Top.Mail.Ru

Пяцьсот юнакоў і дзяўчат ужо сталі студэнтамі рэгіянальных ВНУ

Прыёмная кампанія ў краіне стартавала з падачы дакументаў пераможцамі ўніверсітэцкіх алімпіяд. І на сёння шмат адораных і матываваных абітурыентаў залічаны ў шэрагі студэнтаў абласных універсітэтаў.



У такіх выпадках кажуць: «З пачынам!» Важна, што першай у спісы студэнтаў беларускіх ВНУ залічана менавіта гэта катэгорыя паступаючых. Радуе і тое, што такіх абітурыентаў сёлета стала на 30 % больш, чым летась. Найбольш пераможцаў алімпіяд залічана ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт...

Яшчэ адна перспектыўная катэгорыя абітурыентаў — мэтавікі — 4 ліпеня пачала здаваць унутраныя ўступныя іспыты па першым профільным прадмеце ў вуснай або практычнай форме непасрэдна ў той ВНУ, у якую яны падалі дакументы. Экзаменацыйны этап працягнецца да 10 ліпеня, а да 12-га абітурыенты, якія паспяхова здалі іспыты, будуць залічаны студэнтамі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Дарэчы, экзамены не зведалі ніякіх змен у параўнанні з мінулым годам. Экзаменацыйная камісія складаецца з выкладчыка ўніверсітэта і настаўніка з установы агульнай сярэдняй адукацыі. Пералікі пытанняў размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі яшчэ са снежня 2024 года. Такім чынам, у абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, было дастаткова часу падрыхтавацца да сумоўя.

«Пяць гадоў адпрацоўкі мяне зусім не палохаюць»

У фае Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта абітурыентаў сустракаюць выкладчыкі і студэнты, якія прапануюць дадаткова пракансультаваць аб спецыяльнасцях. Акрамя таго, працуюць прадстаўнікі сельскагаспадарчай сферы, з якімі тут і цяпер можна заключыць дагавор на мэтавую падрыхтоўку. Але наогул дадзены дакумент можна аформіць задоўга да пачатку ўступнай кампаніі.

— Арганізацыі, якія зацікаўлены ў маладых спецыялістах, даюць інфармацыю аб тым, што яны гатовы заключыць дагавор на іх падрыхтоўку. Усе звесткі мы размяшчаем у сябе на сайце. Таксама на рэгулярнай аснове праводзім кірмашы мэтавай падрыхтоўкі. На сельскагаспадарчыя спецыяльнасці выдзелена да 70 % месцаў, на несельскагаспадарчыя — да 60 %. Усяго паводле плана набору — 237 месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Студэнтаў рыхтуем у інтарэсах прадпрыемстваў і арганізацый сельскагаспадарчай сферы. Найбольшую цікавасць уяўляюць ветэрынарная медыцына, спецыяльнасці агранамічнага факультэта. Вельмі цікавы кірунак «Аграбізнес», ён знаходзіцца на стыку сельскагаспадарчых і эканамічных навук, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі ГДАУ Кацярына БАРОДЗІЧ.
Суразмоўніца звярнула ўвагу на тое, што мэтавае навучанне дае гарантыі не толькі моладзі, але і арганізацыям, бо яны не застануцца без кадраў.

Траекторыя мэтавага навучання мае шэраг пераваг для абітурыентаў. Хлопцы і дзяўчаты ўжо з першага курса ведаюць, дзе яны будуць працаваць, і не трэба варажыць, куды ж у выніку іх завядзе размеркаванне. Вялікі плюс — спрошчаная форма паступлення. У большасці выпадкаў патрэбны толькі пэўны бал атэстата і станоўчыя вынікі ўступных іспытаў. 

У выпадку з сельскагаспадарчымі кірункамі дастаткова мець на руках атэстат і дагавор. А яшчэ ў мэтавікоў, якія вучацца па заказе АПК, ёсць дадатковая стыпендыя ад наймальніка, у некаторых арганізацыях яна можа дасягаць 20 базавых велічынь. Цікаўлюся ў тых, хто падае дакументы, ці не палохае пяцігадовая адпрацоўка? Ні сёлета, ні ў мінулыя гады ніхто не наракаў на гэту ўмову.

Марына Мулярчык з Гродна прыйшла падаваць дакументы разам з мамай Аленай. Дзяўчына настроена вельмі пазітыўна, пасля заканчэння ўніверсітэта будзе інжынерам-тэхнолагам па вытворчасці прадуктаў харчавання з расліннай сыравіны на «Скідзельскім хлебазаводзе».

— Аб спецыяльнасці мне расказала сяброўка, яна падзялілася вопытам. Я зразумела, што кірунак перспектыўны, цікавы, і не знайшла прычын, чаму не варта спрабаваць. Цалкам гатова да таго, што патрэбна пяць гадоў адпрацаваць. Затое ведаю, дзе будзе маё першае рабочае месца, што гэтыя гады буду «пры справе», змагу вучыцца, развівацца. Да таго ж Скідзель ад дома блізка, — падзялілася дзяўчына. Маці Марыны падтрымала рашэнне дачкі, сказала, што, калі тая працаўладкуецца, будзе ездзіць да яе ў госці.

Члены прыёмнай камісіі звярнулі маю ўвагу на абітурыента, які прыехаў паступаць у Гродна за 5000 кіламетраў. Родны дом Елізара Беразоўскага ў Сібіры, малады чалавек расказаў, як сюды трапіў.

— Так атрымалася, што маёй сям’і даводзілася шмат разоў пераязджаць, а мне — змяніць не адну школу. Грунтоўна абдумваў, як і дзе буду атрымліваць прафесію, і прыняў рашэнне, што ў Беларусі паступіць і вучыцца на той спецыяльнасці, якая мне цікавая, шанцаў больш. У мяне мама, тата, брат, сястра і яе дачка — усе ветэрынары. І хочацца гэту справу прадоўжыць. Бабуля з боку маці з Беларусі, таму вырашыў прыехаць сюды. Угаварыў і маму паехаць са мной. Яна заўсёды хацела бліжэй пазнаёміцца з вашай краінай. Мы пасяліліся ў аграгарадку Псышчава Брэсцкай вобласці, мама пайшла працаваць ветэрынарным фельчарам, а я заканчваў там 11 клас.

Цікаўлюся ў Елізара, чаму ён вырашыў працягнуць дынастыю.

— Я з дзяцінства быў у адпаведным асяроддзі, у Расіі ў нас была ферма. Наша жыццё мне вельмі падабалася. З прафесіяй знаёмы, яна мне цікавая. Планую атрымаць беларускае грамадзянства. Адпрацоўка не палохае. Гэта пяць гадоў гарантаванага досведу і стажу. Буду ўпэўнены ў заўтрашнім дні, змагу прафесійна вырасці. Пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуся ў Псышчава, дзе буду працаваць ветэрынарным урачом.

У прыёмнай камісіі адзначаюць, што мэтавікі заўсёды прыходзяць у выдатным настроі. У многім дзякуючы таму, што яны выбралі не толькі прафесію, але і месца работы. Прыёмная кампанія працягваецца. Дарэчы, на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці дакументы прымаюць да 19 ліпеня ўключна, гэта на два дні даўжэй за тэрміны набору на несельскагаспадарчыя кірункі на агульных умовах.

«Адзін з плюсоў — гарантаванае рабочае месца»

На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка можна вучыцца па 19 спецыяльнасцях з 20-ці.

«Для паступлення абітурыентам-мэтавікам неабходна здаць адзін унутраны экзамен па першым профільным прадмеце ў вуснай або практычнай форме, — расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр МАКОЎЧЫК. — Найбольшая колькасць месцаў на мэтавую падрыхтоўку была выдзелена для спецыяльнасцяў „Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя“ — 99 (з 165 бюджэтных месцаў), „Пачатковая адукацыя“ — 74 (з 125), „Фізіка-матэматычная адукацыя“ і „Прыродазнаўчая адукацыя“ па 37 месцаў адпаведна.

Новаўвядзеннем сёлетняй уступнай кампаніі стала магчымасць заключыць мэтавы дагавор выпускнікам інжынерных класаў. Яны паступаюць без уступных іспытаў, праходзяць толькі сумоўе. Акрамя інжынерных класаў, да нас па традыцыі паступаюць выпускнікі педагагічных і спартыўнапедагагічных класаў. Згодна з выніковай статыстыкай, на 416 выдзеленых месцаў было пададзена 492 заявы ад абітурыентаў».

Абітурыентка Ксенія Расолька вучылася ў сталічнай сярэдняй школе № 86 у класе педагагічнай накіраванасці: «Вырашыла паступаць у БДПУ імя М. Танка, калі мы пачалі ў старшых класах весці класныя гадзіны. Мне вельмі спадабалася ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, атрымлівалася з імі лёгка кантактаваць, можа, таму што я сама са шматдзетнай сям’і». Мы паназіралі за тым, як дзяўчына падавала дакументы. Крыху хвалявалася, але ўсё прайшло добра. Ксенія несла ў руках тоўстую папку — відаць, што старанна рыхтавалася.

«Гэта партфоліа, якое я збірала на працягу двух гадоў. Тут сабраны асабістыя дасягненні за перыяд вучобы, матэрыялы з тых інфармацыйных гадзін, што я праводзіла, сертыфікаты ўдзельніка розных конкурсаў. Гэта было неабходна для праходжання сумоўя. Здаецца, адказала даволі нядрэнна», — падзялілася думкамі яна. Абітурыентка плануе вяртацца на адпрацоўку ў родную школу. «Хачу стаць добрым педагогам для дзяцей і сваёй дзейнасцю спрыяць развіццю адукацыі ў нашай краіне».

«Я заўсёды марыла вучыцца ў сталіцы ў педуніверсітэце, — расказала Дамініка Храпавіцкая, якая прыехала паступаць з Лепеля. — Лічу яго найлепшым універсітэтам краіны па маім кірунку. Гэта не толькі прэстыжная навучальная ўстанова, але і месца, дзе я змагу атрымаць неабходныя навыкі для сваёй будучай прафесіі. Калі прыйшоў час выбіраць профіль пасля дзявятага класа, я аддала перавагу хіміка-біялагічнаму. Канчаткова вызначылася са спецыяльнасцю „Дашкольная адукацыя“ ў пачатку адзінаццатага класа. З цеплынёй успамінаю ўжо ў дарослым узросце сваіх выхавальнікаў у дзіцячым садку і разумею, як важна быць побач з маленькімі дзецьмі. Мне падабаецца гуляць з імі, дапамагаць развівацца і вучыцца». Дарэчы, працаваць дзяўчына пасля вучобы будзе ў дзіцячым садку недалёка ад дома: «А гэта велізарны плюс!».

Маці Наталля расказала, што дачка трохі перажывала з-за неабходнасці адпрацоўкі пяць гадоў пасля навучання ў ВНУ, але, абдумаўшы, зразумела, што гэта стабільная магчымасць развівацца ў прафесійным плане ў родным горадзе, дзе ўсё знаёмае, створаны ўмовы для камфортнага жыцця і самарэалізацыі.

«Адзін са значных плюсоў — спрошчаная сістэма ўступных іспытаў, не трэба здаваць ЦТ, — адзначыла Наталля. — Калі па мэтавым накіраванні не ўдаецца паступіць, ёсць магчымасць удзельнічаць у агульным конкурсе. Гэта дае дадатковы шанц абітурыентам». Раман Драніца выбраў спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя» мэтанакіравана: «Я шмат часу праводзіў з малодшай сястрой. Вельмі падабаецца быць побач з дзецьмі, уплываць на іх выхаванне, бачыць, як яны растуць, таму выбар быў відавочны».

Мэтавае накіраванне юнак браў у сярэдняй школе № 143 г. Мінска: «Не сумняваўся. Бачу пераважна плюсы. Напрыклад, гарантаванае працоўнае месца пасля навучання ў ВНУ».

Яна ВАЛАСАЧ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
Фота прэс-службы 
БДПУ імя М. Танка.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю