У якіх сферах ужо выкарыстоўваюцца беларускія тэхналогіі ў галіне штучнага інтэлекту, расказаў БелТА першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніс Каржыцкі падчас IV Міжнароднага форуму IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі».
«Штучны інтэлект мяняе свет, адкрываючы беспрэцэдэнтныя магчымасці і ствараючы новыя выклікі. Наша задача — зразумець гэтыя змены, вызначыць іх уплыў і знайсці шляхі эфектыўнага і адказнага ўкаранення тэхналогій», — сказаў Дзяніс Каржыцкі.
Сёння Беларусь можа па праве ганарыцца дасягнутымі вынікамі ў галіне штучнага інтэлекту, падкрэсліў першы намеснік старшыні ДКНТ. Краіна валодае кампетэнцыямі як у галіне распрацоўкі алгарытмаў па стварэнні тэхналогій ШІ, так і па прымяненні гэтых тэхналогій для вырашэння практычных задач. «У нашай краіне захаваны спецыялізаваныя даследчыя інстытуты, адным з якіх з’яўляецца Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі, напрацавана практыка па ўкараненні інтэлектуальных сістэм у такія сферы, як ахова здароўя, лагістыка, маркетынг, фінансы і адукацыя. Усё гэта стала магчымым дзякуючы згуртаваным намаганням дзяржавы, навуковай супольнасці і бізнесу. У якасці прыкладу хацелася б адзначыць укараненне ШІ-рашэнняў для ранняй дыягностыкі захворванняў, аўтаматызаваныя платформы дыстанцыйнай адукацыі з адаптыўным кантэнтам, а таксама сістэмы аналізу вялікіх даных, якія аптымізуюць работу гарадскіх службаў і прадпрыемстваў», — адзначыў ён.
- «Правядзенне даследаванняў у галіне штучнага інтэлекту ў інтарэсах пошуку эфектыўных рашэнняў і іх прымянення ў розных сферах жыццядзейнасці, галінах эканомікі — гэта адна з асноўных задач, якую вырашае айчынная навука. Аднак дасягнутыя вынікі з’яўляюцца толькі першым крокам на шляху да пабудовы высокатэхналагічнай будучыні», — звярнуў увагу Дзяніс Каржыцкі.
Асаблівае значэнне для Беларусі набываюць такія кірункі развіцця штучнага інтэлекту, як інтэграцыя ШІ ў дзяржаўныя сэрвісы для фарміравання разумнай лічбавай дзяржавы, стварэнне нацыянальнай інфраструктуры для захоўвання і апрацоўкі даных, якая адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі і празрыстасці. А таксама развіццё сістэм інтэлектуальнай падтрымкі кіраўніцкіх і медыцынскіх рашэнняў, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, адукацыйных праектаў і міжнародных калабарацый, якія пашыраюць гарызонты кампетэнцый беларускіх спецыялістаў.
Кіраўніком дзяржавы вызначаны прыярытэтныя для развіцця дзяржавы кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, на якіх будуць канцэнтравацца меры дзяржаўнай падтрымкі. Тэхналогіі штучнага інтэлекту вызначаны як самастойны кірунак развіцця.
IV Міжнародны форум IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі» аб’яднаў вядучых вучоных, інжынераў, прадстаўнікоў бізнесу, дзяржавы і адукацыі, каб абмеркаваць ключавыя тэндэнцыі і перспектывы развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту. Гэта мерапрыемства — цэнтральная пляцоўка года для прэзентацыі айчынных распрацовак, абмену вопытам і пошуку новых партнёраў у сферы ШІ і робататэхнікі.
Фота БелТА