Top.Mail.Ru
171

Пытанні аховы здароўя абмеркавалі на нарадзе ў Турчына

Пад старшынствам прэм’ер-мiнiстра Аляксандра Турчына ўчора прайшла нарада, у цэнтры ўвагi якой было стварэнне цэнтралiзаванай iнфармацыйнай сiстэмы аховы здароўя i лічбавiзацыi галiны. Як падкрэслiў прэм’ер-мiнiстр, неабходна стварыць такую сiстэму, якая будзе карысная для аховы здароўя i грамадзян.


Ён адзначыў, што хоча ад дакладчыкаў пачуць самае галоўнае — разуменне архiтэктуры сiстэмы, якая выбудоўваецца, i яе вынiку (якую карысць для сiстэмы аховы здароўя i для грамадзян яна нясе).

— Да распрацоўкi сiстэмы неабходна шырока прыцягваць экспертаў, у якiх ёсць вопыт выкарыстання падобных платформаў, — прапанаваў Аляксандр Турчын.

Па вынiках нарады мiнiстр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў распавёў журналiстам, што навацыi выклiканы рэалiзацыяй распараджэння кiраўнiка дзяржавы, якое тычыцца стварэння за 2024-2025 гады iнфармацыйна-медыцынскай платформы.

— Платформа павiнна задавальняць патрэбы як грамадзян Рэспублiкi Беларусь, так i прафесiйнай супольнасцi, — растлумачыў профiльны мiнiстр.

Ён паведамiў, што падчас пасяджэння прэм’ер-мiнiстр акцэнтаваў увагу на дасягненнi практычнага вынiку:

— На сённяшнi момант у рамках даручэнняў, якiя былi сёння агучаны, мы пашырым экспертную групу за кошт асоб, якiя маюць вопыт укаранення больш разнастайных медыцынскiх платформаў з вопытам iх працяглага эксплуатавання. Мы павiнны сабрацца яшчэ раз i ацанiць, што неабходна, каб якасна выканаць распараджэнне кiраўнiка дзяржавы.

Паводле яго слоў, цэнтралiзаваная iнфармацыйная сiстэма аховы здароўя павiнна быць уведзена ў эксплуатацыю да канца 2025 года. Аляксандр Хаджаеў дадаў, што 2024 год быў прысвечаны ўкараненню першаснага этапу ў рамках эксперыменту ў дзевяцi арганiзацыях краiны:

— Мы — Мiнiстэрства аховы здароўя — у канцы 2024 года прынялi яго як заказчыкi i цяпер павiнны iмплементаваць у 467 арганiзацый сiстэмы аховы здароўя. Але разам з тым на кожным этапе мы павiнны рабiць рэвiзiю. Менавiта гэтым у самыя кароткiя тэрмiны мы зоймемся i да 1 чэрвеня зробiм даведачную iнфармацыю з аналiзам i прапановамi па ўдасканаленнi выканання дадзенага даручэння.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю