Нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у лiтаратуру» адзначаны шэраг расійскіх пісьменнікаў.
Узнагародамі адзначаны яркія, таленавітыя мастакі слова, якіх добра ведаюць і ў Расіі, і ў Беларусі. Гэта — празаік і публіцыст Алесь Кажадуб, літаратуразнаўца, паэт і перакладчык Любоў Турбіна, празаік, публіцыст, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Роман-газета» Юрый Казлоў. Усе яны на працягу многіх гадоў з’яўляюцца актыўнымі арганізатарамі беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў, удзельнікамі міжнародных творчых праектаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Маскве на пляцоўцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі з iх актыўным удзелам неаднойчы абмяркоўваліся розныя пытанні творчага літаратурнага, кнiгавыдавецкага ўзаемадзеяння.
Любоў Турбіна, Алесь Кажадуб — яшчэ і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дзякуючы руплівасці А. Кажадуба ў свой час на старонках «Литературной газеты» выходзіў беларускі дадатак «Лад». Многія паэты і празаікі змаглі надрукаваць у перакладзе на рускую мову свае вершы, апавяданні. Любоў Мікалаеўна Турбіна — даследчык творчасці Янкі Брыля, Івана Мележа, Міхася Стральцова, іншых беларускіх класікаў і сучасных літаратараў. Юрый Казлоў падрыхтаваў і выпусціў у свет некалькі нумароў «Роман-газеты» i «Детской роман-газеты».
У Мінску ў апошнія гады ў розных выдавецтвах пабачылі свет некалькі новых кніг прозы Алеся Кажадуба і Юрыя Казлова.
Мікола БЕРЛЕЖ