Дапамога людзям з інваліднасцю, пажылым і адзінокім, шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям, ветэранам, а таксама тым, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — аснова служэння Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У Гомельскай вобласці гэту работу ўзначальвае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня абласной арганізацыі БТЧК Ала Смаляк. У Савеце Рэспублікі восьмага склікання ад Гомельскай вобласці Ала Віктараўна прадстаўляе інтарэсы Брагінскага, Лоеўскага і Хойніцкага раёнаў. Аднак сваёй працай, талентам і неабыякавасцю член Савета Рэспублікі заслужыла прызнанне жыхароў усёй Гомельшчыны. Карэспандэнт «Звязды» паразмаўляла з сенатарам аб яе прафесійным шляху і планах арганізацыі ў Год беларускай жанчыны.
Тысячы ўдзячных
На Гомельшчыне ў сістэме Чырвонага Крыжа — восем пунктаў здароўя, сацыяльныя сэрвісы — рэпетытарства, атэлье, пункт пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, дзіцячыя пакоі, фітнес-цэнтр для пажылых, творчыя майстэрні.
У 2025 годзе дапамогу арганізацыі атрымала больш як 80 тысяч чалавек. Паспяхова прайшлі дабрачынныя кампаніі «Збяром дзяцей у школу», «Ваша дапамога», «Ёлка жаданняў». Вялікая ўвага — развіццю бязвыплатнага донарства крыві. Летась супрацоўнікі і валанцёры БТЧК арганізавалі больш як 140 акцый, да якіх заахвоцілі звыш тысячы чалавек. У цэлым па выніках работы ў мінулым годзе абласная арганізацыя БТЧК стала найлепшай у краіне.
— Наш гонар — адзіны ў краіне навучальны цэнтр, дзе жадаючыя могуць авалодаць асновамі аказання першай дапамогі і догляду дома і атрымаць сертыфікат дзяржаўнага ўзору. Гэта вялізная падтрымка дзяржаве і грамадству. Летась мы навучылі навыкам першай дапамогі і іншым стратэгічным кірункам Чырвонага Крыжа 14 тысяч чалавек, — расказала Ала Смаляк.
Як нагадала сенатар, на Гомельшчыне Чырвоным Крыжам створаны атрады хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, якія дапамагаюць падчас паводак, анамальнай спякоты, міграцыйных крызісаў і іншых надзвычайных абставін. Адзін з апошніх прыкладаў дапамогі — работа атрада на месцы выбуху бытавога газу на вуліцы Косарава ў Гомелі. Спецыялісты дзейнічаюць сумесна з органамі ўлады і адказнымі ведамствамі. Цяпер, з улікам пагрозы паводкі, атрады ўжо гатовы да рэагавання на Гомельшчыне.
— Актыўна вядзецца работа па дзяржаўнай замове з упраўленнем аховы здароўя. Наша служба сясцёр міласэрнасці дапамагае людзям з трэцяй і чацвёртай ступенямі страты здароўя. Працуюць малодшыя сёстры міласэрнасці, якія даглядаюць цяжкахворых і дапамагаюць ім у побыце. Летась таксама рэалізавалі дзяржзаказ па паліятыўным доглядзе за людзьмі, якія жывуць з ВІЧ на стадыі СНІДу. Сумесна з УУС праводзіліся праекты па прафілактыцы алкагалізму і наркаманіі, — звярнула ўвагу сенатар.
У цэлым жа ў структуру абласной арганізацыі пад кіраўніцтвам Алы Смаляк уваходзяць 25 раённых і амаль 1300 пярвічных арганізацый. Члены таварыства — больш як 200 тысяч чалавек.
— Наш гонар, наша дапамога — валанцёры, а гэта каля 2,5 тысячы чалавек, больш за 1,5 тысячы з якіх — моладзь, — з удзячнасцю жыхарам Гомельшчыны адзначае сенатар.
Па яе словах, пры гэтым ёсць і патэнцыял росту членаў арганізацыі, у тым ліку сярод студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ.
— Важна паказваць уласным прыкладам, што быць членам Чырвонага Крыжа — гэта гонар, гэта адказнасць і гатоўнасць дапамагаць сваім землякам, — пераконвае Ала Віктараўна.
Вялікая ўвага, падкрэслівае сенатар, і падтрымцы дзяцей да пачатку навучальнага года. Па аб’ёме такой дапамогі Гомельшчына таксама заняла першае месца ў краіне. Адзін з эфектыўных інструментаў — кантэйнеры для збору адзення, якога толькі за мінулы год было сабрана і размеркавана каля 470 тон.
Важны кірунак работы — Гомельскі крызісны цэнтр, дзе сумесна з органамі ўлады дапамагаюць людзям вярнуцца да паўнавартаснага жыцця, інтэгравацца ў грамадства. Цэнтр працуе ўжо восьмы год, і за гэты час сацыялізацыю прайшлі 250 чалавек. Летась тут прынялі амаль 40 чалавек, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Сямейныя традыцыі дабрыні
Вядома, Ала Віктараўна можа вельмі многа расказваць аб служэнні іх вялікай каманды ў рэгіёне. Для чытачоў «Звязды» мы папрасілі яе падзяліцца, з чаго пачаўся яе асабісты шлях служэння людзям і дзе яна чэрпае сілы для сваёй дзейнасці?
— Усё ідзе з сям’і, калі бацькі фарміруюць у дзіцяці найважнейшыя якасці — дабрыню, міласэрнасць. У нас у сям’і заўсёды было асаблівае стаўленне да бабуль і дзядуль.
З дзяцінства здавалася натуральным дапамагаць кожнаму пажылому чалавеку. Існавалі цімураўскія атрады, і першымі туды, вядома, ішлі дзяўчынкі — будучыя мамы, захавальніцы дома, — узгадвае Ала Віктараўна. — У школе марыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. Нават думала, калі не паступлю ў медінстытут, буду медсястрой. Так, лёс склаўся інакш, але мая праца ўсё роўна звязана з дапамогай людзям. І мае дзеці, якія працуюць у сілавых структурах, таксама выбралі шлях служэння людзям. Таму дапамагаць — гэта ў нас сямейнае, — дзеліцца сенатар.
Па яе словах, менавіта з гэтага ўнутранага разумення адказнасці за людзей паступова вырас і яе шлях у дэпутацкай дзейнасці.
— Пачынала яшчэ ў Навабеліцкім раёне. Маю кандыдатуру вылучылі таварышы. Калі выступала на дэбатах, многія выбаршчыкі ўжо ведалі мяне. Шмат увагі ўдзяляла працы на тэрыторыях раёна, і гэта, напэўна, яшчэ больш мяне загартавала, — узгадала Ала Віктараўна. — Прыкладам для мяне заўсёды была мама — Ніна Георгіеўна — у свой час дэпутат Лідскага райсавета дэпутатаў. Яна і сёння пільна сочыць за маёй дзейнасцю парламентарыя, за выступленнямі, дае парады.
Думаю, людзям у цэлым важна больш расказваць аб дэпутацкай дзейнасці. Пераканана, што дэпутацтва — гэта прызванне.
Трэба быць гатовым дапамагаць людзям, а гэта магчыма толькі тады, калі па-сапраўднаму любіш людзей, умееш іх чуць і разумець. Наталля Іванаўна Качанава заўсёды вучыць нас, сенатараў: калі не можаш дапамагчы сам — звярніся да таго, хто зможа. Але ні ў якім разе нельга замоўчваць праблему. Калі працуеш сумленна і шчыра імкнешся дапамагчы, людзі адказваюць тым жа, — пераканана парламентарый.
Магчымасці для кожнай
Сенатар падзялілася і сваімі сакрэтамі, што ёй дапамагае быць у рэсурсе, дзе чэрпаць сілы і падзараджацца.
— Вельмі люблю падарожнічаць. Практычна ніводны водпуск не праводжу дома. Мой муж захапляецца матацыкламі, мотарухам, і я падзяляю яго хобі. Мы разам падарожнічаем, бываем на мотафестывалях, а калі не ўдаецца, то падарожнічаем хоць бы па тэлевізары. Пераканана, што жанчына павінна знаходзіць час на тое, што напаўняе яе і дае сілы. Важна захоўваць баланс паміж працай і домам. Гэта, мабыць, самае складанае. Мяне родным даводзіцца бачыць не так часта, бо сыходжу з дому рана, вяртаюся позна. Але калі я дома, імкнуся ўдзяліць увагу сям’і. Падтрымка блізкіх вельмі важная, без яе мне асабіста было б значна цяжэй добра рабіць сваю справу, — прызналася Ала Віктараўна.
Парламентарый дадала, што ганарыцца нашай краінай, у якой зроблена ўсё для падтрымкі жанчын.
— Ідзе жанчына ў дэкрэт — за ёй захоўваецца працоўнае месца, выходзіць на працу — павышае кваліфікацыю, развіваецца ў прафесіі, ёсць жаданне вучыцца ў «дэкрэтным» — калі ласка, створаны ўсе магчымасці. У шмат якіх краінах такіх умоў няма, і гэта трэба цаніць. У нас жа зроблена шмат, каб жанчына магла стварыць сям’ю, выхоўваць дзяцей і пры гэтым рэалізаваць сябе ў грамадстве. І дзяржава гатова падтрымаць жанчыну любога ўзросту, — нагадала суразмоўца.
Ала Віктараўна падзялілася, што Гомельская абласная арганізацыя БТЧК таксама падрыхтавала ініцыятыву ў Год беларускай жанчыны.
— Наш праект — «Асілкі Гомельшчыны». Яго падтрымалі ўпраўленні аховы здароўя і камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Будзем расказваць аб мамах, якія нарадзілі маленькіх асілкаў, дзетак з вагой 4, 5, 6 кілаграмаў і больш, а таксама аб татах. Будзем сумесна з органамі ўлады ўшаноўваць такія сем’і, прыцягваць увагу нашых грамадзян да каштоўнасці моцнай шчаслівай сям’і, цяжарнасці, мацярынства і бацькоўства, — расказала сенатар. — У Год беларускай жанчыны хачу пажадаць усім нам, каб мы расцвіталі. Мужчыны заўсёды любуюцца намі і гатовы на многае дзеля нас. Таму, мілыя жанчыны, красуйцеся, цешце сваіх блізкіх, калег, усіх, хто побач. Рабіце добрыя справы — і дабро абавязкова вернецца.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК