Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падпiсаў Указ «Аб занясеннi на Рэспублiканскую дошку Гонару пераможцаў спаборнiцтва за 2024 год».
Указам вызначаны 60 пераможцаў, якiя будуць занесены на Рэспублiканскую дошку Гонару за дасягненне высокiх вынiкаў у сферы сацыяльна-эканамiчнага развiцця па вынiках работы за 2024 год, паведамляе прэс-служба кiраўнiка дзяржавы.
Пераможцамi сталi Гродзенская, Мiнская, Магiлёўская вобласцi i Мiнск, з лiку раёнаў — Жабiнкаўскi раён Брэсцкай вобласцi, Верхнядзвiнскi раён Вiцебскай вобласцi, Смаргонскi раён Гродзенскай вобласцi, Мiнскi i Нясвiжскi раёны Мiнскай вобласцi, сярод гарадоў i раёнаў у гарадах — Брэст, Маскоўскi раён Брэста i Маскоўскi раён Мiнска.
На Рэспублiканскую дошку Гонару будуць таксама занесены перадавыя арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць дзейнасць у прамысловасцi, будаўнiцтве, сельскай i лясной гаспадарцы, гандлi, адукацыi, ахове здароўя, навуцы, культуры i iншых сферах.
Другi год запар сярод найлепшых па краiне названа Мiнская вобласць. «Старт быў высокiм i мы старалiся яму адпавядаць, — прыняла вiншаваннi намеснiк старшынi камiтэта эканомiкi Мiнскага аблвыканкама Валянцiна Асадчык. — Летась удзельная вага валавога рэгiянальнага прадукту склала амаль 19 % рэспублiканскага ВУП, арганiзацыямi вобласцi выраблена чвэрць прамысловай прадукцыi ад агульнага аб’ёму, а таксама прыкладна 25 % сельскагаспадарчай прадукцыi, прыцягнутая чвэрць ад агульнакраiнавага аб’ёму iнвестыцый. Наша задача — захаванне дасягнутых вынiкаў, збалансаваны рост эканомiкi i паляпшэнне якасцi i ўзроўню жыцця насельнiцтва».
Па вынiках работы за 2024 год на Рэспублiканскую дошку Гонару занесены 7 раёнаў. У iх лiку — Верхнядзвiнскi раён Вiцебскай вобласцi. Годная ацэнка годнай працы — раён трывала займае перадавыя пазiцыi ў рэгiёне ў сферы сельскай гаспадаркi i харчавання.
— Летась многiя нашы дасягненнi сталi нагодай для гонару i для кiраўнiкоў, i прадпрыемстваў, i простых працаўнiкоў, — расказвае намеснiк старшынi Верхнядзвiнскага райвыканкама па эканомiцы Наталля Дзямешка. — Наш раён — пераможца абласнога спаборнiцтва «Дажынкi-2024» на нарыхтоўцы травяных кармоў. Падзякi Прэзiдэнта Беларусi быў удастоены калектыў ААТ «Шайтэрава». Перамогу ў рэспублiканскiм конкурсе «Лiдары прамысловасцi Рэспублiкi Беларусь у катэгорыi «Хiмiчная прамысловасць» заваявала прадпрыемства «Iнвет». А заказнiк «Асвейскi» стаў прызёрам рэспублiканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намiнацыi «Аб’ект экалагiчнага турызму».
Наталля Вiктараўна спынiлася на эканамiчных паказчыках i ахарактарызавала iх так: «Усе галiны спрацавалi са станоўчай дынамiкай i забяспечылi паступальны рост вытворчасцi. Выручка ад рэалiзацыi прадукцыi, работ i паслуг узрасла на 23 %. Прыбытак павялiчыўся ў 2,3 раза. Забяспечана павелiчэнне даходаў бюджэту раёна на 36 % — звыш узроўню 2023 года паступiла больш за 10 млн рублёў».
Гэтак жа стабiльна i прадукцыйна спрацавалi, па словах намеснiка па эканомiцы, i прамысловыя прадпрыемствы. Напрыклад, Верхнядзвiнскi масласырзавод паставiў рэкорд па гадавым выпуску сыроў — больш за 11 тысяч тон. Аб’ём экспартных паставак перавысiў 65 млн долараў. Прадпрыемства пастаўляе прадукцыю, у прыватнасцi, сыроватку сухую, у краiны далёкай дугi — Iнданезiю, Емен, Аман, Нiгерыю i Сiрыю. Летась на прадпрыемстве «Верхнi Луг» завяршылi мадэрнiзацыю комплекснай лiнii апрацоўкi малака i вытворчасцi мацарэлы, дзякуючы чаму аб’ём вытворчасцi сыроў узрос на 20 %.
— Гэта наша агульная перамога, — рэзюмуе намеснiк старшынi райвыканкама. — Работнiкаў прамысловых i сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у першую чаргу. Работнiкаў культуры, якiя арганiзоўваюць для iх вольны час. Настаўнiкаў, якiя вучаць iх дзяцей, урачоў, якiя стаяць на варце iх здароўя, i многiх iншых, хто ўносiць свой пасiльны ўклад у агульны поспех.
Сярод арганiзацый прамысловасцi адным з пераможцаў стала ЗАТ «Асiповiцкi завод транспартнага машынабудавання». Прадпрыемства спецыялiзуецца на вытворчасцi чыгуначных велiкагрузных платформ i кантэйнераў для перавозкi грузаў шырокага спектра прымянення. Яго прадукцыя ёсць нават у Антарктыдзе. Канструкцыя з двух кантэйнераў-цыстэрнаў мадэлi Т11-254 для захоўвання дызельнага палiва i забеспячэння электрастанцыi была зроблена для Рэспублiканскага цэнтра палярных даследаванняў.
Дырэктар ЗАТ «Асiповiцкi завод транспартнага машынабудавання» Мiрза Чалаян падкрэслiвае, што адзнака на вышэйшым узроўнi — вялiкi гонар для прадпрыемства i стымул для яшчэ больш дынамiчнай работы:
— Па вынiках работы за мiнулы год — экспарт, заработная плата, аб’ёмы выкананых работ, рэалiзацыя прадукцыi i шэраг iншых паказчыкаў — мы сталi адным з самых эфектыўных прадпрыемстваў. Асноўны наш спажывец — Расiйская Федэрацыя. Знаходзiмся ў перагаворным працэсе з Узбекiстанам, Азербайджанам, Таджыкiстанам, Арменiяй, Грузiяй. Хацелася б таксама падзякаваць нашаму акцыянеру — Магiлёўскаму аддзяленню Беларускай чыгуначнай дарогi — за куратарства i тую дапамогу, якую ён нам аказвае. Наша крэда — якасць. Як падкрэслiвае кiраўнiк дзяржавы, толькi якасцю мы можам заваяваць сваю нiшу на рынку.
ААТ «Пружанскi льнозавод» удастоены занясення на Рэспублiканскую дошку Гонару трэцi раз. Кiраўнiком прадпрыемства больш за 30 гадоў з’яўляецца ганаровы работнiк АПК Брэсцкай вобласцi i заслужаны работнiк сельскай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь Мiкалай Жогал.
Льнозавод самастойна сее i вырошчвае лён, апрацоўвае, убiрае i перапрацоўвае сыравiну ў iльняное валакно. Цяпер пасяўная кампанiя ўжо завяршылася: пасеяна тры тысячы гектараў ільну. Адзнаку на такiм высокiм узроўнi калектыў успрыняў не як падвядзенне вынiкаў, а як стымул пацвярджаць гонар i развiвацца далей.
Адным з пераможцаў у лiку арганiзацый сельскай i рыбнай гаспадаркi названа камунальнае сельскагаспадарчае ўнiтарнае прадпрыемства «АграСолы» Смаргонскага раёна. Прадмет гонару гаспадаркi — рэалiзацыя малака, за суткi яна накiроўвае на перапрацоўку каля 100 тон «белага золата». Прадпрыемства таксама спецыялiзуецца на вытворчасцi мяса, вырошчваннi збожжавых i зернебабовых культур, рапсу, цукровых буракоў i кукурузы.
Сярэдняя зарплата ў гаспадарцы каля 3 тысяч рублёў, для сваiх работнiкаў кiраўнiцтва пабудавала 120 кватэр. За мiнулыя 20 гадоў у гаспадарцы правялi маштабную рэканструкцыю некаторых комплексаў, пабудавалi, абсталяваўшы па апошнiх патрабаваннях, новыя МТК «Солы», «Вiкторыя» i «Кавалi», увялi ў эксплуатацыю камбiкормавы цэх i цэх па перапрацоўцы масланасення рапсу. Акрамя таго, прадпрыемства захавала ў аграгарадку Солы быткамбiнат, адкрыла ўласную базу адпачынку i кафэ.
«Для нас вялiкi гонар i павышаная адказнасць быць занесенымi на Рэспублiканскую дошку Гонару. Роўна як i новы стымул рухацца наперад, забяспечваючы харчовую бяспеку краiны», — адзначыла дырэктар КСУП «АграСолы» Вольга Лук’яненка.
Сярод арганiзацый адукацыi ўказам кiраўнiка дзяржавы адзначаны Уваравiцкi цэнтр дзiцячай творчасцi Буда-Кашалёўскага раёна. За мiнулы год яго навучэнцамi заваявана больш чым 130 дыпломаў: 65 абласнога ўзроўню, 25 — рэспублiканскага i 40 — мiжнароднага. Штогод дыпломы пераможцаў абласных i рэспублiканскiх конкурсаў атрымлiваюць i педагогi ўстановы. Гонар установы — тры калектывы са званнямi: народная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасцi «Чараўнiцы», узорны тэатр моды «Хобi-style» i заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь узорны ансамбль танца «Мiлавiца».
— Сёння ў нас займаецца больш як 1370 дзяцей з усяго Буда-Кашалёўскага раёна. Працуе 114 аб’яднанняў па iнтарэсах, а адукацыйны працэс забяспечваюць 36 педагогаў, — прадстаўляе сваю каманду дырэктар цэнтра Iрына Зыблева. — Мы вельмi рады, што можам праславiць нашу Уваравiцкую зямлю, Буда-Кашалёўскi раён i Гомельскую вобласць. Наш абавязак — трымаць i надалей высокую планку ў працы, працягваць развiвацца.
На Рэспублiканскую дошку Гонару будзе занесены Пастаўскi тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Ён па вынiках мiнулага года быў прызнаны найлепшым у краіне.
У структуры ТЦСАН функцыянуе дзевяць аддзяленняў, у 2024 годзе былi адкрыты два стацыянарныя сацыяльныя пункты.
Летась паслугамi ўстановы былi ахоплены звыш 2000 пажылых, iнвалiдаў, сем’яў з дзецьмi. На сёння абслугоўваннем па месцы жыхарства ахоплена амаль 1100 чалавек. Два аддзяленнi кругласутачнага знаходжання для пажылых i iнвалiдаў забяспечваюць пастаянны догляд i рэабiлiтацыю, як i аддзяленне сацыяльнай рэабiлiтацыi, абiлiтацыi iнвалiдаў у Лынтупах. Там для людзей з абмежаванымi магчымасцямi працуюць чатыры майстэрнi.
«Быць у лiку найлепшых — вялiкае прызнанне для нашага калектыву. На дасягнутым не спыняемся, наперадзе — новыя праекты, накiраваныя на паляпшэнне якасцi жыцця нашых наведвальнiкаў», — расказала намеснiк дырэктара Вольга Антух.
Сярод арганiзацый культуры Рэспублiканскую дошку Гонару ўпрыгожыць Музей «Замкавы комплекс «Мiр». «Гэта перамога ўсяго нашага калектыву, да чаго мы вельмi доўга iшлi, за што хачу падзякаваць кожнаму, хто зрабiў свой унёсак у дасягненне такога значнага вынiку. А ён немалы, — пракаментаваў падзею дырэктар музея Аляксандр Лойка. — На сёння сваiмi сiламi мы зарабляем каля 75 % ад аб’ёму ўсiх даходаў установы i 25 % складае фiнансаванне з боку дзяржавы, што вельмi iстотна. Iншымi словамi, дзяржава нам дала своеасаблiвую вуду, даўшы магчымасць зарабляць самiм, з чым, лiчу, мы ўпэўнена спраўляемся. Вынiкам гэтага з’яўляецца эфектыўнасць работы прадпрыемства. Толькi летась за кошт уласных сродкаў мы ўладкавалi дамбу i летнюю кавярню, сёлета поўным ходам iдзе стварэнне iтальянскага парку.
Трэцяй чаргой рэканструкцыi стане стварэнне англiйскага пейзажнага парку, чацвёртай — аднаўленне палаца Святаполк-Мiрскiх. «З рэалiзацыяй гэтых планаў наш аб’ект стане паўнавартасным замкавым комплексам, што ў перспектыве дазволiць рэалiзаваць нашу мару — атрымаць замкаваму комплексу статусу нацыянальнага», — падзялiўся Аляксандр Лойка.
Афiцыйнае адкрыццё абноўленай Рэспублiканскай дошкi Гонару адбудзецца напярэдаднi Свята працы.
Па матэрыялах нашых карэспандэнтаў