Пакуль у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага ідзе капітальны рамонт, там з’явіліся «12 крэслаў», якія неўзабаве знойдуць месца ў родных сценах. Пастаноўку паводле рамана Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова ажыццявіў мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кавальчык, але гэта сумесны праект, работа над якім ішла пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Русские сезоны». Нягледзячы на тое што «горкаўцы» цяпер працуюць не на сваёй сцэне, гэты спектакль прайшоў з аншлагам у зале Рэспубліканскага палаца культуры імя Мікалая Шарко, дзе адбылася прэм’ера.
«Ён любіў і пакутаваў. Любіў грошы і пакутаваў ад іх недахопу» — гэта галоўная характарыстыка героя рамана і спектакля «12 крэслаў» Астапа Бэндэра. Але ж ці не тое самае пачуццё рухае махлярамі ці рабаўнікамі ў любыя часы? А яны ж чамусьці не знікаюць як з’ява, што робіць твор, на жаль, актуальным, але і своеасаблівым пяпярэджаннем пры сустрэчах з падобнымі тыпамі. Узровень «недахопу», вядома, можа быць розны. Але ж тут гаворка пра вялікую спакусу — знайсці скарб з брыльянтамі, зашыты ў старое крэсла цешчай Вараб’янінава...
Крэслы з аднаго гарнітура праносяць у нас перад вачыма. Яны становяцца галоўнымі элементамі ў даволі лаканічным антуражы, што зразумела — на іх жа завязана інтрыга. Мастак Веніямін Маршак не імкнуўся напоўніць сцэну рознымі рэчамі ў вялікай колькасці, але гэта той выпадак, калі мінімалізм адкрывае прастору для дзеяння герояў — а іх тут вельмі многа.
І ўсе такія каларытныя, на каго ні паглядзі: мадам Грыцацуева, Элачка-людаедка, Альхен, Ляпіс-Трубяцкой, Ізнуронкаў, Кіслярскі, нават дзеці Паволжа, санаторнікі, «замучаныя нарзанам» ды іншыя!.. Айца Фёдара хіба што няма, але яго лінія адводзіла б увагу ад галоўнага — гарнітура мэблі.
І ад двух герояў, што на яго палююць.
У сцэнічнай версіі беларускага тэатра імя Горкага гісторыя авантурыста Астапа Бэндэра і калішняга двараніна Іпаліта Вараб’янінава ператварылася ў музычны спектакль. Была ў гэтым пэўная рызыка, бо шмат хто ведае музычны фільм рэжысёра Марка Захарава, песні з якога сталі папулярнымі (але гэта ж была яшчэ і не адзіная экранізацыя), — здавалася, параўнанняў не пазбегнуць... Але не! Бо тэатр «запальвае» жывой энергіяй тут і зараз, ад таго ж нашы «12 крэслаў» створаны ў ХХІ стагоддзі, і гэта адчуванне закладвае менавіта музыка. За яе варта падзякаваць Цімуру Каліноўскаму, які ў адной пастаноўцы здолеў аб’яднаць тое, што здавалася наогул неспалучальным. Тут «Вячэрні звон» ды «Божа, цара храні» разам з сучаснымі і актуальнымі тэмамі пра грошы, якія патрэбны ўсім, ды інфармацыю, што правіць светам, — яны гучаць у рытмах хіп-хопа. І скачуць пад іх персанажы Ільфа і Пятрова (дзякуючы харэографу Дзмітрыю Залескаму). Нават два галоўныя героі ў пэўны момант паўстаюць як запраўскія рэперы.
З Астапам усё зразумела: яго тата быў турэцка-падданы, а харызма ў гэтага героя такая, што ён здольны на ўсё, калі ведае, дзеля чаго. Артыст Аляксандр Гіронак у гэтай ролі пераканаўча-тонкі, хоць выглядае не столькі нахабным махляром, колькі чалавекам няпростага лёсу з хітрынкай (яшчэ адзін з выканаўцаў ролі — заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі, і адчуванне вобраза можа быць іншым). Але ж Кіса! Вы ад яго такога дакладна не чакаеце! Немалады, млявы і нерашучы напачатку, ён перажывае няпросты этап у выглядзе «гіганта думкі, бацькі рускай дэмакратыі і асобы, набліжанай да імператара» і ператвараецца ў сапраўднага драпежніка, які вынюхвае багатую здабычу, і ў выніку выводзіць з гульні найгалоўнейшага канкурэнта праз забойства. За тым, як танцуе Кіса, назіраць цікава цягам усяго спектакля, бо яго рухі мяняюцца, а напрыканцы яны надзвычай экспрэсіўныя — чалавек нібыта адпусціў унутраныя тармазы. Гэта цудоўна здолеў увасобіць заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэкерэс (другім выканаўцам ролі з’яўляецца Андрэй Душачкін). «Заводзіць» Вараб’янінава заўвага Астапа: «Навошта грошы таму, хто не ўмее іх траціць?»
Што да крылатых выразаў Ільфа і Пятрова, то Сяргей Кавальчык, як аўтар інсцэніроўкі, пастараўся іх захаваць, хоць гэта няпростая задача — перанесці раман у дзве тэатральныя дзеі. А выразы могуць быць «на слыху» нават у тых, хто не чытаў раман. Бо гэтыя словы даўно «пайшлі ў народ» і добра прыжыліся. Яны, а таксама гумар Ільфа і Пятрова стануць прыцягальным момантам для сталых гледачоў, якія і кнігу чыталі, і экранізацыі ведаюць, — цікава ж, чым можа здзівіць тэатр?
А вось моладзь, хутчэй за ўсё, пойдзе на музычны спектакль (бо ўжо ведае бліскучы хіт «Граф Монтэ-Крыста» ў гэтым жа тэатры і ад тых жа пастаноўшчыкаў), а там і да першакрыніцы пацягнецца. Адно другога не адмаўляе. Тым больш што пастаноўка створана з павагай да аўтарскага тэксту, але па-сучаснаму драйвовая і зараджае нечаканай энергетыкай, напаўняе тонкай іроніяй, якая дапамагае ўспрымаць наш стракаты свет і такіх розных людзей, што яго насяляюць.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА