Top.Mail.Ru

Пытанні забеспячэння бяспекі дарожнага руху абмеркавалі на семінары-нарадзе ў Палаце прадстаўнікоў

У аснове — бяспека і жыццё чалавека.


Актуальнасць тэмы найперш абумоўлена павелічэннем дарожна-транспартных здарэнняў, у тым ліку з гібеллю людзей. Толькі з удзелам непаўналетніх летась было зарэгістравана 419 ДТЗ, у якіх загінулі 14 дзяцей. Трагедыі, як правіла, здараюцца з-за кіроўцаў, якія сядаюць за руль у алкагольным стане, з-за ліхацтва і няўважлівасці на дарозе ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. На пагаршэнне сітуацыі ўплывае павелічэнне сродкаў персанальнай мабільнасці, пашырэнне каршэрангавых паслуг, аварыі з дзікімі жывёламі. З мэтай папярэджання траўматызму і гібелі людзей ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў у Авальнай зале комплексна абмеркавалі праблему, унеслі прапановы па паляпшэнні сітуацыі на дарогах. 

Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, прадастаўленне грамадзянам магчымасці карыстацца надзейнымі, даступнымі, экалагічна ўстойлівымі транспартнымі сістэмамі на аснове павышэння бяспекі на дарогах вызначана ў якасці адной з Мэт устойлівага развіцця Беларусі да 2030 года. «У цэлым у нашай краіне створаны неабходныя прававыя арганізацыйныя асновы ў гэтай сферы, — канстатаваў ён. — Комплекс арганізацыйных, прафілактычных, практычных мерапрыемстваў дазваляе мінімізаваць асноўныя пагрозы, звязаныя з рухам на дарогах. Аднак, нягледзячы на меры, што прымаюцца ў краіне, статыстыка за 2024 год па дарожна-транспартных здарэннях выклікае занепакоенасць. Гэта звязана ў тым ліку са штогадовым павелічэннем колькасці транспартных сродкаў, грамадзян на сродках персанальнай мабільнасці. Калі ў 2016 годзе ва ўласнасці грамадзян знаходзілася 3,5 мільёна адзінак транспарту, то ў цяперашні час гэты паказчык набліжаецца да 3,9 мільёна». 

У сувязі з гэтым, па словах спікера, адной задачай на найбліжэйшую пяцігодку з’яўляецца павышэнне ўзроўню бяспекі дарожнага руху, у аснове якога — прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў. «Гэта работа павінна будавацца на правільным праектаванні дарожнай сеткі, паляпшэнні яе інфраструктуры, удасканаленні арганізацыі дарожнага руху, пастаянным кантролі тэхнічнага стану транспартных сродкаў і правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў сярод дзяцей і моладзі, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Павышэнню бяспекі на дарогах таксама будзе садзейнічаць карэкціроўка Правілаў дарожнага руху, прадугледжаная планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2025 год (цяпер гэта работа знаходзіцца ў стадыі завяршэння). Магчыма, наспела неабходнасць удакладніць асобныя палажэнні Закона „Аб дарожным руху“, іншых законаў».

Кожны чацвёрты загінулы вадзіцель быў непрышпілены

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый НАЗАРАНКА праінфармаваў аб, што ў 2024 годзе органамі ўнутраных спраў зарэгістравана амаль 4 мільёны адміністрацыйных правапарушэнняў супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту. «У кожным трэцім выпадку асобы былі вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджанняў, — удакладніў ён. — Больш за палову парушэнняў зафіксаваны спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме. Увядзенне аўтаматычнай фіксацыі ў перавышэнні хуткасных рэжымаў дало магчымасць скараціць больш як у 7 разоў колькасць загінулых у ДТЗ грамадзян».

Screenshot_150.jpg

Па словах Юрыя Назаранкі, практыка выкарыстання сістэм аўтаматычнай фіксацыі, якія даказалі сваю эфектыўнасць, прымяняецца пры выяўленні парушэнняў правілаў спынення і стаянкі транспартных сродкаў, фактаў удзелу транспартных сродкаў у дарожным руху без адпаведнага дазволу, невыканання вадзіцелямі патрабаванняў дарожных знакаў, а таксама руху па паласе грамадскага транспарту. У бліжэйшай перспектыве да гэтага пераліку дабавяцца невыкананне патрабаванняў сігналу святлафора, парушэнне правілаў праезду скрыжаванняў і чыгуначных скрыжаванняў. Плануецца аўтаматычна фіксаваць і парушэнні правілаў абгону і выезду на паласу сустрэчнага руху, калі гэта забаронена, шэраг іншых парушэнняў.

  • Сярод новых форм выяўлення правапарушэнняў супраць бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту — рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі (за пяць месяцаў бягучага года такім спосабам было выяўлена амаль 2,5 тысячы фактаў кіравання транспартным сродкам бяспраўнікамі), беспілотныя лятальныя апараты. 

Асаблівую заклапочанасць міліцэйскага ведамства, як акцэнтаваў увагу Юрый Назаранка, выклікае сітуацыя з дзіцячым дарожна-транспартным траўматызмам, а таксама ігнараванне вадзіцелямі і пасажырамі пасіўных сродкаў абароны. «У 2024 годзе кожны чацвёрты загінулы ў ДТЗ вадзіцель не выкарыстоўваў сродкі пасіўнай бяспекі (рамяні і шлемы), — праінфармаваў ён. — Адносна пасажыраў, гэта лічба складае больш як трэцюю частку ад усіх загінулых пасажыраў».

  • У апошнія гады намецілася тэндэнцыя, звязаная з ростам траўматызму дзяцей-пасажыраў. «Калі ў 2019 годзе былі зарэгістраваны 144 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх пацярпелі дзеці, пры гэтым сем падлеткаў загінулі, у 2024 годзе гэтыя паказчыкі склалі 204 і 14 адпаведна, — агучыў статыстыку першы намеснік мінітсра. — Пры гэтым прасочваецца залежнасць росту траўматызму дзяцей-пасажыраў і фактаў іх перавозкі ад парушэнняў устаноўленых патрабаванняў такіх здарэнняў. У якасці аднаго з фактараў гэтай негатыўнай дынамікі можна назваць недастатковасць прадугледжаных мер уздзеяння за такія правапарушэнні, аб чым сведчыць значная іх колькасць, якая ўчыняецца паўторна на працягу аднаго года. 

Прафілактычная мера ў выглядзе папярэджання не аказвае неабходнага выхаваўчага эфекту, забяспечыць паўсюдны кантроль за ажыццяўленнем перавозак дзяцей не ўяўляецца магчымым».

Таму бяспека дзяцей на дарогах, як і ў іншых сітуацыях, — найперш адказнасць бацькоў, якія павінны зрабіць усё для таго, каб іх дзеці не папоўнілі трагічную статыстыку. 

Колькасць загінулых у ДТЗ са сродкамі персанальнай мабільнасці расце 

Начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС Віктар РОТЧАНКАЎ акцэнтаваў увагу на павышэнні бяспекі ўдзелу ў дарожным руху арэндаваных транспартных сродкаў (каршэрынг) і пешаходаў на сродках персанальнай мабільнасці. Ëн праінфармаваў, што ў 2022 годзе было зарэгістравана 28 ДТЗ з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці, у 2023 годзе — 46, а ў 2024 годзе — ужо 82. Адначасова павялічылася колькасць загінулых (з аднаго да чатырох чалавек) і параненых ад удзелу ў дарожным руху такіх сродкаў. 

«Шырокае распаўсюджванне сродкаў персанальнай мабільнасці выклікала неабходнае карэкціроўку палажэнняў Правілаў дарожнага руху, — адзначыў Віктар Ротчанкаў. — У прыватнасці, устанаўліваецца максімальна тэхнічна дапушчальная хуткасць такіх сродкаў 25 км у гадзіну, забарона на рух такіх сродкаў у пешаходных зонах, а таксама на тратуарах, калі маса сродку персанальнай мабільнасці перавышае 35 кг. З мэтай забеспячэння бяспекі пешаходаў прапануецца ўстанавіць абмежаванне максімальнай хуткасці руху сродкаў персанальнай мабільнасці па тратуарах населеных пунктаў у межах 10 км у гадзіну».
Screenshot_151.jpg

 Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнтаінспекцыі МУС, аналіз дарожна-транспартнай абстаноўкі сведчыць аб адсутнасці значнага ўплыву на яе дарожных інцыдэнтаў з удзелам вадзіцеляў так званых каршэрынгаў. «Летась зарэгістравана 14 такіх здарэнняў, — удакладніў ён. — Пры гэтым гібелі людзей не зарэгістравана, што супастащна з аналагічнымі паказчыкамі 2023 года. Асноўнымі фактарамі рызыкі росту дарожнага транспартнага траўматызму, звязанага з эксплуатацыяй каршэрынгу, з’яўляюцца павелічэнне колькасці такіх транспартных сродкаў, інтэнсіўнасці іх выкарыстання, парушэнне Правілаў дарожнага руху пад уплывам тарыфнай сістэмы, адсутнасць у вадзіцеляў адаптацыі да кіравання аўтамабіля рознага тыпу, а таксама кіраванне даным відам транспарту ў стане ап’янення і не маючы на тое адпаведнага права».

Віктар Ротчанкаў адзначыў, што з боку суб’ектаў гаспадарання, якія прадстаўляюць паслугі ў сегменце кароткатэрміновай арэнды аўтамабіляў, прымаюцца пэўныя меры па дыстанцыйным кантролі фізічнага стану вадзіцеляў і наяўнасці ў іх права кіравання. Аднак супрацоўнікі ДАІ рэгулярна фіксуюць грубыя правы парушэнні Правілаў дарожнага руху з удзелам такой катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху. 

«На тэрыторыі толькі горада Мінска супрацоўнікам Дзяржаўнай аўтаінспекцыі затрымана 155 вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане ап’янення (гэта 10% ад агульнай колькасці затрыманых), — удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнтаінспекцыі МУС. — 210 вадзіцеляў указаных транспартных сродкаў увогуле не мелі права кіравання». 

З улікам абазначаных праблем Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з Мінгарвыканкамам выйшлі з ініцыятывай аб распрацоўцы нарматыўнага прававога акта, які ўрэгулюе сферу аказання паслуг па арэндзе транспартных сродкаў і сродкаў персанальнай мабільнасці. «Прапануецца замацаваць абавязак праверкі і атрымліваць паслугу каршэрынгу пры наяўнасці дзеючага вадзіцельскага пасведчання, — канкрэтызаваў Віктар Ротчанкаў. — Адносна арэндных электрасамакатаў прапануецца ўвесці абмежаванні іх размяшчэння ў дадатковыя хуткасныя абмежаванні ў патэнцыйна небяспечных месцах, а таксама ўстанавіць поўныя або частковыя забароны на пэўных тэрыторыях. Канкрэтныя месцы абмежавання павінны будуць вызначацца мясцовымі органамі ўлады».

Колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл расце 

Начальнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Юрый ТЭРТЭЛЬ спыніўся на праблеме ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. «Большасць фактаў ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл фіксуецца на аўтамабільных дарогах (96%), на чыгуначных дарогах (каля 4%), — канкрэтызаваў ён. — У бягучым годзе тэндэнцыя значнага росту колькасці ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл захоўваецца. Рост ДТЗ за пяць месяцаў 2025 года склаў 21,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года. Гэта максімальны паказчык росту колькасці ДТЗ за ўвесь перыяд іх рэгістрацыі Дзяржаўнай інспекцыяй».

Screenshot_152.jpg

Найбольшая колькасць такіх ДТЗ была зафіксавана ў маі: спецыялісты звязваюць гэта з павышанай вясновай актыўнасцю дзікіх жывёл, іх інтэнсіўным перамяшчэннем на фоне істотнага павелічэння аўтамабільнага трафіку. «Найбольшая колькасць знойдзеных загінулых у выніку ДТЗ дзікіх жывёл адзначаецца ў цёмны час сутак, што тлумачыцца павелічэннем іх актыўнасці ў гэты перыяд, а таксама ў пятніцу, суботу і нядзелю з прычыны павелічэння ў гэтыя дні інтэнсіўнасці дарожнага руху», — дадаў Юрый Тэртэль.

Найбольшая колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл, па інфармацыі дзяржінспекцыі, фіксуецца ў Мінскай вобласці, найменшая — на Брэстчыне. «Найбольш неспрыяльнымі ў адносінах ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл з’яўляюцца адміністрацыйныя раёны Брэсцкай вобласці (Баранавіцкі і Івацэвіцкі), Віцебскай (Віцебскі і Аршанскі), Гомельскай (Гомельскі і Рэчыцкі), Гродзенскай (Гродзенскі і Лідскі), Мінскай (Мінскі і Валожынскі), Магілёўскай вобласці (Магілёўскі раён)», — канкрэтызаваў ён. 

Па інфармацыі МУС, за пяць месяцаў бягучага года ў выніку ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл пацярпелі 16 чалавек, трое з іх загінулі. Адной з прычын павелічэння такіх ДТЗ кіраўнік ведамства назваў скарачэнне колькасці паляўнічых. «Абсталяванне аўтамабільных дарог агароджамі, платамі, пераходамі для жывёл таксама выклікае пытанні, — адзначыў Юрый Тэртэль. — Вядома, што капытныя жывёлы з-за біялагічных асаблівасцяў не выкарыстоўваюць падземныя пераходы, а частковая агароджа дарог прыводзіць да траплення жывёл у так званую пастку, дзе, кідаючыся ад плоту да плота, у большасці выпадкаў яны гінуць у ДТЗ».

Вераніка КАНЮТА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю