Расці, багатыр!
Член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ала Смаляк павіншавала маладых матуль, чые малыя нарадзіліся з вагой больш за чатыры кілаграмы. Напярэдадні Дня маці ў Гомельскім абласным радзільным доме прайшло свята ў рамках акцыі «Багатыры Гомельшчыны».
— Наша вобласць, уся краіна — гэта вялікая дружная сям’я. І мы рады падзяліць разам з вамі гэта бязмежнае шчасце — шчасце нараджэння дзіцяці, — адзначыла Ала Смаляк.
Як звярнула ўвагу сенатар, дабрачынную ініцыятыву «Багатыры Гомельшчыны» ў Год беларускай жанчыны Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа праводзіць сумесна з галоўным упраўленнем па ахове здароўя і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама. Праект накіраваны на падтрымку мацярынства, папулярызацыю сямейных каштоўнасцяў і прыцягненне ўвагі да пытанняў дэмаграфіі.

Для гамяльчанак Валерыі Піўцэвіч і Дар’і Адамовіч, якія нарадзілі дзяцей напярэдадні Дня маці, гэта першыя роды і, вядома, вельмі хвалюючая падзея ў жыцці. Абедзве сям’і з нецярпеннем чакалі з’яўлення малых, і вага нованароджаных прыемна здзівіла і бацькоў, і медыкаў.
Сын Валерыі з’явіўся на свет 1 кастрычніка. Па словах маладой маці, на ўльтрагукавым даследаванні спецыялісты прагназавалі вагу дзіцяці каля 3300 грамаў, аднак маленькі Мікалай нарадзіўся сапраўдным багатыром — 4070 грамаў і 55 сантыметраў. Для маладой мамы гэта стала сапраўднай нечаканасцю.
— Ён для нас вельмі доўгачаканы. Мы рыхтаваліся, чакалі. І вось ён з’явіўся, такі харошанькі, — дзеліцца эмоцыямі маладая мама.
Дачка Дар’і Адамовіч Ксенія нарадзілася з вагой 4530 грамаў і ростам 60 сантыметраў.
— Дачка з’явілася на свет трошкі пазней за папярэдні тэрмін. Нам называлі арыенціровачную вагу 3600–3700. Але дачушка нарадзілася сапраўднай багатыркай! Я некалькі разоў перапытала, калі сказалі вагу, спачатку не паверыла. Мабыць, генетыка, бо я нарадзілася пад чатыры кілаграмы, муж таксама, ды і самі мы высокія. Ну і, вядома, паўплывала тое, што трошкі перанасіла, яна паспела набраць вагу, — расказала мама нованароджанай.
Дар’я дадала, што ёй вельмі дапамагла падтрымка блізкага чалавека.
— У нас былі партнёрскія роды. Муж падтрымліваў мяне падчас схватак. Першыя эмоцыі пасля з’яўлення дачушкі ён падзяліў з намі — гэта бязмежнае шчасце, а ўсе цяжкасці родаў імгненна забываюцца, калі дзіця на руках, — падзялілася маладая маці.
З цёплымі пажаданнямі здароўя і дабрабыту Ала Смаляк уручыла маладым мамам карысныя падарункі.

— Падчас акцыі «Багатыры Гомельшчыны» мы ўшаноўваем ва ўсіх кутках нашай вобласці жанчын, у якіх нараджаюцца малыя вагой больш за чатыры кілаграмы. Сёлета ў рэгіёне віншаванні ў рамках акцыі атрымалі ўжо 15 сем’яў. Гэта яшчэ адна добрая ініцыятыва, каб прыцягваць увагу нашых грамадзян да каштоўнасці моцнай шчаслівай сям’і, цяжарнасці, мацярынства і бацькоўства, каб у нашых сем’ях з’яўлялася як мага больш дзетак, а дэмаграфічная сітуацыя паляпшалася, — падкрэсліла сенатар.
Парламентарый таксама зрабіла акцэнт на тым, што мацярынства і дзяцінства ў Беларусі знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы.
— У нашай краіне рэалізуецца маштабны комплекс мер па падтрымцы сям’і. Ствараюцца ўсе ўмовы, каб дзяцінства нашых малых было шчаслівым, бесклапотным і бяспечным, каб яны развіваліся і станавіліся добрымі, сумленнымі людзьмі, сапраўднымі патрыётамі роднай Беларусі. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, цяпла сямейнага шчасця, — перадала пажаданні член Савета Рэспублікі.
Цёплыя словы і віншаванні бацькам адрасавалі таксама старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Надзея Цупа і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Грыдзюшка.

Як было адзначана, штогод у Гомельскім абласным радзільным доме на свет з’яўляецца каля 200 дзяцей з буйной вагой.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА