Top.Mail.Ru

Пяткевіч: Нягледзячы на санкцыйны ціск, у Еўропе ёсць людзі, з якімі можна весці канструктыўны дыялог

Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч сустрэлася з ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Люцэрне (Швейцарыя) Германам Александэрам Беелерам.


«Дзякуй, што вы чарговы раз прыехалі ў нашу краіну. Хачу выказаць вам удзячнасць за вашу смеласць, таму што такіх, як вы (хто, нягледзячы на ўвесь націск, застаўся побач з намі), мякка кажучы, няшмат. Гэта сапраўды вельмі дарагога варта і мы гэта цэнім», — адзначыла Наталля Пяткевіч. Як паведаміла БелТА, віцэ-прэм’ер асобна падзякавала Герману Александэру Беелеру за дапамогу ў розных сферах, у тым ліку ў тым, што было прынята станоўчае для Беларусі рашэнне па лініі FІS (Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і снаўборда прызнала рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) дазволіць беларускім і расійскім спартсменам выступаць на міжнародных турнірах у нейтральным статусе. — «Зв.»).

Намеснік Прэм’ер-міністра адзначыла зацікаўленасць у паглыбленні супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя, перш за ўсё ў галіне фармацэўтычнай прамысловасці, а таксама ва ўзаемадзеянні ў сферы культуры, у тым ліку ў галіне дызайну. «Вы заўсёды ствараеце шмат цікавых ідэй. Мы зможам усё сёння і ў далейшым абмеркаваць», — адзначыла Наталля Пяткевіч, дадаўшы, што перспектыўным кірункам двухбаковага бізнес-супрацоўніцтва можа стаць адкрыццё рэстарана.

Герман Александэр Беелер падзякаваў за магчымасць сустрэчы і адзначыў, што выконвае абавязкі ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі з 2019 года. «Гэта вельмі вялікі гонар для мяне. З задавальненнем прыняў гэту пасаду», — сказаў ён, дадаўшы, што бачыць шмат кірункаў для сумеснай работы, гатовы і далей рабіць свой унёсак у развіццё ўзаемаадносін. Тым больш што Беларусь не чужая для яго краіна

Падчас цяперашняга візіту Герман Александэр Беелер пабываў у Віцебску. Таксама ў яго шырокая праграма сустрэч у Мінску. У прыватнасці, у Савеце Рэспублікі з ганаровым консулам сустрэўся старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік. Напярэдадні госць наведаў Віцебскую вобласць, азнаёміўся з работай устаноў рэгіёна, даў высокую ацэнку ўзроўню тэхнічнай аснашчанасці і кампетэнтнасці беларускіх спецыялістаў ва ўстановах аховы здароўя Віцебшчыны. Падчас сустрэчы ганаровы консул адзначыў, што поўнасцю падтрымлівае ўнутраную і знешнюю палітыку, якую праводзіць Аляксандр Лукашэнка, яго «прынцыповасць і смеласць у прыняцці рашэнняў, чым могуць пахваліцца далёка не ўсе еўрапейскія палітыкі, удзяляючы больш часу размовам, чым канкрэтным дзеянням», — цытуе швейцарскага госця прэс-служба Савета Рэспублікі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю