400 кіраўнікоў устаноў адукацыі і спецыялістаў органаў кіравання ёю абмяркоўвалі асноўныя кірункі дзейнасці ў сістэме дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай і прафесійнай адукацыі. Галоўнай мэтай вялікага дыялогу педагогаў было абмеркаванне з калегамі кропкавых момантаў, якія перад першым верасня патрабуюць асаблівай увагі.
А абмяркоўваць, на думку міністра адукацыі Беларусі Андрэя ІВАНЦА, было што — перад сістэмай адукацыі на наступны навучальны год пастаўлены сур’ёзныя задачы. І іх трэба вырашаць.
Дашкольная адукацыя
Па словах кіраўніка адукацыйнага ведамства, у 2026 годзе прыняты новы стандарт і праграма дашкольнай адукацыі: інклюзія, функцыянальная пісьменнасць, раскрыццё інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту. Але ёсць пытанні, на якіх трэба сканцэнтравацца асабліва.
— Сёння мы павінны прадоўжыць работу па стварэнні гнуткіх рэжымаў работы дзіцячых садкоў — у адпаведнасці з запытамі бацькоў, — лічыць міністр. — Ад стварэння груп кароткачасовага знаходжання да 12-гадзіннага графіка працы. Мы таксама павінны пашыраць сетку ясельных груп для малых да двух гадоў, каб кожная маладая мама мела магчымасць і выхоўваць дзіця, і праявіць сябе прафесійна.
Дарэчы, у нашай краіне ўжо паспяхова функцыянуе больш за 500 такіх груп.
— Запыт ад жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да 3 гадоў і раней хочуць выйсці на работу, ёсць. Таму задача даць такую магчымасць у кожным раёне становіцца адной з актуальных, — канстатуе Андрэй Іванец.
Ключавая фігура — настаўнік
На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ключавым звяном застаецца настаўнік. Нягледзячы на ўкараненне новых сучасных тэхналогій у самыя розныя сферы, у тым ліку ў адукацыю, навучанне павінна адбывацца твар у твар, вочы ў вочы, упэўнены міністр:
— З новага навучальнага года мы запускаем школу педагогаў на базе Акадэміі нацыянальнай адукацыі для настаўнікаў-прадметнікаў. У аснове гэтай ініцыятывы будзе глыбокі аналіз вынікаў уступнай кампаніі, уключаючы цэнтралізаваны экзамен, нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі і новыя падыходы, якія плануецца ўкараніць. У прыватнасці, вучні 8-х класаў стануць удзельнікамі пілотнага праекта па паглыбленым вывучэнні матэматыкі, фізікі, біялогіі і хіміі.

Па асабістым перакананні Андрэя Іванца, ранняя прафарыентацыя, прывіццё шчырай цікавасці да вучобы, усвядомлены выбар адукацыйнага і прафесійнага шляху кожнага школьніка будуць спрыяць фарміраванню матываваных і мэтанакіраваных вучняў, студэнтаў, а ў будучыні — такіх жа спецыялістаў:
— Акрамя існуючых інструментаў дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі, класаў прафесійнай накіраванасці неабходна забяспечыць поўны ахоп школьнікаў наведваннем прадпрыемстваў рэгіёна, — адзначае кіраўнік адукацыйнага ведамства.
Спецыяльная адукацыя
Інклюзіўная адукацыя становіцца ўсё больш індывідуальнай.
— Мы бачым, наколькі важна даць гнуткі адукацыйны маршрут для кожнага асаблівага дзіцяці, — падкрэслівае міністр. — Праца з такімі дзецьмі патрабуе індывідуальнага падыходу абсалютна да кожнага з іх. Гэта можна рэалізаваць праз інтэграваныя класы ў школах або дзіцячых садках. Лічу, што ў гэты працэс трэба больш актыўней уцягваць і цэнтры карэкцыйнага развіцця, пашырыўшы іх патэнцыял.
Па словах міністра, неабходна правесці мэтанакіраваную работу па стварэнні там камфортнага і сучаснага інклюзіўнага асяроддзя: ад паляпшэння даступнасці цэнтраў да сучаснага аснашчэння. Дарэчы, абноўлены пералік неабходных мерапрыемстваў ужо даведзены да ўсіх рэгіёнаў.
Прафесійная адукацыя
Цэнтры кампетэнцый і конкурсы прафмайстэрства сярод навучэнцаў каледжаў — на гэтых двух пытаннях Андрэй Іванец завастрыў асаблівую ўвагу:
— Цэнтры кампетэнцый павінны развівацца пастаянна — ад сучаснага абсталявання да павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў. У планах — стварэнне ў наступным годзе на базе каледжаў, прычым у кожным рэгіёне, цэнтраў падрыхтоўкі спецыялістаў па рабатызацыі і бязлюднай вытворчасці. І гэта не даніна модзе, а канкрэтны запыт эканомікі, які закладзены ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Што датычыцца конкурсаў прафесійнага майстэрства, то іх, па перакананні кіраўніка адукацыйнага ведамства, неабходна выводзіць на прынцыпова новы ўзровень:
— Восенню павінны прайсці абласныя этапы ў фармаце фестываляў з запрашэннем гледачоў, бацькоў, школьнікаў. У красавіку 2027 года пройдзе фінал VІІ Рэспубліканскага конкурсу ProfSkіlls у трох намінацыях: навучэнцы каледжаў, майстры вытворчага навучання, рабочыя арганізацый і прадпрыемстваў. У дадатак да фарматаў ШАС і БРІКС пройдзе чэмпіянат СНД+.
Дадатковая адукацыя
З 1 верасня ў Беларусі пачне работу Нацыянальны цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Міністр называе гэтую падзею вельмі важнай, бо гарманічна развітая асоба шмат у чым фарміруецца менавіта ва ўстановах дадатковай адукацыі:
— Збалансаваныя гурткі творчых, мастацкіх, спартыўных і інтэлектуальных профіляў павінны быць даступныя для ўсіх нашых дзяцей, — упэўнены Андрэй Іванавіч. — Новая структура для таго і створана, каб накіроўваць і аб’ядноўваць інтарэсы дзяцей і забяспечыць навуковае, метадычнае і педагагічнае суправаджэнне.
З бліжэйшых перспектыў у сферы дадатковай адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што ў новым навучальным годзе Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк упершыню арганізуе і правядзе летнюю школу інжынерна-тэхнічных цэнтраў. У планах таксама — падрыхтоўка школьнікаў да ІІ Рэспубліканскай алімпіяды па штучным інтэлекце.
— На базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка мы ўпершыню запусцім вочныя курсы для педагогаў інжынерна-тэхнічнага профілю, — падзяліўся яшчэ адной навацыяй міністр адукацыі.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА