Як на шклозавод «Нёман» прынялі працоўнага мігранта з Егіпта, чаму вырашылі працаўладкаваць яшчэ некалькіх работнікаў і ў чым перавагі работы з мігрантамі ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта «Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне працоўнай міграцыі», расказалі на прадпрыемстве.
У ААТ «Шклозавод «Нёман» уважліва вывучылі ўказ Прэзідэнта «Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне працоўнай міграцыі». І хоць на сёння ў калектыве прадпрыемства лічыцца адзін замежны работнік, новы дакумент для завода важны: ужо з чэрвеня тут плануюць прыняць на працу яшчэ пяць чалавек, якія прыбылі з Егіпта.
«Работа з працоўнымі мігрантамі ў нас толькі пачынаецца. У канцы лістапада 2024 года да нас прыбыў грамадзянін Арабскай Рэспублікі Егіпет. На радзіме ён працаваў на прадпрыемстве па вытворчасці шкловырабаў, і досвед працы ў яго ўжо быў, таму мы станоўча паставіліся да яго жадання працаваць у нашым калектыве і прынялі гравiроўшчыкам у эксперыментальна-мастацкі цэх», — расказала начальнік аддзела кадраў шклозавода Юлія Урбановіч.

Як кажа кадравік, новы шліфоўшчык шкла і шкловырабаў Зідан Самех Алі Мухамад мае 7-ы вытворчы разрад. На «Нёман» ён прыехаў матываваным, кваліфікаваным работнікам і з вялікім жаданнем, гатоўнасцю прыступіў да працы. Якасцю яго работы і стаўленнем да працоўных абавязкаў на заводзе вельмі задаволены.
«У яго ёсць і свой асаблівы вопыт, які нам таксама цікавы, — адзначае Юлія Урбановіч. — Нашы работнікі ўмела выбудавалі з новым работнікам прафесійнае ўзаемадзеянне».
У руках Зідана Самеха Алі Мухамада сапраўды нараджаецца сапраўдная крыштальная прыгажосць. Адарваўшыся ненадоўга ад працэсу, ён расказвае пра тое, што прывяло яго з егіпецкага горада Эль-Махала-Эль-Кубра, што ў правінцыі Эль-Гарбія, у беларускую Бярозаўку.
«Я працаваў у Егіпце, і маёй мэтай было працаўладкавацца ў адным з цэнтраў крыштальнай прамысловасці. Выбраў Беларусь, шклозавод „Нёман“, таму што тут добра працуюць з сапраўдным 24-працэнтным свінцовым крышталём, а гэта і было маёй мэтай. Цяпер у свеце мала заводаў, якія вырабляюць сапращдны хрусталь.
«Я ўжо даўно чуў пра шклозавод Нёман — адно з самых раскошных крыштальных прадпрыемстваў у свеце», — расказвае егіпцянін.Як дзеліцца Зідан Самех Алі Мухамад, яму падабаецца працаваць на «Нёмане». Тут выдатныя спецыялісты сваёй справы, перакананы ён. Цяпер вывучае беларускі вопыт і лічыць яго вартым таго, каб усе гравёры з ім пазнаёміліся.

Тым часам на прадпрыемстве займаюцца афармленнем неабходных дакументаў для прыёму на работу на ўчастак выпрацоўкі яшчэ некалькіх чалавек, якія прыбылі з Егіпта. «Плануецца, што з чэрвеня яны ўвальюцца ў калектыў, — кажа начальнік аддзела кадраў. — Будуць працаваць па прафесіі „выдувальшчык шкловырабаў“. Яны таксама працавалі на аналагічных вытворчасцях у Егіпце, маюць прафесійны досвед». Для бярозаўскага завода гэта важна, бо прадпрыемства ўнікальнае, на вытворчасці выкарыстоўваецца складаная ручная праца. З’яўленне работникащ з уласным выпытам тут цікава яшчэ і таму, што дае магчымасць яго вывучыць, у чымсьці ўзбагаціць і пашырыць свае напрацоўкі.
«Мы ўважліва вывучылі ўказ Прэзідэнта, каб у адпаведнасці з заканадаўствам арганізаваць работу працоўных мігрантаў на нашым прадпрыемстве, — запэўнівае Юлія Урбановіч. — Складзены план мерапрыемстваў па рабоце з мігрантамі, вызначаны адказныя асобы, абазначаны перыяды выканання даручэнняў. Частка пунктаў гэтага плана ўжо выканана. Пяць грамадзян Егіпта ўжо прыбылі, іх азнаёмілі з усімі дакументамі, рэгламентаванымі Працоўным Кодэксам, з працоўнымі інструкцыямі, паказалі рабочыя месцы, дзе трэба будзе працаваць. Правялі заняткі па ахове працы.

Як расказалі на прадпрыемстве, пасялілі гэтых грамадзян Егіпта ў заводскім гатэлі, які пераводзіцца ў статус інтэрната. Умовы для пражывання там выдатныя. Усё неабходнае ёсць, у тым ліку кухня, дзе можна гатаваць самастойна. І ўсё ж, з улікам пажаданняў першага працаўладкаванага, у меню сталовай прадпрыемства ўключылі стравы, якія для іх больш звыклыя. Кантроль за ўмовамі пражывання працоўных мігрантаў ускладзены на начальніка службы сацыяльнага забеспячэння і загадчыка гаспадаркай прадпрыемства.
«Гэтыя работнікі трапілі да нас невыпадкова, — тлумачыць начальнік аддзела кадраў шклозавода „Нёман“. — Некалькі гадоў таму яны былі на заводзе ў рабочай паездцы разам з нашым партнёрам з Егіпта, з якім мы супрацоўнічалі. Так што яны ведалі, куды едуць. Выйшлі на нас праз службу занятасці, дзе мы пакінулі звесткі аб вакансіях для працоўных мігрантаў. Аформілі, як належыць, усе неабходныя дакументы. Наш першы работнік з Егіпта працуе якасна, старанна, паводзіць сябе законапаслухмяна. Разлічваем, што іх праца будзе карысная прадпрыемству».
Паводле матэрыялаў БЕЛТА