Top.Mail.Ru

Работу са зваротамі грамадзян дэпутат Мікалай Маратаеў пачынае задоўга да асабістай сустрэчы з заяўнікамі

Маршрут даверу — пабудаваны


Для члена Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Мікалая Маратаева кожны прыезд у выбарчую акругу — магчымасць дапамагчы ў вырашэнні хвалюючых пытанняў жыхарам роднага рэгіёна, паўдзельнічаць у яго жыцці і далейшым развіцці.


Час, які штомесяц адводзіцца на работу ў акрузе, зразумела, праходзіць у насычаным рытме. Яго 41-я Калінкавіцкая выбарчая акруга аб’ядноўвае Калінкавіцкі, Акцябрскі раёны і чатыры сельскія Саветы Светлагорскага раёна. Тэрыторыя вялікая і вельмі працяглая, населеныя пункты аддаленыя, са сваімі асаблівасцямі, таму кожны выезд дэпутат пачынае з дбайнай падрыхтоўкі сустрэч самага рознага фармату.

— Дапамагае пастаянны кантакт з тымі, дзеля каго працуеш, веданне надзённага клопату людзей, разуменне спецыфікі раёнаў, — адзначае Мікалай Маратаеў. — У нашай рабоце, каб дасягнуць выніку, вельмі важна аб’ядноўваць намаганні людзей. Калі ёсць паразуменне паміж мясцовай уладай, кіраўнікамі арганізацый, службамі і самімі жыхарамі, многія пытанні атрымліваецца вырашаць значна хутчэй.

Як правіла, рабочы тыдзень у выбарчай акрузе Мікалай Валянцінавіч пачынае з сустрэчы з кіраўніцтвам органаў мясцовай улады ў раёнах, цікавіцца сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй, якія пытанні найбольш актуальныя і патрабуюць увагі.

Асобнае месца ў графіку работы дэпутата займаюць «прамыя тэлефонныя лініі» і асабістыя прыёмы грамадзян. Праходзяць яны ў Калінкавічах і Акцябрскім, а таксама дэпутат вядзе прыёмы па чарзе ў кожным з чатырох сельскіх Саветаў Светлагорскага раёна. Такая практыка, што важна, дазваляе звярнуцца да парламентарыя і жыхарам невялікіх населеных пунктаў, якім не заўсёды зручна ехаць у райцэнтр.

У гэтай рабоце дэпутат выпрацаваў свой падыход, і, як правіла, работа са зваротамі пачынаецца задоўга да непасрэднай сустрэчы. Яшчэ да прыезду Мікалая Маратаева ў выбарчую акругу памочнік дэпутата звязваецца з заяўнікамі, удакладняе ўсе дэталі звароту, просіць пры неабходнасці загадзя падрыхтаваць дакументы. Нярэдка ўжо на гэтым этапе атрымліваецца знайсці неабходныя рашэнні, арганізаваць узаемадзеянне з адпаведнымі службамі. Дзякуючы гэтаму частка пытанняў вырашаецца загадзя.


Як звяртае ўвагу дэпутат, у асноўным людзей хвалююць асабістыя пытанні. Хоць нярэдка на прыёмах і «прамых лініях» узнімаюцца і праблемы грамадскага характару: стан дарог, пытанні водазабеспячэння, добраўпарадкавання, пэўныя камунальныя праблемы.

— Стараемся рэагаваць максімальна аператыўна, — падкрэслівае дэпутат. — Адзначу, што мясцовыя органы ўлады таксама імкнуцца максімальна разабрацца з праблемнымі пытаннямі яшчэ на сваім узроўні, у райвыканкамах і сельскіх Саветах, каб мінімізаваць колькасць нявырашаных праблем, — удакладняе Мікалай Валянцінавіч.

Ад жыхароў 41-й Калінкавіцкай выбарчай акругі ўжо не раз прыходзілі падзячныя лісты на імя Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі: дзякуюць людзі за дапамогу ў вырашэнні як асабістых, так і сацыяльна важных пытанняў пры падтрымцы Мікалая Маратаева.


Адзін са зваротаў, які ўдалося паспяхова вырашыць вельмі аператыўна, — сітуацыя ў кватэры апекуна дваіх непаўналетніх дзяцей — пенсіянеркі з Калінкавіч. З-за прамярзання сцен, а як вынік і ўтварэння кандэнсату з-за перападу тэмператур, у жыллі заяўніцы з’явілася цвіль. Пасля звароту да дэпутата было арганізавана абследаванне кватэры. Нягледзячы на тое што капрамонт планаваўся толькі праз два гады, тэрміны перагледзелі. Удалося ўстанавіць прычыны прамярзання сцен, і неабходныя рамонтныя работы выканалі адразу, нягледзячы на тое, што на вуліцы тады стаялі моцныя маразы.

— Такія сітуацыі паказваюць, што часам чалавеку проста неабходна дапамагчы зрушыць вырашэнне пытання з месца. Не таму, што яму дзесьці прынцыпова адмовілі, а таму, што працэс па розных прычынах, у тым ліку аб’ектыўных, зацягваецца, — тлумачыць дэпутат.

Юрыдычная адукацыя, як пацвердзіў Мікалай Валянцінавіч, сапраўды, вельмі дапамагае яму ў разглядзе многіх зваротаў. Разам з тым ён заўсёды звяртае ўвагу на межы дэпутацкіх паўнамоцтваў.

— Часам людзі памылкова лічаць, што дэпутат можа сваім рашэннем вырашыць любую спрэчку. Напрыклад, калі гаворка ідзе аб грамадзянска-прававым канфлікце, звязаным з карыстаннем зямельным участкам. Між тым такія пытанні разглядаюцца выключна ў судовым парадку, і дэпутат не мае права ўмешвацца ў прыняцце судовых рашэнняў. Тое ж датычыцца і крымінальных спраў. Бывае, чалавек прыходзіць з надзеяй, што дэпутат зможа паўплываць на ход следства або разгляд справы ў судзе. Мы заўсёды тлумачым, што заканадаўствам гэта выключана. Нельга ўмешвацца ні ў дзейнасць органаў следства, ні тым больш суда. Пасля тлумачэнняў людзі, як правіла, ставяцца з разуменнем, хоць, вядома, чалавек вельмі эмацыянальна такое перажывае, — адзначае дэпутат.

Для Мікалая Валянцінавіча пастаянная сувязь з жыхарамі сваёй акругі — не толькі магчымасць дапамагчы ў вырашэнні канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Асобны кірунак работы — маніторынг цэн, якасці тавараў, іх асартыменту ў крамах, забеспячэнне сацыяльна значнымі прадуктамі, а таксама — маніторынг цэн і даступнасць лекавых сродкаў у аптэчнай сетцы. Падчас кожнай паездкі ў акругу Мікалай Маратаеў праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі, моладдзю, грамадскімі аб’яднаннямі, ветэранскімі арганізацыямі, імкнецца ўдзельнічаць ва ўсіх важных мерапрыемствах у раёнах выбарчай акругі.


Даволі плённа паказала сябе практыка сустрэч дэпутата з прадпрымальнікамі, калі ў жывым дыялогу абмяркоўваюцца пытанні вядзення бізнесу, прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтым кірунку.

У цэнтры яго ўвагі, як падкрэслівае Мікалай Валянцінавіч, абавязкова прысутнічаюць пытанні развіцця тэрыторыі раёнаў выбарчай акругі. Сёння асобная ўвага на Гомельшчыне ўдзяляецца якраз Калінкавічам і Калінкавіцкаму раёну, дзе пройдзе абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Летась Калінкавіцкі і Акцябрскі раёны сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні ў сваіх катэгорыях.

Як нагадаў Мікалай Валянцінавіч, у мінулыя гады прайшло маштабнае добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка Азарычы Калінкавіцкага раёна і завяршыўся народны праект захавання памяці — рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу ў памяць аб вязнях Азарыцкага лагера смерці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На Светлагоршчыне днямі адкрыўся пасля маштабнай рэканструкцыі комплекс воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён».

— Гэтыя знакавыя патрыятычныя ініцыятывы, сапраўды, асаблівы гонар жыхароў раёнаў не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй краіны, — падкрэсліў дэпутат.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва героя

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю