Адным з вектараў дзяржаўнай палітыкі, накіраваных на змякчэнне праблемы беспрацоўя і пашырэнне эканамічных магчымасцяў грамадзян, з’яўляецца развіццё самазанятасці і прадпрымальніцтва. Важны механізм у вырашэнні гэтых пытанняў — выдзяленне дзяржаўных субсідый. Даведаліся падрабязнасці працэдуры і паразмаўлялі з прадпрымальнікамі, якія скарысталіся гэтай магчымасцю.
Прывабная альтэрнатыва
Уключэнне беспрацоўных грамадзян у прадпрымальніцкую дзейнасць — прывабная альтэрнатыва традыцыйным формам занятасці насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, адзначае начальнік упраўлення дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне Гродзенскага аблвыканкама Вікторыя ГАРАЧАВА:
— Акрамя таго, працэс арганізацыі ўласнай справы садзейнічае стварэнню новых рабочых месцаў і тым самым зніжэнню напружанасці на рынку працы.
Такую магчымасць, напрыклад, выкарыстала жыхарка Гродна Алена ПАРАДЗІНА.
У яе свой касметычны кабінет, дзе яна аказвае паслугі па манікюры і педыкюры. Працу пачала ў маі гэтага года.
— Маё ранейшае месца працы закрылася, — расказвае Алена. — Трэба было шукаць новае, але неяк не ляжала душа да наяўных вакансій. Дзялілася сваімі перажываннямі з сяброўкай, якая і расказала мне аб субсідзіраванні. Яна таксама скарысталася гэтай падтрымкай і адкрыла рамонтную майстэрню, якой ужо больш за тры гады. Я падумала і таксама вырашыла паспрабаваць. Калі была ў дэкрэце, прайшла курсы па педыкюры і манікюры. Гэта было маім хобі — рабіла сабе і сяброўкам пазногці. Вядома, было хвалююча, але паспяховы прыклад сяброўкі надаў упэўненасці.
Алена стала на ўлік як беспрацоўная і звярнулася наконт адкрыцця сваёй справы і субсідзіравання. Прайшла навучанне, дзе слухачам растлумачылі тонкасці прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама спецыфічныя нюансы, пра якія трэба ведаць.
— Пасля ў мяне быў месяц на складанне бізнес-плана. Трэба было ўсё падрабязна распісаць, у тым ліку куды пойдзе субсідыя. Я ўсё зрабіла, у цэнтры занятасці дапамаглі ўсё скарэктаваць. Субсідыя стала вялікай падмогай. Вельмі радая, што атрымалася адкрыць кабінет. Так, пакуль я яшчэ напрацоўваю кліенцкую базу, але ўпэўнена: усё ў мяне атрымаецца!
«Працэдура празрыстая і зразумелая»
Сваім вопытам вядзення бізнесу падзяліўся яшчэ адзін жыхар Гродна Георгій ІВАШЫН. Пункту харчавання, які малады чалавек адкрыў у лесапарку Пышкі, 1 лістапада споўніўся год. Прадпрымальнік шмат гадоў працаваў у сферы грамадскага харчавання і паспеў назапасіць добры вопыт.
— Мне заўсёды хацелася займацца сваёй справай, — кажа ён. — У галаве была ідэя весці бізнес, але я не ведаў, чым менавіта жадаю займацца. Аднак думка пра гэта мяне ніколі не пакідала. Канчатковае рашэнне прыняў, калі быў у Мінску некалькі гадоў таму. Там натрапіў на блінную, фармат мне вельмі спадабаўся, і я вырашыў адаптаваць яго пад сябе. Аб субсідыі даведаўся з сацыяльных сетак, дакладна не ўзгадаю, у якой менавіта. Але мяне пост зацікавіў, я пачытаў і зразумеў, што трэба спрабаваць. Усё склалася вельмі ўдала.
Георгій, як і Алена, звярнуў увагу на камфортнасць усяго шляху. Працэдура атрымання субсідыі празрыстая і зразумелая, а інфармацыйнае суправаджэнне дапамагае не ўпусціць важнае.
— Лічу, што, калі нейкая ідэя прыйшла ў галаву, трэба спрабаваць. Можна бясконца доўга думаць, рыхтавацца, казаць сабе, што яшчэ не час. Але, па сутнасці, няма нейкага асаблівага моманту. Проста трэба ісці і рабіць, спрабаваць, памыляцца, — упэўнены Георгій. — Я ішоў смела, а атрыманыя сродкі сталі вялікай дапамогай. У маім выпадку субсідыя не пакрыла цалкам усе выдаткі, аднак вялікі пласт закупак я змог закрыць. І вось ідзе ўжо другі год маёй прадпрымальніцкай дзейнасці.
Лічбы і факты
За дзевяць месяцаў 2026 года пры фінансавай падтрымцы службы занятасці Гродзенскай вобласці ўласную справу адкрыў 121 грамадзянін. Большасць новаспечаных бізнесменаў (71 чалавек) зарэгістраваліся як ІП, 47 выбралі самастойную прафесійную дзейнасць, а трое заняліся рамесніцтвам.
Да старту жыхары рэгіёна падыходзяць свядома: 91 працэнт беспрацоўных перад атрыманнем субсідыі прайшоў бясплатнае навучанне асновам прадпрымальніцтва.
У лідарах па кірунках бізнесу — будаўнічая сфера (адстройванне, электрамантаж, сантэхніка), грузаперавозкі і таксі, аўтасэрвіс, рознічны гандаль, а таксама сфера паслуг і рамяства.
На дынаміку выдзялення субсідый прыкметна паўплывалі новыя ўмовы для самазанятасці. Магчымасць працаваць легальна без рэгістрацыі суб'екта гаспадарання прыцягвае грамадзян значнымі падатковымі льготамі. Пры гэтым за імі поўнасцю захоўваецца права на атрыманне стартавай субсідыі з бюджэту.
Субсідыя беззваротная, але мэтавая
Вікторыя Гарачава звяртае ўвагу на важны нюанс: субсідыя беззваротная, але мэтавая. Яе атрымальнік бярэ на сябе абавязацельства выдаткаваць сродкі на мэты, заяўленыя ў яго бізнес-плане, і павінен пацвердзіць гэта. Рашэнне аб выдзяленні субсідыі прымаюць на працягу 10 дзён пасля падачы дакументаў. Пры станоўчым рашэнні заключаюць дагавор, грошы паступаюць на разліковы рахунак, пасля чаго можна зарэгістраваць ІП або самазанятасць.
— У Гродзенскай вобласці служба занятасці ахвотна ідзе насустрач жыхарам, якія хочуць адкрыць сваю справу. Людзі вырашаюць працаваць на сябе з самых розных прычын. І мы ставім задачу не проста выдзеліць сродкі на адкрыццё справы. Для нас важна аказаць поўную інфармацыйную падтрымку. Яна ўключае інфармаванне і кансультаванне, навучанне асновам прадпрымальніцтва, садзейнічанне ў распрацоўцы бізнес-плана.
Субсідыя даецца, як правіла, у памеры да 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ з 1 лістапада 2026 года — 535,70 рубля); пры арганізацыі бізнесу ў сельскай мясцовасці — да 15 БПМ; калі дзейнасць звязана з укараненнем інавацый — да 20 БПМ. Грошы можна выдаткаваць на набыццё абсталявання, інструментаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг і іншыя мэты, звязаныя з развіццём уласнай справы.
— Галоўнае правіла: нельга выкарыстоўваць субсідыю не па прызначэнні, а выдаткаваць яе трэба на працягу трох месяцаў. Прадпрымальнік-пачатковец абавязаны весці бізнес мінімум 9 месяцаў на працягу 12-месячнага перыяду з моманту рэгістрацыі ІП або паведамлення падатковай аб пачатку дзейнасці.
У гэты час трэба спраўна плаціць падаткі і адлічэнні ў Фонд
сацабароны насельніцтва. Калі ўмовы дагавора парушаныя, грошы давядзецца вярнуць разам з працэнтамі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з асабістага архіва гераіні і з адкрытых крыніц