У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася рабочая сустрэча старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка з віцэ-прэзідэнтам кампаніі CIТIС Construction Лян Цзэ. Галоўнай тэмай перагавораў стала навуковае суправаджэнне дзейнасці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.
Уладзімір Каранік асабліва адзначыў высокі ўзровень адкрытасці кітайскіх спецыялістаў, што дае магчымасць беларускім вучоным хутчэй унікаць у тэхналагічныя нюансы і ў далейшым самастойна забяспечваць развіццё вытворчасці. «Мы паглыбляемся ў спецыфіку працэсаў, каб вывесці завод на якасна новы ўзровень эфектыўнасці. Наша агульная мэта — зрабіць БНБК эталонным праектам, якім змогуць ганарыцца і Беларусь, і Кітай і які стане яшчэ адным яскравым прыкладам паспяховага двухбаковага супрацоўніцтва», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Віцэ-прэзідэнт кампаніі CIТIС Construction Лян Цзэ высока ацаніў кваліфікацыю і веды беларускіх вучоных у галіне біятэхналогій і вытворчасці амінакіслот. Ён пацвердзіў гатоўнасць кітайскага боку працягваць аказваць беларускім калегам навуковую, метадычную і праектную падтрымку для ўдасканалення дзейнасці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

Па выніках сустрэчы быў падпісаны дакумент, які вызначае напрамкі сумеснай работы на бліжэйшы перыяд. Дарожную карту падпісалі намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксей Труханаў і віцэ-прэзідэнт CIТIС Construction Лян Цзэ. Рэалізацыя намечаных планаў дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць БНБК і ўмацаваць тэхналагічны суверэнітэт краіны ў сферы біятэхналогій.
Аміна НАЗАРАВА
Фота НАН Беларусі