Top.Mail.Ru

Расказваем гісторыю шматдзетнай сям’і, якая вырашыла пераехаць з Германіі ў Беларусь

Вольга і Павел Шнайдэры нарадзіліся ў Расіі, але жылі ў Германіі. Іх карані сыходзяць да паволжскіх немцаў, якія пасля распаду Савецкага Саюза ў 1990-я гады масава туды з’язджалі. Пасля 25 гадоў жыцця ў Германіі сям’я адважылася на пераезд і новым домам выбрала Беларусь, а калі дакладней — аграгарадок Жыровічы ў Гродзенскай вобласці.


У сям’і Шнайдэраў 7 дзяцей — пяцёра сыноў і дзве дочкі, старэйшаму сыну — шаснаццаць, малодшай дачушцы — тры. Сужэнцы адзначаюць, што не планавалі такую вялікую сям’ю, проста так атрымалася. Яны нават і не разлічвалі, што ўсё так будзе, бо першае дзіця ў іх з’явілася праз некалькі гадоў жыцця ў шлюбе і далося нялёгка. Але потым сям’я станавілася ўсё большай, чаму Вольга і Павел былі вельмі рады. Калі заходзіш да іх у хату, адразу адчуваюцца цеплыня і каханне.

Вольга цэніць клопат мужа. «Мы падтрымліваем адно аднаго. Смела магу сказаць, што, калі б не мой выдатны муж, я б не справілася. Ён мая апора. Вядома, я таксама яго падтрымліваю, бо ён здабытчык у сям’і. Але пры гэтым Паша заўжды прымае ўдзел у выхаванні дзяцей. Гэта таксама важна».

«Не думаў, што беларусы настолькі прыязныя»

У Беларусі шматдзетная сям’я жыве з красавіка гэтага года. Рашэнне аб пераездзе было ўзважанае, выношвалася доўга, каля двух гадоў. Беларусь выбралі па парадзе знаёмых. Муж і жонка кажуць, што да гэтага асабліва нічога не ведалі аб нашай краіне. Так, чулі, што беларусы прыязныя і адкрытыя. «Але я падумаць не мог, што настолькі. Мы вельмі хутка пасябравалі з суседзямі, нас добра прынялі», — усміхаючыся, распавядае Павел. Муж і жонка кажуць, што ў Германіі іншы менталітэт, і там проста не прынята так сябраваць з суседзямі, кожны сам у сабе. Гэта не дрэнна і не добра, проста факт, які маіх суразмоўцаў не задавальняў.

Не сышліся Шнайдэры і ў поглядзе на свет і сямейныя каштоўнасці. «Нам і нашым дзецям не блізкі той парадак дня. І нібыта ўсе гавораць пра свабоду слова, але мяне нават у школу выклікалі з-за таго, што маім дзецям незразумелая наяўнасць мноства гендараў і чаму ёсць аднаполыя шлюбы. Атрымліваецца нейкая аднабаковая свабода слова», — патлумачыла Вольга.

Сужэнцам таксама была важная даступнасць медыцынскага абслугоўвання, бо іх сын мае інваліднасць. У Грышы з нараджэння анамалія развіцця ніжняй сківіцы, з-за чаго ён не здольны дыхаць самастойна. Яму неабходна трахеастома, якая забяспечвае доступ паветра. Вольга кругласутачна павінна знаходзіцца побач з ім, каб забяспечыць неабходны догляд і падтрымку: 

«У Беларусі, каб атрымаць дапамогу, не трэба чакаць месяцамі, не было праблем з афармленнем інваліднасці. У Германіі ўвесь догляд забяспечвала я. Мяняла трахеастомы, рабіла і іншыя працэдуры. Пашанцавала, што ў мяне сярэдняя медыцынская адукацыя, гэта дазволіла аказваць дапамогу сыну».

У Германіі Грышу аднойчы выпісалі з бальніцы на наступныя суткі пасля аперацыі, таму што не было палаты... Дарэчы, Павел браў працяглы адпачынак, каб дапамагчы Вользе, вазіў сына да ўрачоў, быў побач і дапамагаў. У Мінску сям’і прапанавалі правесці аперацыю па аднаўленні сківіцы — гэта можа дапамагчы Грышы дыхаць самастойна. У Германіі казалі, што такую аперацыю можна зрабіць толькі да 14 гадоў.

«Дзецям тут добра»

«Жыровічы выбралі, бо гэта духоўны цэнтр Беларусі. З вокнаў нашага дома відаць храм. Мы веруючая сям’я, і даступнасць царквы таксама важная для нас», — падзяліўся Павел. Дарэчы, такіх сем’яў-перасяленцаў у Слонімскім раёне ўжо пяць, тры — з дзецьмі. Усе яны добра абжыліся і будуюць новае жыццё.

Зразумела, што бацькі задаволены пераездам. А дзеці? Моўнага бар’ера ў іх не было — у сям’і аднолькава гучалі і нямецкая, і руская мовы. Але ўсё ж... За гарбатай я спыталася, ці не сумуюць па Германіі і таму, што там засталося. 

І ўсе ўпэўнена адказалі: «Не». 

Не сумуюць і не шкадуюць. У Беларусі іх прынялі цудоўна. Але Вольга за гэты момант перажывала: «Я пераехала ў Германію, калі мне было 12 гадоў. І адаптацыя праходзіла вельмі цяжка, мяне да канца так і не прынялі ў класе. Так што, вядома, я перажывала за дзяцей. Але, як аказалася, дарэмна. З імі знаёмяцца, аднакласнікі сябруюць і дапамагаюць. Іх не крыўдзяць».

Вольга і Павел узрадаваліся таму, што ў Беларусі аказваецца такая падтрымка шматдзетным і што гэты статус атрымліваюць сем’і з трыма і больш дзецьмі. «Ільготы і прэферэнцыі вельмі дапамагаюць. Падабаецца даступнасць школ і дзіцячых садкоў, вядома, узровень адукацыі ўзрадаваў. Хлопчыкі і дзяўчынкі сапраўды вучацца і атрымліваюць якасныя веды. Дзецям тут добра», — адзначыў Павел.

Вольга займаецца дзецьмі, а Павел вырашыў адкрыць сваю справу. Ён паспеў пазнаёміцца з жыхаром Жыровіч, які трымаў гандлёвы аб’ект, але з часам перагарэў і прапанаваў Паўлу купіць яго. Цяпер мой суразмоўца — індывідуальны прадпрымальнік, і справы ў яго ідуць добра. Дарэчы, мінулыя ўладальнікі вельмі падтрымалі і дапамаглі з дакументамі.

Як расказала намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэса Юшкевіч, усім сем’ям аказваецца дапамога і падтрымка. «Людзі выбіраюць наша месца жыхарства невыпадкова. Яны бачаць, якія ўмовы ствараюцца для дзяцей і сем’яў, якія ільготы і магчымасці для развіцця прадстаўляюцца», — адзначае яна. Людзі бачаць, якія намаганні прыкладаюцца для падтрымкі, бачаць, што ўсё пабудавана на прынцыпах клопату і ўвагі. Прымаюцца ўсе меры для таго, каб забяспечыць камфортныя ўмовы для пражывання і развіцця. «З красавіка 2025 года мы падалі ўсе неабходныя ільготы для сем’яў. Гэта пацвярджае нашу гатоўнасць падтрымаць тых, хто выбірае нашу зямлю», — рэзюмавала намеснік старшыні райвыканкама.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю