Прафесар Ніна Ахмед на працягу 30 гадоў займаецца праблемай раку малочнай залозы. Яна пераканана: сучасныя дасягненні медыцыны павінны абавязкова падмацоўвацца верай пацыентак у перамогу над хваробай.
Чаму рак грудзей лідзіруе сярод анказахворванняў у жанчын? Якія метады лячэння найболей актыўна ўжываюць сёння пры гэтай паталогіі? Ці можна з такім дыягназам нараджаць дзяцей?
Гутарым пра гэта з галоўным навуковым супрацоўнікам лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ АМР ім. М. М. Аляксандрава, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, «Жанчынай года-2024» у намінацыі «Сэрца аддаю людзям» Нінай Ахмед.

Ранняя дыягностыка ўплывае на зніжэнне смяротнасці
— Рак малочнай залозы лідзіруе сярод анказахворванняў беларускіх жанчын. Чаму ён год ад году расце?
— Рак малочнай залозы — самае распаўсюджанае анказахворванне ў жанчын не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Яго рост тлумачыцца ў першую чаргу больш дасканалымі метадамі ранняй дыягностыкі. Жанчын з РМЗ не становіцца больш, проста раней мы не ведалі аб усіх, хто на яго хворы. Цяпер рэгулярным мамаграфічным абследаваннем ахоплены ўсе беларускі ва ўзросце 49 гадоў і старэйшыя, і злаякасныя новаўтварэнні грудзей часцей выяўляюцца ў нулявой і першай стадыях. Дзякуючы гэтаму ў Беларусі (як і ва ўсіх краінах, дзе ёсць праграмы мамаграфічнага абследавання) адзначана тэндэнцыя зніжэння смяротнасці ад РМЗ.
— Што кажа сучасная навука наконт прычын раку малочнай залозы? Якая катэгорыя жанчын больш да яго схільная: з дрэннай спадчыннасцю, тыя, хто не нараджаў, хто курыць, рэгулярна падвяргаецца стрэсам?
— Самыя высокія фактары рызыкі развіцця гэтай анкапаталогіі — наяўнасць раку грудзей або яечнікаў у дзвюх бліжэйшых сваячак па матчынай лініі і атыповая гіперплазія малочнай залозы, гэта значыць перадракавы стан, які характарызуецца празмерным разрастаннем тканак і з’яўленнем змененых клетак. Усе астатнія фактары другасныя. Аднак шкода курэння ўвогуле бясспрэчная, бо пашкоджвае сасуды, і пры РМЗ хірургі не рашаюцца ў гэтых выпадках на рэканструктыўныя аперацыі.
— Якія метады дыягностыкі выкарыстоўваюцца для абследавання малочнай залозы? Чаму адным жанчынам рэкамендуюць рабіць ультрагукавое даследаванне (УГД) малочных залоз, а іншым — мамаграфію?
— Для маладых жанчын больш інфарматыўны метад — УГД. Для жанчын ва ўзросце ад 49 гадоў — мамаграфія: у перыяд менапаўзы залозістая тканка замяшчаецца тлушчавай, і на яе фоне добра бачныя структурныя змены, дабраякасныя і злаякасныя пухліны, ушчыльненні, змены ў пратоках і кальцынаты. Пры дрэннай спадчыннасці, наяўнасці мутацый у генах часта звяртаюцца да ўдакладняльных метадаў дыягностыкі: напрыклад, магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ). Для ацэнкі ступені распаўсюджвання пухліннага працэсу выкарыстоўваецца высокаінфарматыўны метад — пазітронна-эмісійная тамаграфія (ПЭТ), з дапамогай якой выяўляюць пухліны і метастазы памерам у міліметры.
— Сёння прыкметна радзей, чым раней, чуеш аб важнасці самаабследавання. Яно ўжо не лічыцца эфектыўным?
— Сачыць за малочнымі залозамі, безумоўна, трэба кожнай жанчыне. І медыкі не адмовіліся ад ручнога прамацвання пры аглядзе пацыентак. Але гэты метад не прыводзіць да зніжэння смяротнасці. Нават самыя адчувальныя пальцы не здольныя выявіць мінімальны рак (нулявой і першай стадый).
— Дабраякасная пухліна заўсёды перарастае ў злаякасную?
— Не заўсёды. Але сачыць за дабраякаснай пухлінай абавязкова трэба. У шэрагу выпадкаў яе выдаляюць, часам абмяжоўваюцца кансерватыўным лячэннем ці проста назіраннем. Лічыцца, што 60 % усіх пухлін у малочных залозах — дабраякасныя.
Персанальны алгарытм
— У свой час вядомая амерыканская актрыса Анджэліна Джалі прафілактычна, не чакаючы дыягназу, звярнулася да двайной мастэктаміі (выдалення малочных залоз) з-за дрэннай спадчыннасці. Наколькі гэта апраўдана?
— У свеце гэта дастаткова распаўсюджаная практыка. Пры высокай ступені рызыкі такія аперацыі апраўданыя. Вядома, што ў бабулі Анджэліны Джалі і ў яе маці, якая памерла ў 56 гадоў, быў рак грудзей. Да таго ж маці актрысы змагалася з ракам яечнікаў. З улікам наяўнасці спадчынных мутацый у генах BRCA1 і BRCA2 рызыка ўзнікнення раку малочнай залозы ў Анджэліны Джалі перавышаў 87 %, а раку яечнікаў — 50 %. Пасля выдалення малочных залоз галівудскай знакамітасці ўстанавілі імпланты, а пазней прафілактычна выдалілі яечнікі.
— Ці робяць падобныя аперацыі ў нас?
— Так. Але кожны выпадак абмяркоўваецца кансіліумам спецыялістаў, вызначаюцца паказанні да такіх аперацый. Здараецца, пацыенткі настойваюць на выдаленні малочных залоз, а аб’ектыўных даных для такіх радыкальных дзеянняў няма. Калі ёсць магчымасць захаваць грудзі, мы так і робім.
— У залежнасці ад чаго канкрэтнай жанчыне выбіраюць той ці іншы метад лячэння?
— Сёння ўсё грунтуецца на малекулярна-генетычным падыходзе. Пасля біяпсіі вызначаюцца розныя малекулярна-генетычныя характарыстыкі пухліны. Іх спалучэнне паказвае, наколькі пухліна акажацца адчувальнай да лекавай — таргетнай, гармона-, хімія- ці імунатэрапіі. Гэта дазваляе распрацаваць індывідуальную тактыку лячэння. Рак малочнай залозы — сістэмнае захворванне: тут недастаткова выдаліць пухліну і правесці апрамяненне, трэба абавязкова выбраць патрэбную тэрапію, накіраваную на папярэджанне развіцця метастазаў. Чым меншая пухліна, тым больш шанцаў захаваць малочную залозу, тым даўжэй працягласць і лепшая якасць жыцця пацыентак.
— Пасля выдалення пухліны жанчыны пажыццёва павінны прытрымлівацца прызначанай тэрапіі?
— Не, усё залежыць ад таго, наколькі высокі фактар рызыкі і да якога віду сістэмнага лячэння адчувальная пухліна. Напрыклад, пры гармонаадчувальным раку малочнай залозы прадугледжваны прафілактычны прыём антыгарманальных таблетак працягласцю ад 5 да 10 гадоў.
Не падаць духам
— Ці заўсёды вы кажаце пацыентам усю праўду аб іх дыягназе?
— Бывае па-рознаму. Як правіла, расказваем пра дыягназ, тлумачым неабходнасць працяглага лячэння. Ёсць пацыенткі, якія не жадаюць чуць праўду. Для большасці прадстаўніц прыгожага полу выдаленне малочнай залозы — катастрофа. Таму вельмі важна знайсці для размовы патрэбныя словы, растлумачыць алгарытм тэрапіі, настроіць на яго выкананне, праінфармаваць аб магчымасці аднаўлення малочнай залозы.
— Пры якіх умовах у жанчын больш шанцаў справіцца з хваробай?
— Вельмі важная падтрымка з боку мужоў, дзяцей, сваякоў, сяброў. Часам даводзіцца размаўляць з мужчынамі, тлумачыць ім, як паводзіць сябе са сваёй спадарожніцай, каб яна пераадолела захворванне. Абавязковая ўмова для любой жанчыны пасля аперацыі — дысцыпліна, выкананне ўрачэбных рэкамендацый. І, безумоўна, шанцы справіцца з хваробай павялічвае вера ў выздараўленне. Гэта сур’ёзнае проціяддзе супраць любой хваробы. Часам жанчынам з аднолькавымі дыягназамі прызначаюць аднолькавае лячэнне. Аптымістка хутка ідзе на папраўку, у песімісткі — прагрэсу няма. Нярэдка ў пацыенткі аб’ектыўна дрэнны прагноз. Але яна хоча жыць, гатова змагацца і перамагае хваробу. Вось такія жанчыны больш за ўсё і запамінаюцца.
— Колькі жанчыны ў сярэднім жывуць пасля пастаноўкі дыягназу «рак малочнай залозы»?
— Пры нулявой і першай стадыях паказчык 5-гадовай выжывальнасці — больш за 96 %. Пры трэцяй стадыі раку малочнай залозы — 45-50 %.
— Ці ёсць у маладых жанчын пасля выдалення пухліны шанцы нарадзіць дзяцей?
— Ёсць. Мы актыўна супрацоўнічаем з РНПЦ «Маці і дзіця». Існуе навуковая праграма па распрацоўцы сістэмы аказання медыцынскай дапамогі жанчынам, якія жадаюць захаваць рэпрадуктыўную функцыю пры РМЗ і пасля выздараўлення нарадзіць дзіця. Мы распрацоўваем для гэтай катэгорыі схемы медыкаментознай абароны яечнікаў ад пашкоджвальнага дзеяння хіміятэрапіі. Эмбрыёны замарожваюцца і захоўваюцца ў біялагічным банку да завяршэння ўсяго перыяду лячэння. Лічыцца, што пацыентка з першай ці другой стадыямі раку пасля лячэння можа нараджаць праз тры гады, а калі пераадолена трэцяя стадыя раку — праз 5 гадоў.
— У чым заключаецца прафілактыка раку малочнай залозы?
— У здаровым ладзе жыцця. Акрамя збалансаванага харчавання, руху, для жанчын вельмі важны паўнацэнны, рэгулярны адпачынак, сон. Хранічная стомленасць, стрэсы — глеба для хвароб. Жанчына павінна знаходзіць час для клопату пра сябе, сваё здароўе, на рэгулярныя візіты да ўрачоў і абследаванне.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота з архіва суразмоўцы