Top.Mail.Ru

Расказваем, як абласны цэнтр адзначае сваё 898-годдзе

«Гродна — горад шчаслівых людзей»

Свята ў горадзе над Нёманам пачалося яшчэ 2 верасня. Урачыстасці працягнуцца і заўтра. Як заўсёды, гарадская адміністрацыя падрыхтавала шырокую праграму і запрашае ўсіх далучыцца да святкавання. Старшыня Андрэй ХМЕЛЬ адказаў на пытанні журналістаў.

Ужо даўно стала традыцыяй рабіць урачыстасці ў Гродне з размахам, Дзень горада не выключэнне. Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель у рамках прэс-канферэнцыі растлумачыў, чаму гэтым момантам надаецца такое вялікае значэнне. Нягледзячы на тое што ў большай ступені фестывалі і святы адносяцца да сацыяльнай нагрузкі, профіт ад іх не варта недаацэньваць. Той жа Фестываль нацыянальных культур ужо 30 гадоў таму пазіцыянаваў Гродна як турыстычны горад, які рады ўсім незалежна ад культурнай і нацыянальнай прыналежнасці.

— Акрамя таго, святы і фестывалі ствараюць брэнд горада, які выдатна раскручваецца ў век сацыяльных сетак. Усё ляціць у інтэрнэт, да нас едуць блогеры з розных куткоў, здымаюцца шоу і ТБ-перадачы. Атрымліваецца магутная інвестыцыя ў будучыню, гэта разумеюць спонсары і бізнесмены, якія ахвотна бяруць удзел у фінансаванні культурна-масавых мерапрыемстваў, — адзначыў Андрэй Хмель. — Але ніхто і не гаворыць, што на святах горад не зарабляе. Прыбытак ёсць, і не толькі ў горада, але і ўсе аб'екты гандлю і сэрвісу робяць выручку, а гэта ў тым ліку і падаткі, якія пойдуць на далейшае развіццё Гродна.

  • Кожны год улады горада імкнуцца нечым парадаваць і здзівіць! І святочная праграма «Гродна — горад шчаслівых людзей» ужо прыйшлася даспадобы. У суботу гістарычны цэнтр Гродна ператворыцца ў вялізную інтэрактыўную пляцоўку. Жыхароў і гасцей абласнога цэнтра чакае насычаны марафон фестываляў, канцэртаў і ўнікальных забаў, якія ахопяць галоўныя гарадскія плошчы і паркі. Як адзначыў Андрэй Хмель, гарадскія ўлады і жыхары абласнога цэнтра ганарацца сваім горадам, яго гісторыяй і архітэктурай. Кожны гродзенец любіць свой горад і клапоціцца аб ім.

У рамках падрыхтоўкі да свята ў горадзе з'явіліся новыя аб'екты: элементы сквера Дарвіна, спартыўныя пляцоўкі. Пасля Дня горада адкрыецца басейн «Лазурны». Гэта важныя захады для развіцця горада. А свята — гэта заўсёды радасць і магчымасць адпачыць.

— Гарадскія ўлады і насельніцтва добра папрацавалі, і зараз усе могуць атрымаць асалоду ад атмасферы ўрачыстасці, прагуляцца па вулачках і дворыках. І я асабіста віншую ўсіх жыхароў Гродна з Днём горада! Жадаю нам усім руху наперад, працвітання і мірнага неба над галавой, — сказаў мэр.

Што ў праграме

Суботняя раніца пачнецца з гастранамічных і эстэтычных адкрыццяў. У 12.00 на плошчы Леніна адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня горада і традыцыйнага, ужо XІІІ Фестывалю сыру, дзе разгорнуцца маштабныя дэгустацыі ад найлепшых вытворцаў. Адначасова з гэтым парк Жылібера прыме апетытны фестываль агародніны «#СочноЯркоПолезно!», а вуліца Ажэшкі ператворыцца ў квітнеючы аазіс дзякуючы фларыстычнаму конкурсу «КВЕТКА-ФЭСТ».

На працягу ўсяго дня вуліца Савецкая і парк Жылібера стануць месцам работы тэматычных кварталаў: гістарычных, этнаграфічных, маладзёжных і тэатральных. Кожны госць зможа ўключыцца ў новы гарадскі праект — атрымаць спецыяльны «Пашпарт удзельніка свята», прайсці 10 святочных лакацый, сабраць унікальныя пячаткі і выйграць памятны сувенір. Яшчэ адной кропкай прыцягнення стане вулічная выстаўка «Фотасушка», дзе пакажуць найлепшыя кадры Гродна вачыма саміх гараджан.

З поўдня на галоўнай сцэне на плошчы Леніна стартуе музычны марафон «#ЛучшийГородЗемли» з удзелам юных зорак «X-Фактар-Дзеці», групы «Аўра» і ансамбля «Рада Дар». Да вечара градус эмоцый дасягне максімуму. Выступіць запальная рок-група «Харизма» . Затым выйдзе хедлайнер свята, папулярны расійскі выканаўца Мот, які выканае свае лепшыя хіты. У 22.00 неба над Гроднам расфарбуе святочны феерверк, пасля якога музычную кропку ў свяце паставіць кавер-гурт «Тени».

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю