«Краіна ў нас кампактная, але яна такая розная, нават унутры адной часткі. У нас розная культура быту, уладкаванне домаўладанняў, розныя традыцыі. Гэта на самай справе вельмі здорава, — сказала Наталля Пяткевіч. — І добра, што Дні беларускага пісьменства праводзяцца ў розных гарадах, у розных кутках краіны, дзе мы можам Дзень беларускага пісьменства, беларускага слова, беларускай літаратуры і паэзіі пачуць крыху па-іншаму. У мінулым годзе мы былі ў Гродне, сёння ў Касцюковічах, і кожны раз у свяце ёсць сваё адценне».
І што немалаважна, падкрэсліла Наталля Пяткевіч, любоў да літаратуры, друкаванага слова перадаецца моладзі. «Сёння мы бачым беларускіх маладых аўтараў, якія ўносяць новыя традыцыі, свае адценні. Самае галоўнае, што яны прадаўжаюць усё гэта, ім цікава, — адзначыла яна. — Відаць, што ўсе намаганні, якія прыкладаюцца дзяржавай па стымуляванні, тыя магчымасці, якія даюцца для таго, каб яны стваралі, — прыносяць свой плён. Пачынаючы ад адукацыі, заканчваючы матэрыяльнай падтрымкай пры выданні. Такімі стымулюючымі мерамі выступае і гэта свята».
Беларусы шануюць свае карані, традыцыі, мову, і так адносяцца не толькі да сваёй культуры і гісторыі. Такія адносіны сфарміраваліся гістарычна. «Наша найвялікшае дасягненне — гэта свабода выбару. Кожны чалавек можа размаўляць і на беларускай мове, і на рускай мове, і на любой іншай. Наша краіна — мультыканфесійная. Мы заўсёды прымаем людзей з адкрытай душой і сардэчна. Можа, і гэта прадвызначыла нашу такую лаяльнасць да таго, на якой мове вы гаворыце, якой рэлігіі, — сказала Наталля Пяткевіч. — Самае галоўнае — тое, што ў душы».
Наталля Пяткевіч таксама падкрэсліла, што рашэнне праводзіць такое вялікае рэспубліканскае свята, як Дзень пісьменства, у невялікіх гарадах — рашэнне правільнае. «У гэтым выпадку скажу як член урада з эканамічнага пункту гледжання. У свой час кіраўнік дзяржавы, калі даў старт „Дажынкам“, — гэта ж быў спосаб прывядзення ў парадак кожнага населенага пункта, дзе было гэта свята. І вось мы такімі святамі, як „Дажынкі“, Дзень беларускага пісьменства, „Вытокi“, па сутнасці, выраўноўваем умовы жыцця, арганізацыі адпачынку, — адзначыла яна. — Таму такія святы трэба праводзіць вось у такіх невялікіх гарадах. Гэта надае асаблівую каштоўнасць. Нават з-за таго, што горад кампактны, усё будзе адчувацца значна ярчэй».