Top.Mail.Ru

Пяць медалёў заваявалі беларусы на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ

Узнагароды за ўпартасць і майстэрства

Айчыннае веславанне на байдарках і каноэ планку не зніжае. Нягледзячы на ўсе выклікі і складанасці, нашы спартсмены працягваюць трымаць высокі ўзровень майстэрства і на міжнародных стартах не губляюцца. Усе ў гэтым упэўніліся на нядаўнім чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ, які прайшоў на мінулым тыдні ў Мілане.

Беларускія весляры заваявалі пяць узнагарод. Чэмпіёнкай свету па веславанні на каноэ стала Вольга Клімава. Яна ўпэўнена, не пакінуўшы саперніцам шанцаў, прайшла самую доўгую дыстанцыю — 5 кіламетраў — за 26 хвілін і 20 секунд. Для Вольгі гэта ўжо трэцяе «золата» чэмпіянату свету на дадзенай дыстанцыі, раней яна перамагала на 5 кіламетрах у 2019 і 2021 гадах.

Таксама Вольга Клімава разам з Ангелінай Барданоўскай, Вікторыяй Несцярэнка і Лізаветай Прымак занялі другое месца на дыстанцыі 

500 метраў сярод каноэ-чацвёрак. Беларускі саступілі толькі саперніцам з Венгрыі, тройку замкнулі прадстаўніцы Кітая. На гэтай жа дыстанцыі ў мужчынскім фінале каноэ-чацвёрак Ілья Верашчака, Станіслаў Савельеў, Уладзіслаў Палешка і Данііл Верашчака сталі бронзавымі прызёрамі.

Юлія Трушкіна і Іна Нядзелькіна заваявалі сярэбраныя медалі на 200-метровай дыстанцыі ў спаборніцтвах каноэ-двоек.

Не засталіся без медалёў і байдарачнікі. Дакладней, байдарачніцы. У фінале жаночых байдарак-чацвёрак на дыстанцыі 500 м нашы Маргарыта Ткачова, Уладзіслава Скрыганава, Іна Саўчук і Надзея Кушнер паказалі трэці вынік.

З паспяховым выступленнем на чэмпіянаце свету зборную па веславанні на байдарках і каноэ павіншаваў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка: «Пяць медалёў сусветнага форуму — заслужаная ўзнагарода за ўпартасць, зай-здроснае майстэрства і штодзённую сумесную працу кожнага спартсмена і трэнера. Нашы весляры чарговы раз парадавалі балельшчыкаў у роднай Беларусі, прадэманстраваўшы свой найвышэйшы ўзровень і давёўшы, што займаюць годнае месца сярод лідараў планеты ў гэтым відзе спорту».

Беларускія весляры выступалі на чэмпіянаце свету ў Мілане 10 гадоў таму. Тады, у 2015-м, нашы спартсмены заваявалі чатыры залатыя медалі. Вынік лепшы. Аднак будзе не вельмі карэктным параўноваць той вынік з дасягненнямі гэтага года: часы былі зусім іншыя. Дзесяць гадоў таму спартсмены спакойна трэніраваліся, набіраліся спаборніцкай практыкі на розных міжнародных стартах, выступалі на сваіх лодках і былі ўпэўнены ў тым, што ніякія палітычныя пытанні ім не перашкодзяць спакойна рабіць сваю працу. Сёння ж усё роўна наадварот. Весляры выступаюць на чэмпіянаце свету ў нейтральным статусе і на арэндных лодках, што добрага настрою ім не дадае. Але апускаць рукі і скардзіцца на абставіны яны не прывыклі. «Скажу так: добра, што ў прынцыпе ў нас ёсць лодкі. Мы загадзя звязваліся з людзьмі, якія гатовыя нам іх даць і заказвалі. Тут трэба мець узважаны падыход. У некаторых лодках не хапае па 2-3 кг, даводзіцца неяк удасканаліць іх. Аднак мы выходзім з сітуацыі. Жаданне заўсёды рухае горы. Калі чалавек перажывае за агульную справу, ён усё зробіць для асноўнага старту», — адзначаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 5» старшы трэнер жаночай зборнай па веславанні на байдарках Аляксандр Мызгін.

Сваім выступленнем у Мілане спартсмены словы трэнера пацвердзілі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю