Сёлета ў праграме фестывалю адмысловыя канцэрты, якія адбудуцца на розных пляцоўках сталіцы з 13 па 17 красавіка. Далучыцца да іх можа кожны.
Протаіерэй Фёдар Поўны, кіраўнік Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу «Храм-помнік у гонар Усіх Святых у памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі», падкрэсліў:
— Штогадовае правядзенне фестывалю стала добрай музычнай традыцыяй: справы павінны ўслаўляць Уваскрослага Госпада. У нацыянальнай беларускай культуры Вялікдзень — свята святаў і ўрачыстасць з урачыстасцяў. Уваскрэсенне Хрыстова — дамінанта, сэнс і мэта хрысціянскай веры і жыцця. Калі Уваскрэсенне Хрыстова стане дамінантай думкі і прычыны нашых спраў, то ўзнікне ва ўсім гармонія і ўстойлівасць. Прыемна, што праект праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры і Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Удзячны, што Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі ўзяла на сябе арганізацыю гэтага цудоўнага праекта. Ну а наш прыход у гонар Усіх святых і Храм-помнік як нацыянальны мемарыяльны комплекс усяляк садзейнічае добраму пачынанню і верыць, што ўсе ўдзельнікі фестывалю шчырыя ў сваёй творчасці.
Протаіерэй Фёдар Поўны заклікаў мінчан сачыць за афішамі Велікоднага фестывалю і далучацца да мастацтва, каб развіць добры густ і ўзняць агульную культуру. Бо тым, хто выступае, патрэбна падтрымка. Велікодны тыдзень прынята прысвячаць чамусьці больш высокаму, чым штодзённасць, — добрым справам, зносінам з блізкімі, радасным узвышаным мерапрыемствам, да якіх з упэўненасцю можна аднесці і Велікодны фестываль у горадзе Мінску.
Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Куракіна паабяцала: будуць прадстаўлены лепшыя маладыя музыканты, цікавыя эксперыменты і творы маладых кампазітараў, якія прагучаць упершыню. І як жа без харавых спеваў у святочны тыдзень?..
Фестываль праходзіць у Мінску па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Уваход на ўсе канцэрты вольны (але па папярэднім запісе).
Ларыса ЦІМОШЫК