамблі, сярод агнёў, музыкі і дзіцячага смеху быў дадзены чарговы старт добрай традыцыі, якая ўжо больш за тры дзесяцігоддзі аб’ядноўвае Беларусь, — рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Акадэмія добрых спраў і першыя журналісцкія крокі

Галоўнай сцэнай свята стала Акадэмія добрых спраў. У гэтай сімвалічнай навагодняй прасторы, што разгарнулася на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, быў адкрыты «навагодні семестр». У прамым эфіры да свята далучыліся ўсе рэгіёны краіны.

Ад Брэста да Віцебска, ад Гродна да Магілёва — мары дзяцей з усёй Беларусі ўвасобіліся ў кнігах Бібліятэкі дабрыні, у якой кожная вобласць была прадстаўлена сваім чароўным фаліянтам.

На свяце Гомельшчыну прадстаўлялі каля 350 дзяцей з усіх куткоў вобласці. Іх аб’яднала не толькі чаканне вялікага свята, вера ў навагоднія цуды, але і жаданне павіншаваць беларусаў з надыходзячымі Новым годам і Калядамі.

— Жадаю, каб усе сустрэлі гэты Новы год у любові і шчасці, каб здзейсніліся самыя запаветныя мары, — ад імя вучняў сярэдняй школы № 1 г. Веткі імя А. А. Грамыкі перадала пажаданні Ганна Бартноўская. 

— Для нас вялікі гонар удзельнічаць у такім свяце. У новым годзе жадаю ўсім беларусам моцнага здароўя, — павіншавала ўдзельніца акцыі, вучаніца сярэдняй школы № 75 г. Гомеля Ксенія Мялешка.

Не толькі паўдзельнічаць у «Практыкуме добрай энергіі» — гульнях з аніматарамі і вясёлымі памочнікамі Ф’ёкамі, — але і правесці свой першы ў жыцці жывы рэпартаж з адкрыцця акцыі «Нашы дзеці» прыехалі ў Гомель школьнікі з Добруша.

— З пачатку года ў нас пачаў працаваць медыяцэнтр. Мы ўдзельнічалі ў конкурсах, а сёння атрымалі першае вялікае і адказнае заданне — амаль у прамым эфіры весці рэпартаж, браць інтэрв’ю ва ўдзельнікаў, — падзяліліся выхаванцы Добрушскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі Вераніка Смірнова і Аляксей Канавалаў. — Жадаем усім беларусам радасці, міру і дабра!

«Дзяржава — гэта вялікая сям’я»

Гасцямі Акадэміі добрых спраў у самым сэрцы Гомеля сталі намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, міністр адукацыі Андрэй Іванец і старшыня Праўлення Беларускага дзіцячага фонду Людміла Кандрашова.

Адкрываючы акцыю, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч падкрэсліла, што ўдзел дзяржавы ў арганізацыі такіх маштабных свят — паказчык высокага ўзроўню развіцця краіны, асаблівай значнасці пытанняў развіцця і абароны дзяцінства.

— Сёння акцыя праводзіцца ўжо ў 31-ы раз. Адной з першых задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы, было стварэнне цэласнай дзяржаўнай сістэмы абароны дзяцінства, аховы мацярынства і вырашэння ўсіх праблем, звязаных з дзецьмі. Калі пачыналася акцыя з падтрымкі дзіцячых дамоў і дзяцей-сірот, то сёння гэта ініцыятыва, якая ахоплівае ўсю краіну, — адзначыла Наталля Пяткевіч.

Як нагадала намеснік Прэм’ер-міністра, у свой час у Беларусі было прынята прынцыповае рашэнне — адыходзіць ад дзіцячых дамоў і развіваць сямейныя формы выхавання. За гэтыя гады колькасць дзяцей у дзіцячых дамах скарацілася ў шэсць разоў, а колькасць саміх устаноў — у пяць. Сёння іх засталося каля дзесяці.

— Новы год — гэта час, калі трэба прыходзіць з падарункамі. Але з падарункамі, якія сапраўды вырашаюць праблемы, — выказала ўпэўненасць Наталля Пяткевіч. — На мой погляд, гэтая акцыя ўжо стала часткай нашай традыцыі, часткай нашай культуры. І, магчыма, мы не заўсёды гэта ўсведамляем, але ёсць яшчэ адна, найважнейшая мэта: падтрымка сямейных каштоўнасцяў. Калі дарослыя і дзеці разам удзельнічаюць у свяце, мы паказваем дзецям мадэль паводзін, фарміруем культуру сумеснага свята — калі яно ствараецца ўсёй сям’ёй, усёй краінай, рознымі пакаленнямі. Гэта, на мой погляд, абсалютна бліскучая ідэя Прэзідэнта — звязаць акцыю «Нашы дзеці» з іншым дзяржаўным праектам, накіраваным на падтрымку пажылых людзей. Тым самым мы яшчэ раз паказваем, што дзяржава — гэта вялікая сям’я, якая клапоціцца аб кожнай катэгорыі насельніцтва, — на важныя пасылы марафонаў дабра звярнула ўвагу намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі.

Па словах Наталлі Пяткевіч не менш важна, як акцыя «Нашы дзеці» зараджае пазітыўнымі эмоцыямі ўсіх незалежна ад узросту — прадстаўнікі рэгіёнаў, кіраўнікі, службовыя асобы выходзяць за межы фармальнасці, становяцца часткай свята, праяўляюць шчырасць і жывы ўдзел.

Тэрыторыя навагодняга цуду

Гомельскую вобласць як тэрыторыю навагодняга цуду на свяце прадставіў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Акцыя «Нашы дзеці», як перакананы кіраўнік Гомельскага рэгіёна, сапраўды, любімая не толькі дзецьмі, але і дарослымі, аб’ядноўвае, робіць людзей бліжэй.

У рэгіёне ў гэтыя перадсвяточныя дні, як падкрэсліў Іван Крупко, падрыхтавана мноства святочных лакацый. Чакаюць дзяцей і іх бацькоў навагоднія ёлкі, рэзідэнцыі Дзеда Мароза, дзе кожнае дзіця можа загадаць жаданне і атрымаць падарунак. Асаблівае месца займае нацыянальны парк «Прыпяцкі» і рэзідэнцыя Дзеда Мароза — прастора, дзе прырода, казка і дзіцячыя мары зліваюцца ў адно цэлае.

Старт далейшым навагоднім мерапрыемствам, тысячам сустрэч, здзейсненым жаданням і новым гісторыям Акадэміі добрых спраў шаноўныя госці акцыі далі, націснуўшы сімвалічную кнопку запуску рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Клопат, які працягваецца штодня

У дзень адкрыцця марафона дабрыні ў Гомелі Наталля Пяткевіч таксама наведала Гомельскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Аб умовах навучання і рэабілітацыі дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця, сучаснымі падыходамі да іх суправаджэння і сацыялізацыі расказала дырэктар установы Марыя Лятошка. 

Так, адным з ключавых кірункаў работы з дзецьмі дашкольнага і школьнага ўзросту тут з’яўляецца выкарыстанне альтэрнатыўных сродкаў камунікацыі — спецыяльных картак, камунікатыўных набораў, так званых «гаворачых кнопак» і іншых дапаможных сродкаў, якія дапамагаюць дзіцяці з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця пачаць камунікаваць, а дарослым — навучыцца яго разумець.

— Для такіх дзяцей камунікацыя — гэта ключ да сацыялізацыі і навучання. Наша задача — падабраць для кожнага менавіта той спосаб зносін, які дазволіць яму быць пачутым, — звярнула ўвагу на ўмовы навучання і рэабілітацыі ва ўстанове намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяна Грыневіч.

Па яе словах, вельмі важна, што ў цэнтры карыстанню камунікатыўнымі сродкамі навучаюць не толькі спецыялістаў, але і бацькоў. Так дзіця можа ўзаемадзейнічаць не толькі з педагогамі, але і дома — з мамай, татам, блізкімі... Бо, як падкрэсліваюць спецыялісты, калі сям’я размаўляе з дзіцем «на адной мове», гэта дае зусім іншы вынік. 

Наталля Капрыленка

Чытайце таксама: Больш за 1 млн дзяцей і 150 устаноў. Як пройдзе акцыя «Нашы дзеці», расказалі ў Мінадукацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю