У гэтым пераканаліся карэспандэнты «Звязды», якія на свае вочы ўбачылі, як юныя валанцёры з ахвотай дапамагаюць 84-гадовай жыхарцы горада Чэрвеня
Акцыя «Дабро старэйшым», якая праводзіцца ў кастрычніку ў рамках марафону «ДАБРО.БЕЛ», ахапіла валанцёраў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з усіх рэгіёнаў нашай краіны. З цеплынёй і надзеяй на дапамогу іх чакала і 84-гадовая Зінаіда Іванаўна ЯРАШЭВІЧ з горада Чэрвеня Мінскай вобласці.
Разам з валанцёрамі-навучэнцамі Чэрвеньскага будаўнічага каледжа і работнікамі Чэрвеньскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы выехалі паглядзець, чым варта дапамагчы гэтай цудоўнай жанчыне з няпростым лёсам.

Гаспадыня падворка, які размяшчаецца на адной з вуліц горада, нас сустрэла, седзячы на лавачцы. Зінаіда Іванаўна — інвалід з дзяцінства. Наша суразмоўніца перажыла страшнае ваеннае дзяцінства. Менавіта ў тыя жудасныя гады яна атрымала інваліднасць. Але бадзёрасць духу, любоў да роднага краю і цудоўнае пачуццё гумару ў бабулі такія, што і маладыя пазайздросцяць.
Знаёміцца з Зінаідай Іванаўнай давялося толькі нам, таму што валанцёры пастаянна дапамагаюць бабулі: зімой выязджаюць чысціць снег і пасыпаць дарожкі, каб было бяспечна хадзіць па ўчастку, увосень — прыбіраюць лісце, смецце, якое назбіралася. А сёлета яшчэ стаіць задача прыбраць будаўнічыя адходы, што засталіся пасля разборкі старога дома.
Як растлумачыла першы сакратар Чэрвеньскага раённага камітэта БРСМ Марыя КРЫВЕЛЬ, усяго ў раёне створаны 16 валанцёрскіх атрадаў, у склад якіх уваходзяць 167 валанцёраў, 154 з іх — непаўналетнія.
— Сёння мы працуем з атрадам з Чэрвеньскага будаўнічага каледжа, пяць чалавек — студэнты другога курса — прыйшлі дапамагаць пажылому чалавеку, — расказала Марыя.
— Вядома, мы працуем не толькі ў рамках марафону «ДАБРО.БЕЛ». Дапамагаць старэйшым — гэта штодзённы клопат. Зінаіда Іванаўна — наша ўжо сяброўка, калі можна так сказаць. Яна добра нас ведае, заўсёды, калі адчувае, што сама з чымсьці не можа справіцца, тэлефануе нам.

Мы ў яе часта ў гасцях бываем. Бабулі хочацца пагутарыць з людзьмі, жывыя стасункі нічога не заменіць. Акрамя таго, ёй сапраўды патрэбна дапамога на ўчастку. Жанчына ва ўзросце, ужо самой цяжка, вядома, даглядаць усю тэрыторыю, нейкія работы тут праводзіць. Сын у яе памёр, застаўся адзін унук. І мы ёсць! Яна такая лагодная, што дапамагаць — адно задавальненне.
Яшчэ ў верасні на ўчастку Зінаіды Іванаўны стаяў зруб. Яго знеслі, а мы паступова з валанцёрамі прыязджаем і прыбіраем смецце. Ужо амаль усё ўбралі. Калі нешта тэрміновае трэба, Зінаіда Іванаўна трымае сувязь з Крысцінай Аляксандраўнай з ЖКГ.
— Я стараюся заўсёды ісці на кантакт, — з цяплом у голасе адзначае Крысціна ЖДАНОВІЧ — сакратар РУП «Чэрвеньская ЖКГ». — Мы працуем у цеснай звязцы з БРСМ.
Аб’ядноўваемся і напрошваемся ў госці нават да тых пажылых, якія нас да сябе асабліва і не клічуць. Яны трошкі саромеюцца прасіць аб дапамозе, але мы самі назіраем, каму і ў чым яна можа спатрэбіцца. Такія ў нас падыходы да валанцёрства!

Навучэнец 2-га курса Чэрвеньскага будаўнічага каледжа Арцём КАНАШЭВІЧ удзельнічае ў дабрачыннай акцыі ўпершыню.
— Калі шчыра, гэта так незвычайна — мы проста прыехалі да бабулі ў прыватны сектар, нам далі заданне, растлумачылі, чым цяпер будзем займацца, — дзеліцца ўражаннямі юнак. — Гэта так проста — рабіць дабро. Буду ў такіх справах яшчэ ўдзельнічаць.
Аднакурснік нашага папярэдняга суразмоўцы Багдан КЛАЧКО часта дапамагае сваім бабулям і дзядулям — і лісце прыбіраць, і ўраджай збіраць.
— Таму прыкладна разумеў, калі прапанавалі дапамагчы пажылому чалавеку, што трэба будзе рабіць, — сказаў юнак. — Я проста ведаю, што гэта наш абавязак, моладзі, — дапамагаць.
Мяне так выхавалі.
Гэтым разам валанцёры сумеснымі намаганнямі справіліся з пастаўленымі задачамі за некалькі гадзін.
Падзяка ад Зінаіды Іванаўны не прымусіла сябе чакаць:

— Міленькія мае, дай, Божачка, вам здароўя, міру, — звярнулася да ўсіх, хто завітаў да яе, жанчына. — Яны ж ніколі мне не адмаўляюць.
Развітваючыся, мы пажадалі гэтай цудоўнай жанчыне аднаго — моцнага здароўя. А валанцёры сказалі ў адзін голас:
— Мы яшчэ прыедзем!
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ
г. Чэрвень