Top.Mail.Ru
169

Рамонт дахаў, утылізацыя дрэў. У Магілёве працягваюцца работы па навядзенні парадку пасля непагадзі

У Магілёве працягваюцца работы па навядзенні парадку ў горадзе пасля праходжання навальнічнага фронту, які накрыў абласны цэнтр у ноч з 9 на 10 ліпеня, перадае карэспандэнт БелТА.



Навальніца і парывы ветру да 26 м/с прынеслі ў горад нямала бед: тысячы паваленых дрэў, парушэнне электразабеспячэння, пашкоджаныя дахі, праблемы з працай гарадскога пасажырскага транспарта, парушэнне ў рабоце «Магілёўскай ЦЭЦ-2» і перабоі на ААТ «Магілёўхімвалакно» — з такімі праблемамі сутыкнуліся камунальныя і экстранныя службы раніцай 10 ліпеня. У горадзе з першых гадзін пасля навальніцы пачала працаваць камісія па НС, быў аб’яўлены рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Цягам усіх гэтых дзён у горадзе ідзе ліквідацыя наступстваў непагадзі. На сённяшні дзень усе асноўныя работы ў абласным цэнтры завершаны, камунальныя і экстранныя службы працягваюць працаваць лакальна.

Сярод асноўных работ на сёння — вываз і ўтылізацыя дрэў, якія ўпалі, аднаўленне пашкоджаных дахаў. Як расказаў начальнік Магілёўскага гарадскога аддзела па НС Вячаслаў Башарымаў, адноўлены дахі 42 шматкватэрных жылых дамоў, а таксама на 6 аб’ектах сацыяльнага значэння. Вядуцца рамонтныя работы па 33 адрасах сацыяльнага значэння і 58 шматкватэрных жылых дамах, 49 прыватным домаўладаннях.

У суботу ў Магілёве быў зняты рэжым надзвычайнай сітуацыі. На гэты момант «Магілёўская ЦЭЦ-2» працуе ў штатным рэжыме, на «Магілёўхімвалакне» яшчэ вядуцца работы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю