Рашэнне аб прыгарадных чыгуначных зносінах паміж Оршай і Віцебскам і Смаленскам прынята Вышэйшым дзяржаўным саветам Саюзнай дзяржавы. Па выніках пасяджэння ў Маскве падпісаны адпаведны дэкрэт ВДС, паведамляе БелТА.
Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў па выніках пасяджэння падзяліўся з журналістамі некаторымі падрабязнасцямі: «Паводле даных нашых міністэрстваў транспарту, якія дакладвалі па дадзеным пытанні, арганізацыя гэтых чыгуначных зносін пачнецца ўжо ў бліжэйшы час. Мы спадзяёмся, што Дзень яднання, які мы святкуем у пачатку красавіка, ужо будзе адзначаны магчымасцю для жыхароў прыгранічных абласцей — Смаленскай і Віцебскай — карыстацца гэтай паслугай».
Пры гэтым будуць захаваны ўсе льготы, якія ёсць зараз на пасажырскім чыгуначным транспарце, для ўсіх катэгорый грамадзян. «Тарыфы будуць даступнымі, перамяшчацца будзе камфортна. Гэта будуць электрацягнікі высокай камфортнасці. І хутчэй, і танней, чым іншымі відамі транспарту, у тым ліку аўтамабільным. Як было сказана сёння, па кожным маршруце штодзень будуць курсіраваць тры пары цягнікоў», — расказаў дзяржсакратар.
«Калі гэты пілотны праект атрымае запатрабаванасць, мы будзем пашыраць зносіны з іншымі абласцямі Беларусі і суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, якія мяжуюць», — дадаў Сяргей Глазьеў.