Пяць гарадоў Брэсцкай вобласці прымуць трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, паведамілі БелТА ў Галоўным упраўленні па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Рэгіянальны этап пройдзе з 12 па 16 студзеня. У ім будуць спаборнічаць навучэнцы 8-11-х класаў, якія сталі прызёрамі другога этапу рэспубліканскай алімпіяды.
Старшакласнікі вызначаць знаўцаў па 18 прадметах. У прыватнасці, у Баранавічах пройдуць іспыты па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, гісторыі і грамадазнаўстве. У Пінску маладыя людзі паспаборнічаюць у веданні інфарматыкі. Базу Кобрына выбралі для алімпіяды па працоўным навучанні. У Маларыце збяруцца лепшыя знаўцы матэматыкі. У Брэсце правядуць алімпіяду па фізіцы, астраноміі, хіміі, біялогіі, геаграфіі, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай мовах, а таксама па фізкультуры.
Непасрэдна туры пачнуцца з 13 студзеня. У залежнасці ад прадмета яны могуць быць тэарэтычнымі, практычнымі, эксперыментальнымі, мультымедыйнымі. Найбольшае прадстаўніцтва ў «матэматыкі» — больш за 100 чалавек. Менш за ўсё ўдзельнікаў будуць спаборнічаць у веданні кітайскай і іспанскай моў.
Работы навучэнцаў будуць ацэньваць каля 180 спецыялістаў. У склад журы ўвайшлі выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Баранавіцкага і Палескага дзяржуніверсітэтаў, настаўнікі з высокім узроўнем кваліфікацыі.
Па выніках рэгіянальнага этапу каля 430 удзельнікаў узнагародзяць дыпломамі. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Брэсцкую вобласць прадставяць каля 200 старшакласнікаў.