Top.Mail.Ru

Банкаўская сістэма працуе стабільна

Трэнд да далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў дэманструе ўстойлівасць


Пра гэта і іншыя вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі ў студзені — сакавіку 2026 года на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка расказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман ГАЛОЎЧАНКА.

Па яго словах, назіраецца ўстойлівае нарошчванне доўгатэрміновай рэсурснай базы банкаў: «Попыт на крэдытныя рэсурсы з боку насельніцтва і эканомікі задавальняецца ў поўным аб’ёме. Інфляцыя запавольваецца, яе дынаміка ў гадавым выяўленні складаецца ніжэй за мэтавую траекторыю. За студзень — сакавік 2026 года цэны выраслі на 1,6 % пры гранічным параметры 2,5 %. Базавая інфляцыя склала 1,3 % пры мэтавым 1,6 %, — адзначыў Раман Галоўчанка. — У гадавым выяўленні прырост спажывецкіх цэн у сакавіку замарудзіўся да 5,4 %. Аператыўныя даныя за красавік пацвярджаюць устойлівасць трэнду да далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў. Ёсць усе перадумовы таго, што да канца года базавая інфляцыя складзе каля 5 %, а агульная інфляцыя — ніжэй за мэтавы параметр — не больш за 7 %. 

У Нацыянальным банку выказваюць занепакоенасць наконт адмоўнай дынамікі інвестыцый у асноўны капітал і зніжэння долі інвестыцый у ВУП. Па словах кіраўніка Нацбанка, маючы ў сярэднім за студзень — сакавік 2,5 мільярда рублёў у свабоднай ліквіднасці, у беларускіх банках дастатковы рэзерв для таго, каб узмацніць інвестыцыйнае развіццё краіны. Больш за тое, існуючы прафіцыт свабодных сродкаў дае магчымасць банкаўскай сістэме зніжаць кошт крэдытавання. Аднак на практыцы пакуль прасочваецца адваротная дынаміка: у сакавіку сярэднія стаўкі па інвестыцыйным фінансаванні дасягнулі 10,7 % гадавых супраць 10 % у снежні 2025-га, што не садзейнічае захаванню інвестыцыйнай актыўнасці.

Дарэчы, у першым квартале 2026 года банкі выдалі інвестыцыйных крэдытаў на суму 1,4 мільярда рублёў, расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Дзмітрый МУРЫН: «Нацбанк адзначае пазітыўную дынаміку: невялікі спад у пачатку года змяніўся добрымі тэмпамі ў сакавіку. Гэта дае нам падставу меркаваць, што па выніках года мэтавы паказчык па інвестыцыйным фінансаванні банкамі будзе выкананы», — падкрэсліў ён.

Як адзначыў спецыяліст, адным з прыярытэтаў працэнтнай палітыкі застаецца даступнасць крэдытаў, перш за ўсё для юрыдычных асоб. Другі ключавы кірунак — захаванасць зберажэнняў грамадзян і стварэнне прывабных умоў для ўкладчыкаў. Дарэчы, Нацыянальны банк фіксуе рост доўгатэрміновых укладаў насельніцтва:

«Мы заўсёды ўдзялялі вялікую ўвагу менавіта доўгатэрміновым укладам для таго, каб забяспечыць устойлівы прыток для банкаўскага сектара, адпаведна, і прывабныя ўмовы, — падкрэсліў Дзмітрый Мурын. — Раней быў акцэнт проста на доўгатэрміновыя дэпазіты. Самыя высокія, прывабныя стаўкі былі па дэпазітах больш за год (13–16 месяцаў). З гэтага года пачынаем крыху мяняць прыярытэты, пераходзіць на больш доўгатэрміновыя дэпазіты — звыш трох гадоў. Арыентуем банкі, каб яны менавіта па іх прапаноўвалі самыя высокія працэнтныя стаўкі».

Такім чынам насельніцтва паступова пераарыентуецца на ўклады тэрмінам больш за тры гады. Адпаведная тэндэнцыя, дарэчы, ужо назіраецца. «Дынаміка дастаткова добрая па месяцах. Гэта значыць, калі ў папярэднім годзе ў сярэднім прыцягвалася такіх дэпазітаў каля 2,5 мільёна рублёў штомесяц, то ўжо ў студзені атрымалі прырост 14 мільёнаў, у лютым — 37 мільёнаў, у сакавіку — 74 мільёны. Такая выбухная дынаміка прыросту доўгатэрміновых укладаў больш за тры гады».

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка таксама звярнуў увагу на пазітыўную дынаміку запаволення інфляцыі ў краіне. Гэта дае дадатковыя аргументы на карысць зніжэння працэнтных ставак на рынку. «Мы бачым, што фундаментальныя эканамічныя фактары, якія раней аказвалі моцнае праінфляцыйнае ўздзеянне ўнутры краіны і з-за мяжы — перш за ўсё імпартаваная інфляцыя, — паступова слабеюць. Усё гэта павышае верагоднасць таго, што ў найбліжэйшыя месяцы на разгляд праўлення будзе выносіцца пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання», — растлумачыў ён. Найбліжэйшае пасяджэнне па гэтым пытанні намечана сёлета на чэрвень. Верагодней за ўсё, будуць разглядацца варыянты зніжэння стаўкі рэфінансавання на 25 ці 50 базісных пунктаў.

У тэму 

Сітуацыя кіруемая

Раман Галоўчанка: «Інфляцыйныя працэсы цяпер носяць згасальны характар»

Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» заявіў старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка ў адказ на пытанне аб прагнозе сітуацыі з мяркуемай інфляцыяй.

— Прагнозы — рэч няўдзячная, асабліва ў нашым хутка зменлівым свеце. Цяпер наогул працэс вельмі дзіўны адбываецца, — лічыць кіраўнік Нацбанка. — Быццам бы па ўсіх прыкметах павінна наступаць ахаладжэнне ў сусветнай эканоміцы, але тым не менш мы бачым, што акцыі і амерыканскага фондавага рынку, і азіяцкіх рынкаў знаходзяцца на максімуме. Гэта значыць, усё роўна ўсе разлічваюць на тое, што будуць пераадолены бягучыя складанасці, альбо яны будуць ужо ўспрымацца як данасць.

Зыходзячы з гэтага Нацбанк Беларусі цяпер не бачыць рэзкіх чаканняў запаволення глабальнага эканамічнага росту:

— Таму інфляцыйныя працэсы сапраўды цяпер носяць згасальны характар. Мы ідзём пакуль ніжэй той траекторыі, якую для сябе вызначылі. І пакуль не назіраем нейкіх важкіх прычын для таго, каб чакаць паскарэння цэнавага росту. Хоць у той жа час мы назіраем пэўны рост цэн на знешніх рынках на многія беларускія экспартныя тавары. Таму пакуль гэтыя шокі ў беларускую эканоміку не транслююцца.

Раман Галоўчанка запэўніў, што рэгулятар уважліва за ўсім назірае, арсенал мер рэагавання на змены ў яго дастатковы:

— Але пакуль нашы прагнозы пацвярджаюцца, што інфляцыя будзе знаходзіцца ў межах зададзенага калідора. Калі будзе назірацца рэзкі рост сусветных цэн па імпартаваных намі пазіцыях, гэта будзе мець пэўны эфект, у тым ліку па энерганосьбітах. Але зноў-такі, мы гэта ўсё пралічваем, аналізуем і бачым, што сітуацыя абсалютна кіруемая.

Аміна НАЗАРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю