Кнігу Інстытута гісторыі НАН Беларусі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх! Кніга. Стэнаграма першай афіцыйнай нарады і ўспаміны ўдзельнікаў Мінскага падполля» прэзентавалі ў Мінску
«Наша работа накіравана на процідзеянне фальсіфікацыі гісторыі, недапушчэнне скажэння гістарычных фактаў, на тое, каб захаваць памяць пра Вялікую Перамогу і гераізм нашага народа. Некалькі гадоў таму было прынята рашэнне прадоўжыць традыцыю збору інфармацыі, успамінаў людзей пра тых герояў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі ў радах Чырвонай Арміі, у партызанскіх атрадах, у падполлі, працавалі для Перамогі. Гэта ініцыятыва выйшла з акадэмічнага асяроддзя і стала ўсебеларускай», — сказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.
У новай кнізе ўпершыню публікуюцца ўспаміны ўдзельнікаў Мінскага падполля. Дакументы і матэрыялы, шматлікія фатаграфіі і ілюстрацыі паказваюць атмасферу таго цяжкага часу, перадаюць думкі і пачуцці тых, хто, служачы Радзіме, прайшоў мноства выпрабаванняў. Захаванне і публікацыя такіх матэрыялаў у кнігах серыі «Народны летапіс: успомнім усіх!», а таксама на навукова-інфармацыйным партале Інстытута гісторыі НАН Беларусі «Летапіс. Памяць беларускага народа» неабходны для фарміравання гістарычнага светапогляду, павагі да гісторыі і захавання гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну. «Кожны ўспамін, апублікаваны ў кнізе, не можа пакінуць чытача абыякавым. Кніга вызначаецца навізной і актуальнасцю, яна сапраўды знакавая», — падкрэсліў дырэктар інстытута.
У кнізе прадстаўлена стэнаграма першай афіцыйнай нарады на тэму Мінскага падполля, якая адбылася ў снежні 1954 года — студзені 1955 года. Гэта нарада стала важным крокам на шляху да аднаўлення гістарычнай праўды аб дзейнасці Мінскага падполля. Нямецка-фашысцкія захопнікі вялі жорсткую барацьбу з падпольшчыкамі беларускай сталіцы. Многія былі арыштаваны немцамі і вывезены затым у канцлагеры або забіты. У цэлым жа ў Мінскім падполлі, паводле даных вучоных-гісторыкаў НАН, прымалі ўдзел больш за 9 тыс. чалавек, дзейнічала звыш 60 розных груп і арганізацый.
Паводле слоў Вадзіма Лакізы, ужо амаль падрыхтавана шостая кніга народнага летапісу. Вучоныя разлічваюць выдаць яе да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ў планах правесці да гэтай даты вялікую міжнародную навуковую канферэнцыю.