У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Налібоцкі» прайшоў першы нацыянальны паляўнічы фестываль «Налібоцкія стрэлы».
Гэта знакавая падзея для краіны. Ідэю яго правядзення, як расказаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Андрэй Карась, выношвалі не адзін год. Але дзякуючы сумеснай рабоце Мінлясгаса, БТПР і Валожынскага райвыканкама праект удалося ўвасобіць у жыццё.



Менавіта ў налібоцкіх лясах на працягу многіх стагоддзяў арганізоўваліся розныя паляванні. І зараз гэта мерапрыемства — не проста захаванне традыцый, а знаёмства з нашай гісторыяй і тлумачэнне мэты і ролі палявання ў сучасным свеце.
— Задумваючы гэты фестываль, мы ставілі перад сабой мэту зрабіць яго цікавым для шырокага кола ўдзельнікаў. Тут вопытныя паляўнічыя могуць падзяліцца сваім уменнем здабычы дзікіх жывёл, сваімі трафеямі, абмеркаваць навінкі ў сферы паляўнічай індустрыі і надзённыя пытанні, абмяняцца думкамі, — растлумачыў Андрэй Карась.
У рамках фестывалю прайшлі спецыялізаваныя рэспубліканскія выставы ягдтэр’ераў і беларускага ганчака, чэмпіянат вабільшчыкаў аленя, розныя майстар-класы, былі прадстаўлены стэнды з лепшымі трафеямі. Для дзяцей былі арганізаваны розныя гульнявыя зоны, пракат веласіпедаў.
Андрэй Карабельнікаў
Фота аўтара