Top.Mail.Ru
253

Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску пачнецца ў чэрвені

У чэрвені 2025-га будаўнікі пачнуць рамонт касцёла Святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл). Пра гэта расказала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына, паведамляе «Минск Новости».



У сталіцы сочаць за захаванасцю знакавых для горада будынкаў, у тым ліку Чырвонага касцёла, Пішчалаўскага замка і гістарычных будынкаў на вуліцы і ў праездзе Чыжэўскіх.

— Усе гэтыя будынкі — аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Вядома, належную ўвагу ўдзяляем іх абнаўленню і рэканструкцыі, — падкрэсліла Е. Лучына. — У чэрвені пачнуцца рамонтныя работы Чырвонага касцёла. Думаю, у 2026 годзе яны будуць завершаны.

Нагадаем, гэты касцёл закрылі ў 2022-м праз пажар, які здарыўся ў верасні таго ж года з прычыны няспраўнасці электраправодкі.

Што тычыцца Пішчалаўскага замка на вул. Валадарскага, то па гэтым аб’екце вядуцца праектныя працы. Пасля завяршэння абнаўлення там плануецца адкрыць кафэ, рэстараны беларускай кухні і не толькі. Уладкуюць і пляцоўку для культурных мерапрыемстваў, у тым ліку гістарычных рэканструкцый, з усталяванай сцэнай.

На вуліцы і ў праездзе Чыжэўскіх, у межах Лошыцкага парку, на фінішнай прамой рэканструкцыя з рэстаўрацыяй трох гістарычных будынкаў. Раней там размяшчаліся бровар і іншыя гаспадарчыя пабудовы.

— У Дзень горада плануем іх афіцыйна адкрыць. Там размесцяцца зала для правядзення шлюбаў, гасцініца, кафэ для дарослых і дзяцей. Атрымаецца і распісацца, і вяселле правесці, — падсумавала Е. Лучына.

Госця праграмы адзначыла: сёння прапрацоўваюцца варыянты аб правядзенні ўрачыстага роспісу маладых у новай зале для шлюбаў у 958-ы дзень нараджэння Мінска.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю