Унікальную археалагічную знаходку выявіў жыхар Жлобіна Мікалай Молаткаў. Падчас адпачынку на сваёй малой радзіме ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці ён выцягнуў з ракі Проні ляпны гаршчок, якому, як высветлілася пазней, не менш за пяць тысяч гадоў. Пра гэта паведамляе раённая газета «Новы дзень».
Мікалай Молаткаў расказаў, што ў дзяцінстве часта купаўся ў Проні і знаходзіў на дне бітыя гаршчкі, якія мясцовыя называлі «чугункамі». У ліпені гэтага года ён зноў натрапіў на такі посуд, але на гэты раз амаль цэлы і вельмі вялікі. Выцягнуўшы знаходку на бераг, мужчына зразумеў, што яна вельмі старая. Жлобінскі краязнаўца Аляксандр Пішчала параіў звярнуцца да археолагаў, і гаршчок перадалі ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі.

У канцы жніўня на месца знаходкі прыбыла экспедыцыя інстытута. Навукоўцы ўстанавілі, што посуд знаходзіўся ў яме глыбінёй да трох метраў, заваленай бярвеннем. Як адзначыў навуковы супрацоўнік Алег Вараненка, гэта ляпны гаршчок амаль ідэальнай захаванасці канца неаліту — пачатку бронзавага веку. Такіх артэфактаў у краіне налічваецца адзінкі. Звычайна пры раскопках археолагі знаходзяць толькі фрагменты, з якіх рэдка ўдаецца сабраць цэлую форму посуду.
Ягор ЧУРЫК