Старт злёту будзе дадзены на плошчы Герба і Сцяга ў Віцебску, дзе адбудзецца акцыя «Сімвал адзінства». Упершыню яна пракацілася па рэгіёнах краіны ў 2021 годзе, з таго часу каманда патрыётаў не аднойчы пабывала ў кожным са 118 раёнаў Беларусі. Падчас цяперашняй сустрэчы ў горадзе над Дзвіной арганізатары перададуць прадстаўнікам раённых структур РГА мяшэчкі, напоўненыя зярнятамі. Сімволіка заключаецца ў тым, што як адзінокае зярнятка не дасць ураджаю, так і адзінокі чалавек мала што можа. Толькі разам мы сіла, здольная прыносіць плён.
Як расказаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Бабічаў, злёт працягнецца аўтапрабегам па цэнтральных вуліцах Віцебска, а абласная бібліятэка імя У. І. Леніна стане пляцоўкай адкрытай кафедры «Патрыёты Беларусі. Захаваем гісторыю разам».
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сярод якіх — Ірына Астапенка, Уладзімір Бабічаў і Руслан Шкодзін, а таксама намеснік старшыні праўлення таварыства «Знание» Наталля Ткачова разам з аўдыторыяй будуць разважаць аб ролі грамадскіх арганізацый у аб’яднанні беларусаў, псіхалагічных інфармацыйных атаках на насельніцтва, інструментах ідэалагічнай работы па захаванні гістарычнай памяці і праўды.
У рамках злёту будзе дадзены старт марафону дабрачыннай акцыі «Рэспубліканская Ёлачка жаданняў»: сфарміраваныя падарункі адправяцца да адрасатаў у розныя ўстановы. Завершыцца вялікае мерапрыемства тэматычым канцэртам «Код ДНК» і цырымоніяй узнагароджвання актывістаў грамадскага руху.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.