Top.Mail.Ru

Работніку не прадоўжылі кантракт — умяшаўся прафсаюз

Ці можа наймальнік у аднабаковым парадку звольніць работніка па заканчэнні тэрміну дзеяння кантракта? Ці абавязаны работадавец заключыць з работнікам новы дагавор, калі не было спагнанняў? Якія гарантыі занятасці ёсць у работніка звыш працоўнага заканадаўства?


З такімі пытаннямі прафсаюзныя юрысты ў сваёй практыцы сутыкаюцца ўвесь час. Прычым як падчас правядзення грамадскага кантролю ў арганізацыях і прадпрыемствах, так і непасрэдна ў рабоце са зваротамі грамадзян.

Так, работнік аднаго з прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны Гомельшчыны атрымаў ад наймальніка апавяшчэнне аб непрацягненні працоўных адносін у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракта. З такім рашэннем ён быў не згодзен. Работнік сваё жаданне прадоўжыць работу ў арганізацыі выказаў у пісьмовай форме, а таксама па падтрымку звярнуўся ў прафсаюз.

— Сітуацыя патрабавала выезду ў арганізацыю. У першую чаргу для вывучэння лакальных дакументаў. На прадпрыемства распаўсюджваецца дзеянне галіновага Тарыфнага пагаднення, якім гарантавана прадаўжэнне працоўных адносін, у тым ліку заключэнне новага кантракта, з работнікамі, якія добрасумленна працуюць і не дапускаюць парушэнняў выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны. У цэлым такія дакументы нароўні з заканадаўствам рэгулююць працоўныя адносіны. Таму грэбаваць ці «забываць» аб яго нормах недапушчальна. Акрамя таго, такія пагадненні — гэта прыклад замацавання дадатковых гарантый для работнікаў у параўнанні з дзейным заканадаўствам. І, як правіла, у большасці пагадненняў і калектыўных дагавораў гарантыі занятасці прадугледжаны. У канкрэтнай сітуацыі такое становішча стала важкім аргументам пры вырашэнні спрэчкі з наймальнікам, — расказаў Валерый Армушэвіч, галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза працаўнікоў АПК.

Працоўны канфлікт удалося ўрэгуляваць у дасудовым парадку. Наймальнік з выдадзенай прадстаўніком галіновага прафсаюза рэкамендацыяй пагадзіўся. І з работнікам заключаны новы кантракт на 3-гадовы тэрмін.

Нагадаем, што кожны работнік, у якога ёсць пытанні па ўмовах работы або ўзнікла спрэчная сітуацыя з наймальнікам, можа звярнуцца ў прафсаюзы па адзіным нумары — 8 801 100 1111. Таксама звярнуцца можна і асабіста — ужо ў гэты чацвер, 29 мая, па ўсёй краіне пройдуць прафсаюзныя выязныя прававыя прыёмы. З месцам і часам прыёму можна азнаёміцца на афіцыйным інтэрнет-партале ФПБ.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю