Беларусь і Азербайджан звязваюць правераныя часам сяброўскія адносіны. Такую думку выказала намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч на адкрыцці Беларуска-азербайджанскага бізнес-форуму ў Мінску, паведамляе БелТА.
Беларусь і Азербайджан заўсёды звязвалі не проста цесныя гандлёва-эканамічныя або палітычныя адносіны — гэта сапраўды правераныя часам дружалюбныя адносіны, адзначыла Наталля Пяткевіч. «Гэта сувязі і супрацоўніцтва, якія правераны і ў добрыя, і ў цяжкія хвіліны. Вельмі важна, калі ёсць такая палітычная і ўрадавая аснова для супрацоўніцтва бізнэсу. Гэта стварае ўмовы для таго, каб на ўсіх узроўнях — і на высокім, і на ўзроўні прадпрыемстваў — адносіны складаліся самым спрыяльным чынам», — падкрэсліла яна.
Двухбаковае супрацоўніцтва сапраўды паспяхова развіваецца, адзначыла намеснік прэм’ер-міністра Беларусі. «Кіраўнікі дзяржаў паставілі перад намі амбіцыйную задачу — выйсці на $1 млрд у нашым тавараабароце. Гэта значыць, што патэнцыял у нас ёсць, але і працы ў нас яшчэ вельмі шмат», — сказала Наталля Пяткевіч.
Сёння Беларусь і Азербайджан могуць ганарыцца шматаспектным міждзяржаўным супрацоўніцтвам, упэўнена віцэ-прэм’ер. Ёсць шмат напрамкаў, якія краіны ўзялі за аснову развіцця адносін: стварэнне сумесных прадпрыемстваў, прамысловая кааперацыя, кааперацыя ў сельскай гаспадарцы.
Эканомікі краін здольныя ўзаемна дапаўняць адна адну, лічыць Наталля Пяткевіч. «Мы пастаўляем шэраг прадукцыі, якой патрабуе Азербайджан: гэта прадукты харчавання, прадукцыя дрэваапрацоўкі, машынабудаванне, тавары хімічнай і фармацэўтычнай галін і іншыя. З іншага боку, ёсць шэраг відаў прадукцыі, якія нам неабходны ад нашых партнёраў у Азербайджане: гэта не толькі смачная садавіна, арэхі, віно, каньяк, але і палімерная сыравіна і гэтак далей, — заўважыла яна. — Сёння ў нас ужо ёсць сумесная вытворчасць па зборцы трактароў: мы вырабляем на аснове машынакамплектаў нашага МАЗа розныя віды тэхнікі, і гэтую лінейку мы будзем пашыраць».
Наталля Пяткевіч дадала, што ў рамках выставы «Белагра» азербайджанскім калегам паказалі, чым прырасло машынабудаванне Беларусі. «Мы разлічваем на больш шырокае распаўсюджванне нашай прамысловай кааперацыі», — сказала віцэ-прэм’ер.