Падчас 9-й пазачарговай сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў былі зменены некаторыя прынятыя раней рашэнні і зацверджаны новыя. Пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, было шмат. Спынімся на некаторых з іх.
Каб было прыгажэй і камфортней
Гарадскія ўлады працягваюць работу па стварэнні камфортных умоў для мінчан. У мінулым годзе былі выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні. Асаблівая ўвага ўдзялялася рамонту дарог, дваровых праездаў, высадцы зялёных насаджэнняў і афарбоўцы фасадаў будынкаў.
У прыярытэце на 2025-ы — паляпшэнне тэрыторый жылой забудовы. Плануецца правесці работы ў 1033 дварах. Нагадаем, што ў 2022–2024 гадах штогод добраўпарадкоўвалася ў сярэднім 860 двароў.
У рамках паляпшэння стану прыдамавых тэрыторый плануецца рамонт праездаў, а менавіта — абнаўленне дарожнага пакрыцця плошчай 464,6 тысячы квадратных метраў. Можна заўважыць невялікае зніжэнне аб’ёму работ у параўнанні з мінулым годам, але разам з тым абяцаюць павысіць якасць рамонту.
У мінулым годзе поўная замена пакрыцця складала 55 % ад усіх праведзеных работ. У 2025-м гэты паказчык плануецца павялічыць да мінімум 71 %.
Але і гэта яшчэ не ўсё. У планах на 2025 год — рамонт 1885 тысяч квадратных метраў дарог Мінска. Аднак варта ўлічыць, што гэта лічба можа змяніцца пасля вясновага агляду. Асаблівая ўвага таксама будзе аддадзена лесвіцам, размешчаным як на прыдамавых тэрыторыях, так і на землях агульнага карыстання.
Адна з праблем, з якой сутыкаюцца жыхары сектара індывідуальнай жылой забудовы, — дрэнны тэхнічны і эстэтычны стан агароджаў зямельных участкаў. Таму ў 2025 годзе заменяць больш як 33 кіламетры агароджаў. Гэта ў два разы болей, чым у папярэднія гады. Ёсць і бліжэйшыя планы: вясной гарадскія ўлады будуць прыводзіць у парадак тэрыторыі агульнага карыстання, што знаходзяцца побач з прыватнымі ўчасткамі, у тым ліку зоймуцца іх азеляненнем.
Інвестыцыі ў будучыню
Змены былі ўнесены ў зацверджаную раней Інвестыцыйную праграму Мінска на 2025 год. Рэшта бюджэту мінулага года ў памеры 3,6 мільёна рублёў будзе накіравана на будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Гэта шэсць аб’ектаў у Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — па два комплексы ў кожнай. Быў павялічаны да 1,8 мільярда рублёў і агульны аб’ём Інвестыцыйнай праграмы на бягучы год.
Паскорыць тэмпы развіцця інфраструктуры сталіцы закліканы дадатковыя сродкі, выдзеленыя на рэалізацыю розных будаўнічых праектаў. Адзін з прыярытэтных праектаў фінансавання — трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна. Так, 17,5 мільёна рублёў пойдуць на аплату работ на першым яе ўчастку. Яшчэ 8,5 мільёна рублёў выдзеляць на аплату будаўніцтва сістэмы водазабеспячэння з падземных крыніц. На рэканструкцыю і рэстаўрацыю капітальных пабудоў на вуліцы Чыжэўскіх і ў праездзе Чыжэўскіх спатрэбіцца яшчэ 7 мільёнаў.
А 3,4 мільёна рублёў гарадскія ўлады выдзяляюць на завяршэнне будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу на вуліцы Янкі Лучыны.
Новыя імёны на карце Мінска
Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб прысваенні новых назваў некалькім сталічным вуліцам і скверу. Часткай гарадскога ландшафту ў хуткім часе стане вуліца № 10, размешчаная ў раёне жылой забудовы на скрыжаванні вуліц Рафіева і Ясеніна. Яна атрымае назву — вуліца Бацькі Міная. Гэта даніна павагі Мінаю Шмырову — Герою Савецкага Саюза і камандзіру партызанскага атрада. А вуліца, якая злучае вул. Маршала Лосіка і вул. № 10, будзе насіць назву завулак Вяршынны.
Некаторыя вуліцы жылога комплексу «Утульны» таксама будуць перайменаваны. Так, вуліца № 6 атрымае назву «Дыпламатычная», бо побач плануецца размяшчэнне будынкаў дыпламатычнага корпуса. У сваю чаргу, вуліца № 7 будзе названа ў гонар Андрэя Грамыкі — выдатнага дзяржаўнага дзеяча, міністра замежных спраў СССР. Таксама разглядаецца магчымасць прысваення адной з вуліц жылога комплексу імя Анатоля Гурыновіча — вядомага дыпламата, міністра замежных спраў БССР.
А вось сквер на вул. Каржанеўскага, каля Палаца спорту «Курасоўшчына», ААТ «Інтэграл» і ўстановы «Мінскі гарадскі цэнтр алімпійскага рэзерву „Атлет“», цяпер будзе насіць імя Пятра Гайдэнкі. Гэта прызнанне заслуг генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання «Інтэграл» перад нашай краінай за ўклад у развіццё беларускай электроннай прамысловасці.
У дапамогу моладзі
З 1 верасня да 30 чэрвеня студэнты першых і другіх курсаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Мінска і Мінскага раёна маюць права бясплатна ездзіць у грамадскім транспарце горада. Тое ж самае датычыцца і школьнікаў. Праўда, для гэтага ім неабходны вучнёўскі білет ці даведка з указаннем населенага пункта пражывання і месца вучобы. Цяпер жа права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце плануецца распаўсюдзіць і на трэцякурснікаў дзённых аддзяленняў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Па словах дэпутатаў, гэтая мера заклікана матываваць маладых людзей атрымліваць працоўныя прафесіі. З цягам часу, магчыма, ёю змогуць карыстацца і непаўналетнія выпускнікі каледжаў, якія працягваюць адукацыю ў ВНУ па скарочанай форме навучання.
Аміна НАЗАРАВА