Кожны месяц адзін тыдзень дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праводзяць у сваіх акругах. Менавіта тут яны працуюць са сваімі выбаршчыкамі, праводзяць сустрэчы ў калектывах і займаюцца тымі пытаннямі, што да іх паступілі.
Аб тым, якія звароты самыя складаныя і як раcставіць прыярытэты пры іх вырашэнні, расказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Гродзенскай-Кастрычніцкай акрузе № 50, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Алена Патапава.
На думку парламентарыя, важна разумець, чым жыве сучаснае грамадства, яго задачы і праблемы, і па магчымасці вырашаць іх на месцах альбо выносіць на заканадаўчы ўзровень. Ёсць звароты, якія патрабуюць глыбокай прапрацоўкі. Так, з працоўнага калектыву паступіла пытанне аб рамонце пад’язных дарог да прадпрыемства. Зараз яно на кантролі, паколькі патрабуе падключэння і гарадскога бюджэту, і дарожных службаў, і аўтаінспекцыі.
Разам з тым некаторыя такія звароты ўдалося вырашыць.
— Адна жанчына звярнулася з пытаннем вулічнага руху. У ціхім некалі гарадскім мікрараёне пачалося актыўнае будаўніцтва, адпаведна ўзрос аўтамабільны паток, што стала небяспечным для школьнікаў. Па яе просьбе я звярнулася ў ДАІ, затым да дарожнай службы. На пераходзе ўстанавілі рэльефны пераход, астравок бяспекі. Гэты працэс пазней стаў актыўна развівацца ў горадзе, і цяпер мы бачым менавіта такую арганізацыю руху, — расказала суразмоўніца.
Разам з тым дэпутату важна займацца не толькі глабальнымі пытаннямі, але і дапамагаць канкрэтным людзям у іх бытавым жыцці. У гэтым сэнсе асаблівая ўвага і дэпутатаў, і дзяржавы звяртаецца на сацыяльна ўразлівыя катэгорыі людзей.
— Аднойчы лёс звёў мяне з сям’ёй, дзе выхоўваюцца дзесяць дзяцей. Маці засталася без мужа са складанай праблемай, якая таксама датычыцца добраўпарадкавання. У доме, дзе жыве шматдзетная сям’я, няма падвальнага памяшкання, прыстасаванага пад патрэбы жыхароў, таму ўсе рэчы прыходзіцца захоўваць у трохпакаёвай кватэры. Зразумела, што ў такой сітуацыі складана гаварыць аб парадку... І вось літаральна днямі мне прыйшоў адказ, што пытанне вырашана: дзякуючы адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, ЖЭСу дома, сям’і выдзелілі месца ў падвале. З дапамогай прадпрыемства «Гроднажылбуд» зроблена кладка, паліцы, устаўлены дзверы. Цяпер тут можна будзе захоўваць і сезонны абутак, і адзенне, і многае іншае. Мне здаецца важным, калі дэпутаты будуць звяртаць увагу менавіта на такія бытавыя пытанні, якія, магчыма, не паказальныя, але вельмі важныя ў штодзённым жыцці, — лічыць Алена Патапава.
Увогуле звароты грамадзян разнапланавыя. Ёсць прапановы па пасадцы дрэў, хтосьці звяртаецца з просьбай, каб не высякалі дрэвы. Дзесьці трэба адрамантаваць пад’езд, паправіць лесвіцу, устанавіць лаўкі... Усе звароты знаходзяць сваіх адрасатаў, і, нават калі задаволіць просьбу немагчыма, чалавеку даецца абгрунтаваны адказ.
Ёсць у дэпутата і свой падшэфны дзіцячы садок. Алена Патапава прызнаецца, што ёй прыемна бываць менавіта ў дзіцячых установах, бо тут асабліва адчуваецца радасць ад працы. Дзеці вельмі цёпла ўспрымаюць такія сустрэчы. Падчас іх відавочна, якая ўвага ўдзяляецца дзецям з боку дзяржавы, як развіваецца адукацыя. У сваю чаргу, дэпутат таксама імкнецца парадаваць малых. Так, сумесна з арганізацыямі дзіцячаму садку падарылі чатыры сталы для малявання пяском. А пасля чарговага візіту дэпутата напярэдадні Новага года ў дзяцей з’явілася аформленая творчымі работамі сцяна.
Дэпутат пастаянна трымае сувязь з прадстаўнікамі мясцовага самакіравання. Менавіта з іх дапамогай удаецца вырашыць актуальныя для выбаршчыкаў пытанні. Між тым на дэпутата кладзецца і важная задача падчас шырокіх палітычных кампаній, напрыклад выбараў. А гэта вялікая работа з людзьмі, з калектывамі.
— Сёння ёсць пытанне па нацыянальнай бяспецы нашай дзяржавы, абароне яе граніц і суверэнітэту. І я бачу ў людзей, які жывуць каля заходняй граніцы краіны, заклапочанасць гэтымі пытаннямі. Яны не хочуць ніякіх узрушанняў, людзі сталі больш свядомымі, яны разумеюць, што ўсялякія нашы ўнутраныя хібы робяць нас уразлівымі для знешніх ворагаў, таму гатовы любымі сіламі захоўваць стабільнасць у краіне. Нармальныя людзі імкнуцца зберагчы мір і спакой, — рэзюмуе дэпутат пасыл сваіх выбаршчыкаў.
фота аўтара