У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Юрый Селівёрстаў, прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, надзелены паўнамоцтвамі віцэ-прэм’ера па пытаннях адносін з Расіяй. Ён будзе таксама па сумяшчальніцтве з’яўляцца паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры Эканамічным савеце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, спецыяльным прадстаўніком Беларусі па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД і АДКБ.
«Кадравых рашэнняў у нашага Прэзідэнта ніколі выпадковых не бывае, яны глыбока прадуманы. Кадравае рашэнне, у дадзеным выпадку ў дачыненні да Юрыя Міхайлавіча (Селівёрстава. — Заўв. БелТА), — гэта тое, што дыктуе цяперашні час», — сказала Наталля Пяткевіч, прадстаўляючы дыпламатам новага кіраўніка дыпмісіі. Яна адзначыла спалучэнне ў Юрыя Селівёрстава найвышэйшых дзелавых і чалавечых якасцяў.
«Упэўнены, што даручаны мне калектыў нашу краіну не падвядзе. На самай справе, вядома, задач шмат, бо ўсё вельмі хутка мяняецца. Да гэтага ўсім трэба падладжвацца, дзесьці працаваць на апярэджанне. Для гэтага тут ёсць дыпламаты, каб выкарыстоўваць свае навыкі. Думаю, што ў нас усё атрымаецца», — сказаў Юрый Селівёрстаў.