Top.Mail.Ru

Рабатызаваны комплекс і вадародныя тэхналогіі. Якія навінкі падрыхтаваў БЕЛАЗ да «ІНАПРАМ. Беларусь»

Рабочае месца аператара для дыстанцыйнага кіравання кар’ернай тэхнікай прадэманстраваў БЕЛАЗ на міжнароднай прамысловай выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь», перадае БелТА.



Навінка была прадстаўлена БЕЛАЗам і яго партнёрам — кампаніяй InDev Solutions. Наведвальнікі могуць убачыць, як аператар са стэнда кіруе 90-тонным рабатызаваным самазвалам БЕЛАЗ-7558R. Сама машына ў гэты час знаходзіцца за сотні кіламетраў — на выпрабавальным палігоне «Сітніцкае» ў Брэсцкай вобласці.

Самазвал выкарыстоўвае камп’ютарны зрок і нейрасеткавыя алгарытмы, каб распазнаваць перашкоды, прагназаваць рух і самастойна прымаць рашэнні. Сістэма дыспетчарызацыі дае магчымасць аднаму спецыялісту адначасова сачыць за работай пяці аўтаномных машын.

Намеснік генеральнага канструктара па лічбавізацыі кар’ернай тэхнікі — начальнік аддзела сістэм інтэлектуальнага кіравання кар’ерам ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг» Дзмітрый Елісееў расказаў, што заказчыкі зацікаўлены ў тэхніцы, здольнай рухацца аўтаномна. «Нашы спажыўцы актыўна цікавяцца рабатызаванай і дыстанцыйна кіруемай тэхнікай. Мы вядзём перагаворы з шэрагам ключавых заказчыкаў, якім плануем пастаўляць самазвалы БЕЛАЗ з аўтаномным кіраваннем», — адзначыў ён.

Паводле слоў Дзмітрыя Елісеева, такія рашэнні могуць дапамагчы справіцца з недахопам вадзіцеляў, павысіць эфектыўнасць выкарыстання кар’ернай тэхнікі і забяспечыць рытмічнасць яе работы. «У аўтаномным рэжыме машына выконвае поўны цыкл задач — ад пагрузкі да разгрузкі і вяртання да месца пагрузкі. Яна будуе і рэдагуе маршруты, кантралюе сляпыя зоны і зоны бяспекі, а таксама адсочвае прысутнасць персаналу побач з тэхнікай. Такія рашэнні можна выкарыстоўваць на аддаленых кар’ерах, дзе не хапае персаналу, і на ўчастках з аўтаномным рухам машын», — дадаў Дзмітрый Елісееў.

Генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг» Сяргей Лесін адзначыў, што цяпер асноўная задача — выпрабоўваць тэхналогію ў рэальных умовах. «На працягу гэтага года мы дапрацоўвалі сістэму, каб дабіцца максімальнай прадукцыйнасці і бяспекі. Наступны этап — эксплуатацыя», — сказаў ён.

Сяргей Лесін таксама паведаміў, што 1 кастрычніка тэхналогію прадэманструюць на палігоне «Сітніцкае». «Заўтра каля 50 прадстаўнікоў патэнцыяльных кліентаў наведаюць Брэсцкую вобласць і ўбачаць наш палігон, дзе працуюць традыцыйныя самазвалы. На працягу трох дзён на сустрэчах будуць дэманстраваць беспілотныя тэхналогіі і рашэнні ў галіне альтэрнатыўнай энергетыкі для кар’ернага транспарту», — заявіў генеральны дырэктар.

На стэндзе БЕЛАЗа таксама прадставілі газаматорныя, вадародныя, электрычныя і гібрыдныя самазвалы грузападымальнасцю ад 90 да 220 т, распрацоўкі для падземных горных работ. Сярод навінак — праект «Вадародны БЕЛАЗ», створаны сумесна з кампаніяй «Н2 Інжынірынг». Наведвальнікі могуць разгледзець макет гібрыднай вадароднай энергасістэмы для 220-тоннага кар’ернага самазвала і інфраструктуры для запраўкі вадародам.

II Міжнародная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ. Беларусь» праходзіць у Мінску з 30 верасня па 2 кастрычніка. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі больш як 40 краін. Агульная плошча выставачнай экспазіцыі складае 20 тыс. кв.м.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю