У Гродзенскім заапарку ёсць вялікая адкрытая сажалка, дзе жывуць вадаплаўныя птушкі. Ім тут камфортна і ўтульна, а цяпер яшчэ і бяспечна! Усё дзякуючы новаму супрацоўніку — Аміры, якая ўжо месяц працуе тут вартаўнічым сабакам. З новым супрацоўнікам мяне пазнаёміла загадчыца аддзялення птушак Гродзенскага заапарка Эльвіра Маразевіч. Я прыйшла ў першай палове дня, калі хвастатая ахоўніца адпачывала пасля начной змены.
Да Аміры ў заапарку працавала лайка Вейса, але яна ўжо старэнькая, таму можна лічыць, што апошнія пару гадоў яна на пенсіі. Гэтай сітуацыяй скарысталіся лісы.
Апошнім часам іх стала значна больш у горадзе, яны проста перастаюць баяцца людзей. У горадзе і ў радыусе трох кіламетраў ад населенага пункта паляванне на жывёл забаронена, а таксама забаронена стральба ў жылых раёнах. Таму жывёлы не адчуваюць ніякай небяспекі і ходзяць спакойна.
— Лісы панадзіліся хадзіць да нас на сажалку і паляваць на птушак. Мы спрабавалі самыя розныя спосабы, якія дапамаглі б гуманна адвучыць драпежнікаў ад сажалкі, але нічога не атрымлівалася. Тады вырашылі ўзяць у штатновага вартаўніка. Былі розныя прапановы, ад лайкі да паляўнічага сабакі.
Але вырашылі выбраць супрацоўніка ў прытулку, адправіліся ў «Добрае сэрца», там і пазнаёміліся з Амірай, — расказала Эльвіра Маразевіч.
Аміры 6 гадоў. Лёс у яе няпросты. Нейкі час яна жыла ў прытулку, потым яе забралі ў новы дом. Але новае месца аказалася непрыемным, жывёлу крыўдзілі, таму супрацоўнікі прытулку забралі яе назад. Аміра вельмі добрая, але сарамлівая, і валанцёры «Добрага сэрца» вельмі здзівіліся таму, што адбылося, калі прыйшлі работнікі заапарка.
— Там было шмат добрых сабачак, усе дагледжаныя, выхаваныя. Але Аміра нас скарыла. Яна сама выйшла, адціснула іншых жыхароў прытулку і села каля ног нашага начнога вартаўніка. І вырашылі, што раз яна нас выбрала, то яе і возьмем. Хоць валанцёры не хацелі нам яе аддаваць. Яны да яе вельмі прывыклі, — з усмешкай успамінае Эльвіра Маразевіч.
За месяц Аміра цалкам асвоілася ў новым доме. Спачатку насцярожана на ўсё глядзела, разведвала тэрыторыю. А цяпер і не скажаш, што раней яна тут не жыла. Тэрыторыю памеціла, усё абыходзіць смела, у яе ўжо выпрацаваўся свой маршрут. З яе з’яўленнем лісы ў заапарк больш не прыходзяць. Відаць, зразумелі, што тэрыторыя пад аховай. Нягледзячы на тое, што Аміру ніхто не дрэсіраваў, яна добра разумее каманды і ахоўвае жыхароў заапарка так, нібы гэта ўсё жыццё рабіла.
Усе прынялі Аміру вельмі добра! Яна стала паўнавартасным супрацоўнікам і з усёй адказнасцю падыходзіць да працы. Дарэчы, сабака не адзіны хвастаты працаўнік заапарка. Тут працуюць яшчэ тры коцікі, два — не публічныя, увагі не любяць. А вось Бася — сапраўдная зорка! Яна нават была намініравана на міжнародную прэмію «Мой ласкавы і патрэбны звер» («Калматы Оскар»). Яна палюе на мышэй і таксама вартуе птушак. Паколькі кошка любіць увагу, то часта выходзіць да гасцей заапарка.
Вераніка Казлоўская,
фота аўтара.