Вахтавая работа прыцягвае многіх людзей магчымасцю зарабіць салідную суму грошай за кароткі перыяд часу.
Аднак менавіта гэтая прывабнасць робіць яе мішэнню для ашуканцаў.
Яны могуць ствараць фальшывыя вакансіі, абяцаючы залатыя горы, але ў выніку пакідаюць суіскальнікаў без грошай і працы. Таму, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, неабходна старанна правяраць кожную прапанову і быць гатовым распазнаць прыкметы махлярства.
Так, у Пінскі ГАУС звярнулася 20-гадовая мясцовая жыхарка з заявай аб тым, што невядомы падчас перапіскі ў месенджары на падставе дапамогі ў працаўладкаванні ашуканскімі дзеяннямі завалодаў яе грашовымі сродкамі. Падчас праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўнікі высветлілі, што гараджанка вырашыла знайсці на лета работу вахтавым метадам. Прагортвала ролікі ў сацыяльнай сетцы і знайшла інфармацыю аб працаўладкаванні за мяжой. У роліку быў паказаны акаўнт пад імем «Работа ў Еўропе», на якім мелася спасылка з пераходам у месенджар, дзе змяшчалася інфармацыя аб месцы работы, хуткім афармленні дакументаў і розных вакансіях.

Дзяўчына перайшла па дадзенай спасылцы ў мэсанджар і патрапіла на карыстальніка «Дзмітрый (Работа ў Еўропе)». У ходзе перапіскі ёй прапанавалі работу ў Германіі: працаваць на складзе па ўпакоўцы тавару вахтавым метадам, пры гэтым быццам бы прадастаўлялася жыллё, харчаванне і страхоўка. Дзяўчыне прапанавалі перавесці спачатку грошы за афармленне на працу, потым пачалі патрабаваць пад рознымі падставамі дадатковыя плацяжы.
У выніку пінчанка, даверыўшыся, унесла некалькі плацяжоў на агульную суму больш за 800 рублёў. Не дачакаўшыся абяцанага працаўладкавання, яна зразумела, што стала ахвярай махляроў, звярнулася па дапамогу ў міліцыю.
Праваахоўнікамі працягваецца работа па ўстанаўленні ўсіх абставін, а таксама асоб, якія маюць дачыненне да ўчынення махлярства. Следчымі дадзена прававая ацэнка, па факце махлярства ўзбуджана крымінальная справа.